Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 8-9 чэрвеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Фэст «Цімкавіцкія вытокі» ў гонар Кузьмы Чорнага пад Капылём, фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Над Менкай» у Азярцы, літфэст у Гродне, музычная імпрэза «Музыка лета ў старажытным Свяцку», спектакль-гульня  ў Вільні, прэзентацыя кнігі «Беларусы ў Польскім Войску (1919 — 1947)» у Кракаве, дабрачынны беларускамоўны канцэрт у Будве, выставы, квізы, творчыя сустрэчы — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.


Беларусь

Мінск і Мінская вобласць

Імпрэза «PlayArt. Стварай. Адчувай. Пазнавай» у Мінску

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, у Мастацкім музеі — штогадовы інклюзіўны праект «PlayArt. Стварай. Адчувай. Пазнавай» да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

Гэты праект закліканы аб’яднаць усіх дзяцей з асаблівасцямі і без, стварыць для іх камфортнае даступнае асяроддзе ў прасторы музея, прапанаваць праявіць і развіць свае творчыя здольнасці, навучыць разумець і адчуваць творы мастацтва.

Праграма вельмі насычаная! Завітвайце!

Фэст «Цімкавіцкія вытокі» ў гонар Кузьмы Чорнага пад Капылём

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, музей гісторыі беларускай літаратуры па традыцыі запрашае на свята «Цімкавіцкія вытокі» з нагоды дня нараджэння Кузьмы Чорнага (а споўнілася б яму 124 гады).

Вас чакаюць: 

экскурсіі па музеі з чаяваннем «Каля самавара Кузьмы Чорнага»; 

сустрэчы з літаратарамі; 

майстар-класы; 

спектаклі па ягоных творах;

гульні, кірмаш ды мноства іншых забаў. 

Вы пабываеце ў вёсцы са старадаўняй гісторыяй, пазнаёміцеся з музеем яго знакамітага жыхара Кузьмы Чорнага, цудоўна правядзеце час на свежым паветры, за гарбатай ды вершамі, спевамі ды танцамі. І ўсё гэта — у прыязнай, творчай, гасціннай атмасферы, у кампаніі цімкаўлян. 

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Над Менкай» у Азярцы

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы адбудзецца фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Над Менкай».

Кожны зможа адчуць вагу сапраўднага даспеха, дакрануцца да сярэднявечнай зброі, паўдзельнічаць у сярэднявечным кірмашы, адчуць музыку, гоман і сам подых мінулых часоў.

У праграме:

Разнастайныя майстар-класы ад музейных супрацоўнікаў і чальцоў клубаў гістарычнай рэканструкцыі (сярэднявечныя танцы, магія і медыцына, фехтаванне, кавальства, выраб манет і іншае); 

Паказальныя сярэднявечныя баі;

Рыцарскі турнір; Лучны цір (за дадатковую плату); 

Лучны турнір; 

Фехтаванне на рэнесанснай рапіры (за дадатковую плату); 

Праграма ад клуба «Клан МакВітан» і «Волат»; 

Пляцоўка ад клуба «Клан МакВітан» (фотазона, прымерка даспехаў, шатланскія гульні); 

Выступ гурта «Вока Чарота»; 

Пляцоўка фонда «Сірын», дзе вы зможаце пазнаёміцца і сфатаграфавацца (за дадатковую плату) з драпежнымі птушкамі, а таксама пакатацца на кані; Вогненнае шоў; 

Лекцыя на тэму «Вялікае Княства Літоўскае перад выклікамі экспансіі Тэўтонскага Ордэна ў XIV ст.: ад Патрыка Гарадзенскага да Энтані дэ Люсі» ад гісторыка-медыевіста Алега Дзярновіча;

Сярэднявечны кірмаш.

Брэст

Выстава «Брэстчына этнаграфічная» ў Брэсце

Afiša

У Мастацкім музеі Брэста адкрываецца чарговая частка выставы «Брэстчына этнаграфічная. Пінска-Івацэвіцкі край (частка 2)», прысвечаная Іванаўскаму і Драгічынскаму раёнам.

На выставе можна пабачыць традыцыйныя касцюмы, вясельны галаўны ўбор нявесты Драгічынскага раёна «Пава», калекцыю фартушкоў з вёскі Бездзеж, посцілкі і ручнікі. 

Выставу дапоўняць фатаграфіі. 

Гродна і Гродзенская вобласць

Гарадзенскі літфэст у Гродне

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, у абласной бібліятэцы імя Карскага адбудзецца Гарадзенскі літфэст.

У праграме: 

кніжныя інсталяцыі з унікальнымі выданнямі;

літаратурныя турніры; 

сустрэчы з гарадзенскімі аўтарамі; 

творчыя майстар-класы;

інтэрактыўныя пляцоўкі ад бібліятэк з віктарынамі, квэстамі, літаратурнымі прадказаннямі. 

Музычная імпрэза «Музыка лета ў старажытным Свяцку»

Afiša

У нядзелю, 9 чэрвеня, палацава-паркавы комплекс «Вялікі Свяцк Валовічаў» запрашае на музычную імпрэзу «Музыка лета ў старажытным Свяцку».

Вас чакае жывая музыка камернага аркестра гарадзенскага музычнага каледжа — найлепшыя кампазіцыі, якія пасуюць гэтаму лету.

Літва

Вільня

Спектакль-гульня «Ляцяць па небе шарыкі» ў Вільні

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, у прасторы Razam граюць музычны спектакль-гульню «Ляцяць па небе шарыкі» паводле вершаў Данііла Хармса.

Вы паглыбіцеся ў свет фантазіі і радасці. Запрашаюць дзяцей ад 6 да 13 гадоў і дарослых, хто зноў хоча адчуць лёгкасць і гарэзлівасць дзяцінства.


У спектаклі ўдзельнічаюць вучні Беларускай тэатральнай школы. 

Польшча

Кракаў

Прэзентацыя кнігі «Беларусы ў Польскім Войску (1919 — 1947)» у Кракаве

Afiša

У нядзелю, 9 чэрвеня, беларусы Кракава збіраюцца сустрэчу Гістарычнага клуба.

На сустрэчу завітае Юры Грыбоўскі, прафeсар Варшаўскага ўніверсітэта. 

Спадар Юры прэзентуе кнігу «Беларусы ў Польскім Войску (1919 — 1947)», якая даследуе ўдзел беларусаў у фармаваннях Польскага войска падчас вайны з бальшавіцкай Расіяй, у міжваенны час і ў Другую сусветную. 

Кніга — вынік шматгадовай працы ў архівах сямі краін. Аўтар засяродзіў увагу на стаўленні польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці да службы, палітыцы ўлад да такіх вайскоўцаў і іх ўдзеле ў войнах у розных частках Еўропы і Афрыкі. 

Чарнагорыя

Будва

Дабрачынны беларускамоўны канцэрт у Будве

Afiša

У суботу, 8 чэрвеня, у Будве (так-так, у Чарнагорыі) адбудзецца беларускамоўны студэнцкі канцэрт.

Суполка музыкаў — інтэрнацыянальная, спевы — беларускія.

Прагучаць найбольш знакавыя беларускія песні: ад «Купалінкі» да «Пагоні», ад «Народнага альбома» да «Крамбамбулі», ад «Песняроў» да Вольскага — добравядомыя і любімыя творы. 

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай АФІШЫ.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.