У першы дзень каляндарнай вясны зрабілі для вас падборку вершаў сучасных беларускіх паэтаў пра вясну.
//
Stalag ist eine Abkürzung
von Stammlager (асноўны лагер)
— таксама нямецкая мова;
як яны вывучаюць сваю гісторыю?
ці ёсць у іх гэтак жа —
«неадназначныя месцы»?
што адбылося 8-га, 9-га траўня,
30-га красавіка?
што адбылося — хвіліна маўчання,
настаўніца замірае,
параза або вызваленне —
не можа прывесьці слова.
генацыдальны гвалт
зусім побач —
які ў гэтага будзе Abkürzung;
камяні тут апавядаюць,
але як звярнуцца да іх.
//
АНТЫЦЫКЛОН
у цэнтры антыцыклону
дым з коміна мкне
проста ўгару
антыцыклон
адкідае на перыферыю
ўсё
бежанцаў — на захад
нацыстаў — на ўсход
бойню — на поўдзень
розум — у нікуды
штось трымае душу
на месцы
ці то корань
ці то ланцуг
як яна зайздросціць
дыму з коміна
//
Калі з ранішняй кавай
выходзіш
на замроены гаўбец,
то радуесься,
што ўсе твае суседзі
яшчэ мілосьняцца ў снах,
і кветкі,
апаласнутыя
цёплым начным дажджом,
могуць нарэшце спакойна
пагаманіць
пра глыбокія раны
ўчарашняга дня.
//
Казка пра рыцара-валацугу і прынцэсу, якая марыла пра нож
У горадзе заквітнеў бэз,
Хоць трэці дзень лье дождж.
Яна найлепшая з прынцэс —
Прынцэса марыць пра нож.
А ў горадзе аніводнага прынца,
Пра цмокаў размовы нават няма.
Ён — вар’ят і вандроўны рыцар,
Пра першае яна гаварыла сама.
Ейны дом — гэта золата вітражоў,
У яго толькі пыл з дарог.
А ён ужо сто шляхоў прайшоў,
Бо яго даглядае Бог.
Рыцар сточыць на нож свой меч,
Пераплавіць у золата пыл.
Бо за аўру тонкіх плеч
Можна ўсё на яе капыл.
Ля маста ён прызначыў стрэчу.
Пад мостам не чуецца дождж.
Я казаў: ён вар’ят і галеча,
Нават меч ён стачыў на нож.
Эпілог.
Ён у ззяючых латах,
Яна, найвандроўнейшая з прынцэс, —
Двое крылатых вар’ятаў.
У горадзе квітнее бэз.
//
Нарэшце снег гарыць на чорным полі
І п’е усмак размоклая ралля,
І з кожнае адтуліны й расколіны
Бяжыць цурком дзіцятка ручая,
І ў небе клінам шумнае вяртанне,
І радасны гармідар у бары,
І дрэвы, натаміўшыся ў чаканні,
Ўжо чырванеюць веццем на вятры,
Вясна ідзе, і ёй ўсё роўна, дзе мы,
Дзе нас заспее ясны надыход,
Ці мы вадой нап’емся ў падзем’і,
Ці ў сонейка дапросімся даброт,
І я бяру, і п’ю вясну з прыгоршчы,
Палову пакідаючы журбе,
Бо ў гэты дзень, прыгожы і харошы,
Яшчэ мацней сумую па табе.
//
А калі заўтра пачнецца вайна
А калі заўтра пачнецца
А калі заўтра
А калі
А
Божа
Навучы мяне дыхаць
Так
Каб не забіраць паветра ў іншых
//
ЗАХАВАЦЦА
Ранкам 27-га дня чалавек выйшаў зь сябе.
І больш туды не вярнуўся.
Захавацца.
Дажыць
да вясны.
Дагартаць
пералётныя сны*.
Дапаліць
недапалены золак.
Дапісаць
кулямётнае сола.
Перабіць
усе стрэлкі,
парогі,
паролі.
Даіграць
зьненавідную [трэцюю]
ролю.
Выйсьці вонкі
зь сябе.
Й не вярнуцца
туды больш
ніколі.
//
Бліны
яна рабіла бліны
калі ён не хацеў есці
калі ён не хацеў жыць
калі ён не вярнуўся
калі ён напіўся
калі ён пайшоў у армію
калі ён ажаніўся
калі ён прыехаў з унукам
калі ён разводзіўся
яна рабіла бліны
Столькі пытанняў можна было задаць
а яна толькі
Еш, еш!
З мёдам? з сырам? з варэннем? са згушчонкай? са сметанай?
і зноў стаіць над патэльняй
памінкі
прайшоў год
няроўная тэкстура бліноў
кажа пра нядобрую любоў
якая затыкае рот
//
ТАМ
снег на платане ды пальме, снег на гары —
гэта не больш, чым рыфма да снегу ўнутры
сёння растáне, заўтра ізноўку ляжа,
а пра вайну й турму нічога не скажа
зрэшты, й сюды далятае водгулле бою,
ну а турму, як неба, носім з сабою
колькі стагоддзяў чакаць, пакуль за плячыма
разам раскрыюцца крылы «трэба» й «магчыма»?
