Да Дня закаханых зрабілі для вас падборку вершаў беларускіх паэтаў пра каханне.
Каханне ў беларускай паэзіі — гэта шчырыя прызнанні, шчымлівыя ўспаміны і нястрымныя эмоцыі. Мы сабралі для вас вершы беларускіх аўтараў і аўтарак, якія пранікнуць у самае сэрца!
Як сустрэну прыгожага, з хвалістым чубам,
Дык адразу успомніцца колішні, любы...
Толькі любым цяпер вось яго я назвала,
А тады не галубіла, не прызнавала.
І чаму, і чаму пазірала няміла?
Ці ж дзяўчо непакорных плячэй не любіла!
Ці ж яно, каб сагрэцца ў абдымках хлапчыны,
Не хадзіла, пазяблае, праз каляіны?
І кахала — не знала,
І любіла — дражніла...
Як сустрэну прыгожага, думаю — мілы...
//
Ноч твая — як тысяча начэй,
Калыханка маёй сьмерці.
А нож твой — як тысяча нажоў,
Чырвоная кроў майго жыцьця.
Ваганьнем каханьня,
Голымі і яснымі,
Чыстымі,
Мы нарадзілася адно дзеля аднаго.
І нараджаліся кожным разам
У штодзённасьці тваіх начэй,
У сьвяточнасьці тваіх нажоў,
У мімалётнасьці тваіх вачэй,
Дзе жывуць і сьмерць, і надзея, і кроў.
//
Дрэнна
Нармальна
Добра
Выдатна
Вельмі выдатна
Яшчэ не ацэнена
Ціхая засень старэнькай альтанкі.
Ціхае шчасце —
Шэпат каханкі.
Ціхія гукі.
Цёплыя рукі.
Лісця чаромхі вячэрняя споведзь.
Вусны дыханне спалохана ловяць.
Сіняя ціша
Зоркі калыша.
Крылаў птушыных апошнія ўзмахі.
Святло патушылі шэрыя гмахі.
Чуеш,
Як б’ецца
Сэрца ля сэрца?..
//
Як за пушчай, за лесам, за балотам з асакой,
У нядобрым месцы каля віру над ракой
Стаіць хата, ў хаце той мая каханая жыве.
Навакольны люд заве вядзьмаркаю яе.
Дзверы адчыні, каханая мая,
У сэрцы, у глыбіні, каханая мая,
Запалі агні, каханая мая.
Падары мне сына.
Па начох па-над хатай цягнецца дымок,
Беражы сваю маці, сцеражыся, панок.
Не хадзі ты да рэчкі, не хадзі да хаты той,
Бо нячыста сіла авалодае табой.
Дзверы адчыні, каханая мая,
У сэрцы, у глыбіні, каханая мая,
Запалі агні, каханая мая.
Падары мне сына.
Лешакі сакочуць, пачвары равуць,
Па чаратох русалкі арыі пяюць.
Совы разгукаліся, вые ваўкалак,
А я ў хаце з ведзьмай, і зараз я — вядзьмак.
Дзверы адчыні, каханая мая,
У сэрцы, у глыбіні, каханая мая,
Запалі агні, каханая мая.
Падары мне сына.
//
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві —
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві —
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.
//
Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.
//
Толькі Айчына і Зося -
Сёння мне ўцехай адзінай.
Сёння мне ўцехай адзінай,
Жалю і смутку прычынай.
Хто ж за любоў, за каханне
Даў мне пакуты такія?
Вашай я рады чакаю,
Добрыя сэрцы людскія.
Я панясу да магілы
Любасць да краю і Зосі,
Хоць мне любоў гэта ў сэрцы
Столькі няшчасцяў прыносіць.
//
Ну скажы:
навошта
Ты турбуеш пошту?
Не вазьму твайго пісьма,
Не чытаўшы, кіну.
А чаму?
Ды ты сама
Разумець павінна.
Не люблю ў жыцці маны...
Мы даўно не тыя, —
Адляцелі, нібы сны,
Мары маладыя.
Адляцелі, нібы сны,
Вясёлкавай стужкай.
У мяне растуць сыны,
У цябе — дачушка.
Дык скажы:
навошта
Ты турбуеш пошту?
//
Каб мне першабытны талент — уся пячора
дзівілася б на малюнкі, дзе ўсюды — Вы.
Шанцуе, нібы тапельцу: ад самага ўчора
да самага сёння глядзеў на Вас — і жывы!
I можна не чырванець — інтэрнет стрывае
наскальнае шчасце нахабнага вастрыя.
Як файна, што Вы — прыгожая і жывая!
I недзе — проста жывы — расчулены я.
//
І куды ж падзецца ад гэтай прагі,
неспатольнай ніводнай вядомай магіяй,
неўтрыманай ніякімі моцнымі кратамі,
яна шэпча адно — кратай,
яна просіць толькі адно — лашчы,
у спляценнях ценяў з целамі нашымі
дакранайся да самых падатлівых выгінаў,
гэта плынь, што нясе па вясне крыгі,
гэта так, як долу ўглядацца з вежаў —
навальніца, што стогнамі неба рэжа й
працінае на выдыху горнай ракой
тонкі спакой.
//
Я глядзела на свет,
А трэба было глядзець пад ногі,
Каб не спатыкнуцца і не расцягнуць звязкі.
Спачатку прывязкі, пасля перавязкі,
Тынкоўкі-замазкі, адмазкі,
Бязглуздыя казкі...
Зноў маўчыць тэлефон.
Цела- фон.
Для гульні ў сЭксафон.
Гэта проста джаз...
Jazz for pleasure
Jazz for fun
А пасля — у цэ-ла-фан,
Выкінуць,
І абавязкова сказаць што-небудзь суцяшальнае,
І пажадаць поспехаў.
Дзякую. І Вам — усяго добрага...
А злое — я пакіну сабе
І пастаўлю як сувенір на палічку.
Спадзяюся,
на іншым інструменце
Вы будзеце меней фальшывыць.