Пачалося лета — прыемная пара, калі можна не толькі адпачыць ад урокаў, але і з прыемнасцю пачытаць годную кнігу. «Будзьма!» прапануе спіс з 15 твораў на роднай мове, якія можна параіць дзецям.
1. Янка Маўр — Амок
Якая ж летняя падборка можа абысціся без Янкі Маўра? Пагатоў сёлета споўнілася 140 гадоў з дня яго нараджэння. Раіць «Палескіх рабінзонаў» было б даволі банальна, бо многія, упэўнены, ужо не раз чыталі гэты бестселер савецкіх часоў (а калі яшчэ не, то цяпер самы час). Насамрэч для лета можна рэкамендаваць амаль любы твор Маўра, сярод якіх аўтар падборкі выбраў «Амок» — раман пра антыкаланіяльнае паўстанне на экзатычным востраве Ява, дзе «бананы выконваюць такую ж функцыю, як у нас бульба», а змеямі гандлююць на рынку, нібы кілбасамі. Пазнавальнае прыгодніцкае чытанне, у якім не абышлося і без савецкага ідэалагічнага складніку (што паробіш — варта ўлічваць, калі быў напісаны твор).
Узрост: для дзяцей і падлеткаў
Папяровая кніга (з магчымасцю адпраўкі за мяжу): тут.
Электронны варыянт: тут.
Аўдыякніга (праз VPN): тут.
Аўдыякніга (без VPN): тут.
2. Ганна Янкута — Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў
Першая кніга пра мілага пухнаценькага каточка, які вандруе па знаёмых мінскіх лакацыях і трапляе ў розныя прыгоды. Аднойчы, напрыклад, ён знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома, і выпраўляецца на пошук сяброў, каб вызваліць іх з пасткі. Рэкамендуецца ўсім аматарам таямніц, загадак і нават дэтэктываў (аўтар гэтых радкоў, хоць і дарослы, сам з захапленнем чытаў). А калі спадабаецца, можна знайсці і іншыя кнігі пра незвычайнага героя: «Кот Шпрот і зніклы мышамабіль» ды «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік». Асабліва рэкамендую агучку, якую зрабіў «Кніжны воз» — гэта сапраўдная скарбніца дзіцячай літаратуры (можна слухаць і праз браўзер, і праз мабільную аплікацыю).
Узрост: 0+
Аўдыякніга: тут.
3. Роберт Льюіс Стывенсан — Востраў Скарбаў (пераклад Алеся Асташонка)
Культавы раман шатландскага пісьменніка, упершыню апублікаваны ў 1883 годзе. Рызыкоўныя прыгоды юнага Джыма Хоўкінса ў падарожжы на таямнічы Востраў Скарбаў дагэтуль натхняюць чытачоў любога ўзросту. То чаму б не перачытаць твор на роднай мове? Балазе цяпер і паслухаць можна.
Узрост: 6+
Папяровая кніга: ёсць у бібліятэках
Электронны варыянт: тут.
Аўдыякніга: тут.
4. Надзея Ясмінска — Кусь-Кусяндра
Хто такая Кусь-Кусяндра і адкуль яна з’явілася ў пакоі? Навошта ёй вострыя кіпцюры? І галоўнае, чаму яе проста распірае ад злосці? Яна і сама не ведае, таму прыйдзецца разам раскрыць таямніцу.
Прыгожая кніга з шыкоўнымі ілюстрацыямі Святланы Міхалап уздымае важнае псіхалагічнае пытанне: легалізацыя сваёй злосці. Карысна пачытаць не толькі дзецям, але і бацькам.
Узрост: 0+
Папяровая кніга: тут.
5. Аляксандра Хамянок — Італьянскае падарожжа (пераклад Паліны Грынчанка)
Спачатку тужлівы, а паступова ўсё больш светлы аповед дзяўчынкі, якая страціла маму і паехала ў Італію праз праграму дапамогі дзецям-сіротам. Ідэальная мікстура для ўсіх, каму самотна. А аўдыяверсія на «Кніжным возе» да таго ж мае такі атмасферны саўндтрэк, што аж да дрыжыкаў прабірае.
Узрост: 12+
Папяровая кніга: тут.
Электронны варыянт: тут.
Аўдыякніга: тут.