пóкуль пытанні палошчуцца ў галаве,
году паскуднага труп пад мостам плыве
ззяе праспектаў чужых калядная казка;
пáдае зверху не снег — кіслародная маска
будзе вясна, пакліча «к слаўнай сяўбе»...
маску — спярша — на сябе
//
***
Зіма наўкол. Бялюткія чахлы
хаваюць боль пад цішынёй нібыта.
Дык вырвіся, вясна, і крыкам хлынь —
па ўсіх знявечаных, па ўсіх забітых.
Бо што ёсць чалавек? Адчай і гнеў.
Камяк цяпла без права ўратавацца.
Нас у шмаццё пасекла на вайне
любоўю каінскай — любоўю брацкай.
Зіма наўкол, нязводная зіма...
Рагоча ў вочы свету вечны люты.
Крычы, заходзься, сакавік... Дарма!
Тут больш ніхто не можа быць пачутым.
//
Непазьбежна вясны наступства:
што ні дзеўчына, то распуста,
зь Менску, з Горкі, з-пад самай Ніцы,
што ні дзеўчына, то ў спадніцы.
Захіснула вясна мне вочы —
агаляюць паненкі грудзі.
І з цырульні павольна крочыць
ці то дзеўчына, ці то пудзель.
//
Спатканьне
Я сустрэну цябе пад гарою,
Дзе вясна смачна пахне ральлёю,
Загарну ў тваё моцнае цела
Стогн душы сваёй захварэлай.
Хай астудзiць твая пяшчота
Горкi водар маёй адзiноты.
Апяку языком твае вусны...
Дужы вецер славянска-русы.
Прасьпявае былiну-казку
Пра зеленавокую ласку
Маладой i жаданай вясны,
Што прыходзiць у горкiя сны.
Зноў сустрэну цябе пад сасною,
І заплача сасна смалою.
—
Варона
Праз мароз i сьлязу,
У туман i вясну,
На крывую сасну,
На сiвую расу
Прыляцела i села варона.
На вароне гарэла карона.
Пахiснулася раптам варона, —
Паляцела i зьнiкла карона
У сiвую расу,
Пад крывую сасну,
За туман, за вясну,
За мароз i сьлязу.
З тых часоў i гукае варона,
І крычыць: — Дзе кар-р-рона, кар-р-рона?!
//
Ён прыйдзе.
Уночы.
I здыме зь мяне...
Усё, што захоча.
Лязом шмаргане.
Па скуры, па венах!
Ня вінен тут ён.
Па скронях, па сьценах —
густым прамянём!
I сінім, як існасьць,
і жоўтым, як шлях!
Мне б ферумам віскнуць,
як дзеці ў ясьлях,
пранізьліва-чыста
і тупа, як лёс.
Бялёсая крыста...
Дзе лёзам да сьлёз?..
Я босае неба
трымаю ў душы.
Яшчэ чаго трэба?
Памры і пішы
пранізьліва-чыста
і проста, як лёс,
крывавая крыста
ў разломах нябёс.
Да д’ябла, да бога,
да брата, да дна!
Якая зьнямога!
Якая вясна!
Скразьліва крывяніць
чысьцец, быццам лёс,
памерлая памяць
патрапіла ў плёс
пранізьліва-чыста
і сьмела, як сон.
Ружовая крыста,
нябёс парасон
аслоніць, прыкрые
ад неба, вады,
і дождж не амые
ад грэхаў сады,
каб потым духмяна
яны расьцьвілі
наўпрост на палянах,
бы ў душах былі...
__
Праспаў яшчэ адно ўскладаньне —
Арфея пахаваў Аід.
Вянок нясу ў руках я раньнем:
ля ўзгоркаў кветак шмат такіх —
журботна скінутых да ямін.
Ад гора ў горле згаслы стогн.
Зь пякельным болем прамаўлялі
са стужак чарназёмных сон
сябры яму ў апошні вырай.
А ў гэты час я мяту сьніў.
Ня ведаў я...
А голас ліры
разьбіўся ля капцоў магіл.
Прачнуўся я, адчуў нястачу.
Не, не асьлеп, не анямеў.
Душу я на імгненьне страціў...
Дзе той паэт, якога стрэў
над Шчарай ветахам вясновым?
Я неба слухаў немаўлём.
Ды толькі зараз зоркай новай
твой дух мне скажа:
«Й тут жывём...»
//
Сакавіцкая элегія
гаркавы пах вясны — прадвесьце адзіноты
плюс тонкі саладжавы пах парфумы
я адчуваю і душой, і скурай
я адчуваю крохка і празрыста
ёсьць час адчуць чужыя боль і страх
ледзь бачны рух пачуцьця ў гэтых зрэнках
пачнецца перакульваньне сусьвету
пачнецца перагортваньне старонак
агромністай, усім вядомай кнігі
ты — люстра, тут адбітыя фігуркі,
машынкі, дрэўцы, вулкі, хаткі, крамкі
ты — рэха ўсім вядомага хаосу
твой лёс абліты цёплым смачным ветрам