Чытанкі, аўдыякнігі, размалёўкі, відэаспектаклі. Падборка карыснага кантэнту ад «Будзьма» для дзяцей і бацькоў

01.06.2023 Адукацыя

Пачатак лета – радасць для дзяцей, але разам з тым і клопат для бацькоў. Трэба думаць, чым заняць дзетак падчас доўгіх вакацый. У міжнародны Дзень абароны дзяцей зрабілі падборку цікавостак ад «Будзьма», якія дапамогуць з карысцю правесці час і дзецям, і бацькам.


Разам можна:

— разнастаіць свой слоўнікавы запас з нашай аўдыя-чытанкай: казкі на роднай мове для дзетак дашкольнага ўзросту чытаюць Ганна Хітрык і Павел Харланчук

 

— памаляваць і больш даведацца пра правы чалавека разам з нашай размалёўкай «Ян, Яніна, Васіліна. Правы чалавека ў малюнках», створанай для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

742fce092aad84a68b7bb0bca09f1c04.JPG

— задумацца над чалавечымі стасункамі і навучыцца прымаць непадобнасць іншага дапаможа знакамітая кніга Гунілы Бергстрэм «Суперкніга пра Біла і Болу: Біл — разумны, Бола — вясёлая» (актыўны ўдзел у стварэнні кнігі на беларускай мове і запісе аўдыя-версіі прынялі Надзя Кандрусевіч, Аня Хітрык, Павал Харланчук, Андрэй Хадановіч і Алеся Башарымава).



Паслухаць аўдыякнігі пра Пэтсана, які жыве разам са сваімі курамі ў невялікім дамку на хутары. Але ён вельмі адзінокі. Аднойчы да яго прыходзіць суседка Бэда Андэрсан з маленькай скрыняй. «Фіндус. Зялёны Гарошак» — напісана на ёй вялікімі літарамі. Аднак там зусім не гарошак. А маленькі коцік! Тады і пачынаюцца прыгоды Пэтсана і Фіндуса. Вас чакае 9 захапляльных гісторый фермера і яго коціка.

Маляванка «Будзьма беларусікамі!»

Размалёўка для дзяцей і дарослых па матывах анімацыйнага фільма "Будзьма беларусамі!" пра гісторыю Беларусі за 5 хвілін. Францыск Скарына, Янка Купала, Максім Багдановіч ды іншыя персанажы і падзеі нашай гісторыі. Таксама раім маляванку і дарослым у тэрапеўтычных мэтах.

Спампаваць размалёўку.

Лялечны відэаспектакль «Прыгоды мышак»

Відэаспектакль зроблены паводле аўтарскіх казак, якія напісаў для саіх дзетак адзін тата, калі захацеў ім ў цікавай форме распавесці пра жывёльны свет Беларусі. Галоўных гераінь спектакля — мышак Дашу і Машу — агучваюць тыя самыя дзеці, для якіх пісаліся казкі.

Пазнавальны эфект казак разлічаны на дзетак 3-8 гадоў, забаўляльны – без межаў узросту.

Калі раптам вы не ведаеце, чым заняць свайго гарэзу, то спектакль “Прыгоды мышак” вам у дапамогу.

Уладкоўвайцеся зручней і глядзіце! Спектакль вельмі просты, душэўны, але разам з тым і досыць дынамічны, ён добра трымае ўвагу дзяцей.

Акрамя непасрэдна прагляду, мы прапануем іншыя цікавыя і карысныя актыўнасці, якія можна рабіць паводле спектакля.

Усе эпізоды відэаспектакля глядзіце па спасылцы.

Відэапраект для дзяцей «Разумняты»

Падчас летніх вакацый раім паглядзець адукацыйныя інтэрактыўныя відэаўрокі для дзяцей «Разумняты».

«Урокі летам?», – запытаеце вы з недаверам, бо ўрокаў дзецям хапіла і падчас навучальнага года. Аднак «Разумняты» не маюць нічога супольнага са звычайнмі школьнымі ўрокамі.  Вядучыя Васіль і Ала ў займальнай форме знаёмяць дзетак з навакольным светам на роднай мове.

Трэці сезон «Разумнятаў» створаны ў адпаведнасці са школьнай праграмай па прадмету «Чалавек і свет: мая Радзіма — Беларусь» для 4 класа. Аднак ён будзе карысны не толькі вучням 4-ага класа. У відэароліках можна даведацца, па якіх законах жылі нашыя продкі, адкуль  пайшлі назвы беларускіх гарадоў, што такое батлейка, якія замкі захаваліся ў Беларусі да нашы дзён і хто ў іх жыў  раней ды шмат іншых цікавостак. Пагадзіцеся, цікава будзе не толькі дзецям, але і дарослым. А лепш за ўсё глядзець разам з дзецьмі.

Для кожнага роліка можна спампаваць на нашым сайце цікавыя задані для самых кемлівых.

Усе выпускі праекта «Разумняты» глядзіце па спасылцы

Відэапраект «Маё права»

Для школьнікаў і іх бацькоў раім пераглядзець відэаролікі праекта «Маё права», з дапамогай якіх можна пашырыць веды пра свае правы і магчымасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў.

Ролікі дапамогуць бацькам і дзецям у складаных сітуацыях такіх, як булінг, палавая дыскрымінацыя ў школе, канфлікт паміж настаўнікам і вучням і інш.

Чытайце яшчэ: Чым заняць дзяцей у дарозе? Падборка вясёлых і карысных гульняў