6. Марыя Масягіна — Цікавая вандроўка
Маленькая адукацыйна-пазнавальная казка пра тое, як старыя рэчы ў кампаніі цікаўнай хмаркі выправіліся ў вандроўку. Мэта ў іх нялёгкая: знайсці месца, дзе можна пазбавіцца ад небяспечных адходаў. Падчас падарожжа чытач даведаецца, як правільна ўтылізаваць розныя віды смецця, і якія рэчы ні ў якім разе не павінны аказацца на сметніцы або ў лесе. Калі тэма зацікавіць, то можна знайсці і іншыя творы гэтай серыі (у тым ліку агучаныя «Кніжным возам): «Упакоўка шукае сяброў» і «У планеты высокая тэмпература».
Узрост: 0+ (але і дарослым будзе пазнавальна)
Электронны варыянт: тут.
Аўдыякніга: тут.
7. Марк Твэн — Прыгоды Тома Соўэра (пераклад Янкі Маўра)
Улюбёны твор некалькіх пакаленнях чытачоў, без якога і лета не лета! Кожны памятае імя Тома Соўэра, аднак далёка не кожны чытаў яго на беларускай, ды яшчэ і ў перакладзе класіка дзіцячай літаратуры. Тут ёсць усё, што трэба для выдатнага адпачынку: рамантыка прыгод, жывы гумар, захапляльны сваімі нечаканымі паваротамі сюжэт і нават пакутлівыя амурныя перажыванні героя. А яшчэ і падарожжа ў цікавы моўны сусвет, бо беларуская версія была апублікавана да рэформы правапісу.
Узрост: 12+ (але з бацькамі можна і раней)
Электронны варыянт: тут.
Аўдыякніга: тут.
8. Уладзіслаў Сыракомля — Вандроўкі па маіх былых ваколіцах (пераклад Кастуся Цвіркі)
Каго ў беларускай літаратуры смела можна назваць класічным трэвел-блогерам, дык гэта Уладзіслава Сыракомлю. Знакаміты пісьменнік дзеліцца ўражаннямі пра родныя яго сэрцу мясціны (Мір, Нясвіж, Стоўбцы, Койданава) ды ўзнаўляе карціну далёкага мінулага тутэйшай зямлі. А што калі ўзяць ды і самому выправіцца ў тур па слядах класіка?
Узрост: сярэдні і старэйшы школьны
Папяровая кніга: у бібліятэках
Электронны варыянт: тут.
9. Віталь Гузанаў — Адысей з Беларусі (пераклад Я. Саламевіча)
Усе мы ведаем замежных мараходаў, якія здзейснілі кругасветнае плаванне. А як наконт выхадцаў з беларускага народа? Безумоўна, і сярод нашых продкаў ёсць славутыя вандроўнікі. Напрыклад, Іосіф Антонавіч Гашкевіч праплыў вакол зямлі на знакамітым фрэгаце «Палада», вывучаў флору ды фаўну замежных краін і нават склаў японска-рускі слоўнік. Помнік даследчыку стаіць на японскім востраве Хакайда, а прыгоды апісаны ў кнізе «Адысей з Беларусі». Каб яна пабачыла свет, аўтар збіраў матэрыял не толькі ў родных мясцінах, але і ў Японіі.
Узрост: малодшы школьны і вышэй
Папяровая кніга: у бібліятэках
Электронны варыянт: тут.
10. Сяргей Календа — Балтыйскія шкарпэткі
Канцэпцыя «жылі яны доўга і шчасліва» састарэла — так пачынае аўтар свой уступ. Сучасныя казкі мусяць не толькі забаўляць, але і не атручваць мядовай хлуснёй. Патрэбны жах, трылер, вусціш! І калі дабро прайграе, то гэта больш падобна дэ рэальнасці. Што ж, такі падыход інтрыгуе.
Кніга складаецца з 10 казак, аб’яднаных адзіным настроем ды Балтыйскім морам. І, вядома, шкарпэткамі — невялічкімі пасхалкамі, кожная з якіх адыгрывае сваю ролю. Ружовая ваніль тут сапраўды адсутнічае. Нават наадварот: часам Сяргей Календа проста агаломшвае нечаканымі тэмамі. Далёка не заўсёды варта чакаць хэпі-энду, хаця і ён сустракаецца. Такія вось рэальныя казкі, часам вельмі набліжаныя да жыцця.
