Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 25-26 траўня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Дабрачыннае pets-караоке і фэст народных рамёстваў «Вясновы букет» у Мінску, выстава аднаго дня «Казачны сусвет» у Гомелі, фэст «Магія вагню і святла» ў Лідзе, творчая сустрэча з аніматарам Міхаілам Тумелем у Вільні, тэатралізаваная экскурсія ў Беластоку, кніжны кірмаш у Варшаве, канцэрты, выставы, спектаклі — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ. 


Беларусь

Мінск

Дабрачыннае pets-караоке ў Мінску

Afiša

У пятніцу вечарам і да раніцы суботы ініцыятыва «Paws Up!»  ладзіць у прасторы «Flame Place» дабрачыннае pets-караоке.

Паглыбіцеся ў свет тэлеперадач з дзяцінства і станеце зоркай з мікрафонам у руках. 

Абяцаюць актыўнасці для ўсіх, хто стаміўся ад руціны, конкурсы для тых, хто вельмі любіць падарункі. 

Будзе і аўкцыён, дзе кожны змагаецца за ўпадабаную карціну і галоўнае... прапануюць запальваць на танцпляцы пад трэкі 2000-х найлепшых дыджэяў!

Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку полацкага прытулку для жывёл «ДРУГ».

Фэст народных рамёстваў «Вясновы букет» у Мінску

Afiša

У суботу, 25 траўня, у Верхнім горадзе адбудзецца фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет».

Чакаецца каля 400 майстроў з усёй Беларусі, якія і работы свае прывязуць, і майстар-класы наладзяць, і фальклорныя калектывы на сцэне прадставяць. 

Майстры пачнуць з’язджацца з самага ранку і будуць радаваць вас да вечара.


Гомель

Выстава аднаго дня «Казачны сусвет» у Гомелі

Afiša

У суботу, 25 траўня, у філіяле Веткаўскага музея адбудзецца выстава аднаго дня «Казачны сусвет».

Гэта выстава знакамітага майстра-разьбяра Барыса Васількова. Барысу Міхайлавічу напярэдадні выставы споўніцца 95 год! 

Разьбой па дрэве ён пачаў займацца яшчэ падлеткам. А ўсе экспанаты да гэтай выставы майстар зрабіў у 2023-24 годзе! Уяўляеце?

Выставу можна будзе пабачыць толькі 25 мая. Таму не прапусціце!

Ліда

Фэст «Магія вагню і святла» ў Лідзе

Afiša

У суботу, 25 траўня, у Лідзе — фэст «Магія вагню і святла».

У праграме — агністыя пастаноўкі і перформансы з агністымі шарамі, шастамі, вяроўкаміі, веерамі і мноствам іншых сродкаў утаймавання агню. 

Нумары з жывым агнём і светлавымі эфектамі будуць дапоўненыя фінальным піратэхнічным шоу. 

Абяцаюць і майстар-класы ад найлепшых фаершчыкаў Беларусі. 

Яшчэ ў праграме — «Жывая гісторыя» ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі і выступы сярэднявечных гуртоў.

Латвія 

Рыга

Літаратурна-музычная імпрэза ў Рызе

Afiša

26 траўня ЛТБК «Сьвітанак» запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу.

Мерапрыемства прысвячаецца:

100-гадоваму юбілею геніяльнага пісьменніка і аднаго з нацыянальных сымбаляў Беларусі — Васіля Быкава,

140-м угодкам з дня нараджэння Вольгі Сахаравай, беларускай літаратаркі часоў міжваеннай Латвіі.

Таксама адбудзецца прызентацыя кнігі «Круглая Square» Васіля Еўдакімава, аднаго з кіраўнікоў беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі.

Літва 

Вільня

Творчая сустрэча з аніматарам Міхаілам Тумелем у Вільні

Afiša

У суботу, 25 траўня, у CreateCulture Space адбудзецца творчая сустрэча з рэжысёрам-аніматарам Міхаілам Тумелем.

Таксама будзе паказ анімацыйных прац студэнтаў праграмы «Візуальны дызайн» ЕГУ, створаных у межах пяцідзённага майстар-класа разам з рэжысёрам. 

