Падары “Бярозку” дзіцячаму дому! Акцыя набывае маштаб
У рэдакцыю часопіса “Бярозка” прыходзяць паведамленні-“справаздачы” ад чытачоў і аўтараў, членаў рэдкалегіі і проста добрых людзей, якія не засталіся раўнадушнымі да
закліку падарыць падпіску на выданне любому дзіцячаму дому краіны.
Сярэдняя школа № 12 Гродна вырашыла дапамагчы з падпіскай дзіцячаму дому ў пасёлку Панямунь і Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу. Калумніст часопіса “Маладосць” Канстанцін Касяк аформіў падпіску на адрас дзіцячага дома № 7 “Сем Я” на вуліцы Кіжаватава ў Мінску. Галоўны рэдактар часопіса Святлана Воцінава выбрала сталічны дзіцячы дом № 5 на Адзінцова. На той жа адрас аформлена падпіска і ўрачом-артапедам Андрэем Людчыкам. Віцебскаму дзіцячаму дому падорана падпіска ад члена рэдкалегіі “Бярозкі” Вольгі Русілка. Да акцыі далучыўся таксама часопіс “Вясёлка” і мастацтвазнаўца Галіна Багданава.
Нагадаем, што акцыя ініцыіравана Ірынай Клышэўскай, аўтаркай “Лістоў на хрэсніка” рубрыкі “Зярняткі веры”. Першым быў “падпісаны” дзіцячы дом у Радашковічах (на фота). Снежань, час тварыць дабро.
Падхапіце ініцыятыву, сябры! Афармляйце падпіску на часопіс “Бярозка” не толькі для сябе і родных, але і для тых, каму жадаеце святла і шчасця.
На добрую справу працуюць льготныя індэксы 74888 (індывідуальны) і 74879 (ведамасны).
Дзякуем за добрую душу!