Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 28-29 кастрычніка

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Сямейная імпрэза «Таямніцы старога музея» ў Мінску, фестываль жалудоў, чытка п'есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты» ў Берліне, фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA і фестываль Беларускай бардаўскай песні ў Беластоку, а яшчэ майстар-класы, выставы, канцэрты — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Таксама на гэтых выходных беларусы па ўсім свеце ўшануюць памяць ахвяраў «Ночы расстраляных паэтаў». 

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У тым ліку 22 літаратары. Кожны год у гэты дзень праводзіцца акцыя памяці пад сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў».

Акцыя традыцыйна ладзілася ў «Курапатах». Але па зразумелых прычынах ужо трэці год запар мерапрыемствы «Ночы расстраляных паэтаў» пройдуць за мяжой.

Дзе і як беларусы ўшануюць памяць ахвяраў «Ночы расстраляных паэтаў»? Расклад мерапрыемстваў глядзіце тут альбо тут.


Беларусь

Мінск

Сямейная імпрэза «Таямніцы старога музея» ў Мінску

Afiša

У суботу, 28 кастрычніка, у музеі Якуба Коласа — імпрэза «Таямніцы старога музея» ад сямейнага тэатра «Бусы».

Вас запрашаюць у сакрэтнае падарожжа па музеі, поўнае загадак і таямніц. Разам з дзецьмі вы даведаецеся, як і навошта людзі прыдумалі засакрэчваць свае лісты, хто вынайшаў першы ў гісторыі шыфр, навошта Цэзару дзве талеркі за абедам. 

Вы навучыцеся шыфраваць і разгадваць, асвоіце некалькі прыёмаў таемнага ліста і створыце свой уласны шыфр! 

А далей вас чакае пошукавы квэст па музеі, які дазволіць зірнуць на яго таямніцы па-новаму. І вы станеце знаўцам і захавальнікам усіх яго таямніц. 

Фестываль жалудоў у Мінску

Afiša

У нядзелю, 29 кастрычніка, у музеі Якуба Коласа — фестываль жалудоў, восеньскі фэст вырабаў, казак і музыкі. Усіх наведвальнікаў чакае вельмі насычаная праграма! Завітвайце!

Германія

Берлін

Чытка п’есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты» ў Берліне

Afiša

28 кастрычніка, у Берліне адбудуцца чыткі п’есы Юліі Цімафеевай «Экстрэмісты».  П’еса «Экстрэмісты» — вынік тэатральнага праекта «While History Writes Itself», у якім спадарыня Юлія ўдзельнічала разам з літаратарамі з Грузіі, Малдовы, Сэрбіі, Харватыі і Украіны. 

«Экстрэмісты» — гэта палітычна-паэтычны тэкст пра тых, чые адзіная зброя і адзінае злачынства, — гэта голас. Пра беларускіх палітвязняў.

 «Экстрэмісты» будуць прэзентаваныя разам з яшчэ дзвюма п’есамі — Катэрыны Пеньковай «Барбажиньці цибулевої масті» і Тані Шлійвар «Нацыянальны тэатр». 

Грузія

Батумі

Марыя Мартысевіч у Батумі

Afiša

У суботу, 28 кастрычніка, у Батумі прыбывае паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Будзе сустрэча-прэзентацыя кнігі «Гарэзлівы пацалунак −2» для young adults, а таксама зборніка вершаў «Як пазбыцца Маматута». 


Польшча

Беласток

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA (Беласток, 28-29 кастрычніка)

Afiša

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA завершыцца ў Беластоку, дзе літаратурныя сустрэчы будуць спалучацца з абмеркаваннямі, прэзентацыямі кніг, дыскусіямі і лекцыяй пра тое, ці варта перачытваць школьны белліт.

Фестываль Беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні «Bardauskaja Vosień 2023»

Afiša

Сёлета фестываль ізноў будзе месцам сустрэчы беларускіх і падляшскіх літаратараў са сваёй публікай ды правакаваць на шэраг дыскусій аб форме беларускай літаратуры і яе ўплыве на рэчаіснасць.

Варшава

«Вечны бой Эдуарда Лобава». Вечар памяці героя ў Варшаве

Afiša

Музей Вольнай Беларусі запрашае на Вечар памяці Эдуарда Лобава — беларускага героя-дабраахвотніка, які аддаў сваё жыццё за свабоду Украіны і Беларусі. У праграме Вечара — адкрыты паказ фільма БЕЛСАТ «Вечны бой Эдуарда Лобава» (рэжысёрка — Вольга Воранава), а таксама дыскусія «Лёсы беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне».

Удзел у дыскусіі прымуць Марына Лобава — маці нашага героя, рэжысёрка фільма Вольга Воранава, беларускія дабраахвотнікі, прадстаўнікі Украіны. Мадэратарка дыскусіі — галоўная рэдактарка сайта Хартыя-97 Наталля Радзіна.


Гданьск

Адкрыццё беларускай Majsterni Folkloru ў Гданьску

Afiša

У суботу, 28 кастрычніка, у Труймясце адкрываецца беларуская Majsterniа Folkloru! 

У праграме: адкрыццё выставы беларускага традыцыйнага адзення, беларускія традыцыйныя спевы з Вольгай Барышнікавай, лекцыя пра беларускі традыцыйны строй Алесі Шалухінай, традыцыйныя танцы з Марыяй Латышавай (граюць Яўген і Вольга Барышнікавы, Яўгенія Дзям’янава).

Фінляндыя

Хельсінкі

Спектакль «Канец савецкага чалавека» паводле Святланы Алексіевіч у Хельсінкі

Afiša

Спектакль будзе паказаны ў памяшканні старой сярэдняй школы Вуосаары, якая была выведзена са школьнага карыстання. У спектаклі памяшканне ператвараецца ў жорсткі расейскі дом састарэлых 1990-х гадоў.

 Спектакль распавядае гісторыю 87-гадовага Васіля Пятровіча Н. з 1920-х да пачатку 1990-х гадоў. Савецкі Саюз ужо разваліўся, з камунізму смяюцца, але Васіль Пятровіч па-ранейшаму верыць у ідэю. Ён верны партыйны кадр. 

Шоу падрыхтавана тэатральнай групоўкай HELSINKI 98, якая даследуе пытанне: «Якім можа быць мастацтва пасля 24 лютага 2022 года»?

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.