Прыходзьце пазнаёміцца з хітрыкамі анімацыі, паглядзець працы Міхаіла Тумелі, убачыць, што паспелі зрабіць студэнты ЕГУ ў межах серыі варкшопаў, а таксама задаць пытаннечкі і паразмаўляць пра анімацыю.

Польшча

Беласток

Тэатралізаваная экскурсія «Маленькія таямніцы вялікага двара» ў Беластоку

Afiša

У суботу, 25 траўня, беларусаў Беластока клічуць на тэатралізаваную экскурсію «Маленькія таямніцы вялікага двара».

Баярын Васіль Барташэвіч (шляхціц і былы соймікавы рубайла), у адсутнасці Яна Клеменса Браніцкага, час ад часу шпацыруе ўначы алеямі парка і марыць аб былой велічы Рэчы Паспалітай. 

Што за скандалы вакол Браніцкага і яго жонкі? 

Як сплятаецца дзяржаўная палітыка і прыватная паранойя дробнага патрыёта?

Хто ж замахваўся на Аўгуста ІІІ? Як парадзіць з шэрачковай шляхтай? 


Што незвычайна — то тут, то там ён знаходзіць галаваломкі, запіскі і іншую драбязу. Куды ж яно ўсё вядзе? 

Без дапамогі не разабрацца! 

А тут яшчэ пан Гардзей насустрач — той самы закляты сябар і сусед, з якім яны столькі часу сварацца пра межы ўчасткаў... паходзе, без бойкі не абыйсціся!

Чым скончыцца бой на шаблях?

І пры чым тут амуры пакаёўкі Жозі і влоскага фігляра Петруччо?! 


Пра ўсё даведаецеся! 

Варшава

Беларускі стэнд на Варшаўскім кніжным кірмашы

Afiša

З 23 па 26 траўня ў Варшаве адбудзецца кніжны кірмаш. Беларускія незалежныя выдаўцы бяруць удзел!

Тут можна будзе набыць кнігі выдавецтваў SkarynaPress, Chabor, hochroth Minsk, Miane Niama, «Янушкевіч», Słowianka, Полацкія лабірынты, Fundacja Kamunikat.org, Gutenberg Publisher і іншых.

Дабрачынны канцэрт «Да волі» ў Варшаве

Afiša

У суботу, 25 траўня, у Варшаве адбудзецца дабрачынны канцэрт у падтрымку шэлтара для палітвязняў «Да волі».

Удзел бяруць: Памідораў, «Вольныя птахі», Вячаслаў Кміт, Даніла Вашкевіч, «Навошта», Znak stop 

А яшчэ будзе БЧБ-стэндап ад Ігара Банцэра.

У праграме таксама: 

* Дранікі і напоі за данаты 

* Забавы 

* Душэўныя размовы


Чакае вас і кірмаш, дзе кожная пакупка стане звяном у ланцугу дапамогі палітвязням, напаўняючы іх дні надзеяй. 

Кракаў

Варштаты па ткацтве паясоў для дзетак і дарослых у Кракаве

Afiša

Выходнымі, 25 і 26 траўня, у Кракаве ладзяць майстар-класы па ткацтве традыцыйных паясоў.

Пад далікатным кіраўніцтвам майстрыні Волі Валько вы дакранецеся да гэтай старажытнай тэхнікі, даведаецеся аб асаблівасцях ткацтва паясоў у Беларусі, іх штодзённым і сакральным значэнні. 

І, вядома, раскажаце свае ўласныя гісторыі, бо кожная тканая рэч — гэта унікальнае спалучэнне народнай традыцыі і ўнутранага свету стваральніцы ці стваральніка. 

Чэхія

Прага

Кангрэс па палітвязнях #WithoutJustCause ў Празе

Afiša

У Празе праходзіць кангрэс #WithoutJustCause.

Гэта першае пасля падзей 2020 года буйное экспертна-палітычнае мерапрыемства, прысвечанае крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамозе тым, хто прайшоў праз рэпрэсіі. 

Удзел бяруць чальцы вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый і гуманітарных ініцыятываў, беларускія эксперты ў галіне права, беларускія і замежныя палітыкі і дыпламаты, а таксама былыя палітзняволеныя і іх сямейнікі, якія могуць сведчыць пра рэальнае становішча тых, хто знаходзіцца ў зняволенні. 

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.