Узрост: 12+
Электронная кніга: тут.
Аўдыякніга: тут.
11. Даніэль Дэфо — Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза (пераклад Алены Васілевіч)
Ужо некалькі стагоддзяў людзі ўсіх узростаў зачытваюцца раманам англійскага класіка. Сюжэт вядомы: пасля караблекрушэння галоўны герой апынаецца на ненаселенай выспе, дзе яму трэба пражыць ажно 28 гадоў. Аднак ці ведаеце вы, наколькі сакавіта гэтая гісторыя гучыць на роднай мове? Прапануем праверыць.
Узрост: 6+
Папяровая кніга: ёсць у бібліятэках
Электронная кніга: тут.
Аўдыякніга: тут.
12. Сара Лундберг — Птушка ўва мне ляціць, куды захоча (пераклад Надзі Кандрусевіч)
Што рабіць, калі здаецца немагчымым жыць так, як чакаюць ад цябе іншыя? Што рабіць, калі ніхто не разумее? Калі ты знаходзішся між дзяцінствам і дарослым жыццём і не можаш апісаць свае жаданні словамі?
Адказ можна знайсці ў гісторыі шведскай дзяўчынкі, якая любіла маляваць і марыла стаць мастачкай. Але ў яе час гэта было амаль немагчыма для дзіцяці з простай сялянскай сям’і. Аднак у кожным з нас жыве птушка, якая можа паляцець, куды захоча, і спраўдзіць мары.
Кніга Сары Лундберг у 2018 годзе атрымала прэстыжную шведскую прэмію Аўгуста і была прызнанай найлепшай дзіцячай кнігай года ў Швецыі. А галоўнае — яна заснавана на гісторыі рэальнай дзяўчынкі, Берты Хансан, якая выправілася ў свой палёт і стала вядомай мастачкай.
Узрост: 12+
Папяровая кніга: тут.
13. Алесь Камароўскі — Пенальці
Якое ж лета без футбола? Кнігу «Пенальці» напісаў Алесь Камароўскі — першы спартыўны каментатар, які пачаў весці рэпартажы на радыё і тэлебачанні на роднай мове (гэта было ў 1982 годзе, калі мінскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР). У сваіх творах пісьменнік распавядае пра лёс футбольнай каманды і яе гульцоў, а таксама закранае самыя розныя межы чалавечага характару, перш за ўсё сумленне і адданасць любімай справе.
Узрост: сярэдні і старэйшы школьны
Папяровая кніга: ёсць у бібліятэках
Электронны варыянт: тут.
14. Станіслаў Лем — Зорныя дзённікі (пераклад Марыі Пушкінай)
Вандроўкі бываюць не толькі на Зямлі, але і ў космасе. А калі вам спадарожнічае Іён Ціхі, то цікавае чытанне забяспечана (дарэчы, галоўнага героя павінны былі зваць Ціхі, але натарыус меў дэфект вымаўлення і адчайна «тэкаў»). Гэты зорны Мюнхгаўзен бадзяецца па Сусвеце і шукае прыгоды, занатоўваючы іх у дзённік. Фантазія аўтара проста бязмежная: няма такога абсурду, які б не мог сустрэцца на старонках кнігі. Скончылася паліва ў адкрытым космасе? Не бяда! Іён бярэ бідон і ідзе пешшу да найбліжэйшай планеты. Надакучыў касмічны карабель? Можна ляцець у адкрытым паветры (толькі ногі засунуць унутр карабля, каб не змерзлі).
Узрост: 12+
Папяровая кніга: тут.
15. Наталля Станкевіч — Здарэнне ў Краіне-Дзе-Робяць-Котак (пераклад Паўла Касцюкевіча)
Хлопчык Дар і чараўнік Любамудр кіруюцца ў казачную даліну, каб пачысціць вулкан. Місія дужа сур’ёзная, бо ад яе паспяховага выканання залежыць, ці захаваюцца ў звычайным свеце коткі. Прыгожая і вельмі мурчальная кніга.
Узрост: сярэдні школьны
Папяровая кніга: тут.
Прыемнага чытання!
Юрась Гарэлка, budzma.org