Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Майстар-клас па ляльках-неразлучніках у Гомелі, канцэрты гурта «Dlina Volny» ў Амстэрдаме, Аляксандра Памідорава ў Мюнхене, Светы Бень і Галі Чыкіс у Берліне, шпацыр па Старых Павонзках у Варшаве, прэзентацыя кнігі Ганны Янкуты «Час пустазелля» ў Лодзі, выставы, паказ фільма, музычныя квізы — выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ.
Беларусь
Мінск
Выстава «Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях»
У фокусе экспазіцыі — фотаздымкі класікаў беларускай літаратуры Эдзі Агняцвет, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Максіма Танка ў час летняга адпачынку (з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва).
Беларускія літаратары часта помняцца па сваіх афіцыйна-сумных партрэтах у школьных падручніках. А калі ўбачыць фота маладых Янкі Брыля ў Неапалі ці Уладзіміра Дубоўкі і Янкі Купалы на пляжы ў Ялце, ці гэта памяняе ўяўленне? Ці зменшыць дыстанцыю паміж чытачом і аўтарам? Ці дазволіць лічыць іх звычайнымі людзьмі і гэтым пацвердзіць словы Максіма Танка: «Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі, а не нейкімі манекенамі»?
Фотаздымкі з мора. «Мора» беларуса (мора рэальнае — з «пацалункамі салонай марской вады» (У.Караткевіч) — ці выдуманае, метафарычнае — «зялёнае мора ржаных каласоў» (Я.Колас) — гэта мара ці ўспамін пра лета, прастору, запоўненую сонцам і яркімі колерамі, прыемны адпачынак.
Атмасфера выставы ў НЦСМ дазволіць на час забыцца пра занураныя ў снег шэрыя вуліцы Мінска і патрапіць у свет колераў, летняй цеплыні і радасных эмоцый.
Мы запрашаем глядзець на архіўныя дакументы не толькі як на сведчанні эпохі, жыцця канкрэтных творцаў. Упісаныя ў экспазіцыю, яны становяцца творам фатаграфічнага, так званага «актуальнага», мастацтва і праз гэта набываюць дадатковую каштоўнасць.
Традыцыйна на выставе будуць прадстаўлены працы беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ.
Гомель
Майстар-клас па ляльках-неразлучніках у Гомелі
У суботу, 10 лютага, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі ладзіць файны майстар-клас да Дня закаханых!
Прапануюць зрабіць абярэг для закаханых. Лялькі «Неразлучнікі» — сімвал шчаслівага сямейнага саюза. У лялек адна рука, якая аб’ядноўвае жаночую і мужчынскую фігуры. Гэта значыць, што ў жыцці яны будуць разам і ў бядзе, і ў радасці, іх сям’я будзе моцная.
Яшчэ лялькі абвязаныя адной ніткай. Каб сям’я была моцная, трэба берагчы тую нітачку, якая аб’ядноўвае каханых, робіць іх роднымі адзін для аднаго.
На майстар-класе вы дазнаецеся больш пра гісторыю гэтага абярэга, а таксама створыце ўласнаруч цудоўны падарунак для каханага/каханай.
Гродна
«Цудоўны свет керамікі» ў Гродна
10 лютага ў Гродна адчыніцца выстава «Цудоўны свет керамікі». На выставе можна будзе ўбачыць керамічныя дэкаратыўныя кампазіцыі, пано, талеркі, скульптуры малых форм, дробную пластыку, цацкі-свістулькі і сувеніры.
Будуць прадстаўлены працы гродзенскіх педагогаў-керамістаў С.М. Круглаполавай і А.В. Мартынчука, а таксама іх вучняў — навучэнцаў узорнай студыі мастацкай керамікі «Казачная гліна» і гуртка «Юныя ганчары».
Германія
Берлін
Света Бень і Галя Чыкіс у Берліне
У нядзелю, 11 лютага, Света Бень і Галя Чыкіс прэзентуюць сінгл «Сгусток блёсток» і ў Берліне.
Альбом, запісаны ў Берліне, прапануе слухачам падарожжа ад адчаю да надзеі, адзначаючы кожную хвіліну, калі мы не самотныя.
Прыходзьце ж разам ззяць ці хаця б крышачку іскрыцца!
Мюнхен
Аляксандр Памідораў у Мюнхене
11 лютага ў межах еўрапейскага тура ў Мюнхен завітае Аляксандар Памідораў
Акустычныя выступы Аляксандра Памідорава – гэта знаёмства са слухачамі і размова. Падчас выступу можна і трэба задаваць любыя пытанні на любыя тэмы з беларускага і агулнапланетнага жыцця.
Будуць выкананыя «Lomir Zech Iberbetn», «Цуд На Каляды», «Быць Беларусам», «Дым», «Радыё», «Дзень Без Гарэлкі», «Вітальная».
ЗША
«Па што ідзеш, воўча?» ў Рэдмандзе
10 лютага ў Кніжным клубе Беларусаў Сіэтлу будуць абмяркоўваць кнігу Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Арганізатары пакідаюць магчымасць зрабіць данат, бо ўсе сабраныя грошы з Кніжных клюбаў ідуць на развіццё праекту беларусаў суполкі ў Сіэтле «Беларуская палічка», які збірае/набывае кнігі для дзяцей і дарослых, ладзіць сваю беларускую бібліятэку!
Нідэрданды
Канцэрт гурта «Dlina Volny» ў Амстэрдаме
Dlina Volny у перакладзе з англійскай мовы азначае «даўжыня хвалі». Іх назва аддае належнае іх захапленню сінусоідамі і навукай, якая стаіць за гукам. Яны таксама называюць свой паспяховы другі альбом «DAZED» сваім «любоўным трылерам». Звядзеннем запісу займаўся Дын Хэрлі, які часта супрацоўнічае з Дэвідам Лінчам. Элегантны сінтэз падтрымліваецца брутальным пластом рытм-секцыі. Інструменты складаюць аснову для вакалу, які лунае, як цёплы туман у халодную ноч.
Музыка Dlina Volny — гэта ўсходнееўрапейскі пост-панк і заходні сінтвейв. Ідучы па канаце паміж болем і эйфарыяй, тэкст змагаецца з палярнасцю. Страх супраць жарсці, надзея супраць глыбокага адчаю, які акружае негатыўную прастору.
Польшча
Варшава
Шпацыр па Старых Павонзках у Варшаве
10 лютага ў Варшаве ахвотныя могуць узяць удзел у шпацыры па Старых Павонзках — вельмі атмасферным і, пэўна самым вядомым варшаўскім нэкропалю.
Удзельнікі:
• Згадаюць, як і калі стварыліся могілкі, не абмінуць увагай прыгожы касцёл Св. Барамэя і даведаюцца драматычную гісторыю яго пробашча
• Пабачаць вядомае пахаванне пяці загінулых у 1861 г. і магілы славутых беларусаў, якія знайшлі спачын у варшаўскай зямлі: паўстанцы, паэты, грамадскія і палітычныя дзеячы.
Трэба абавязкова паведаміць пра сваё наведванне ў прыватныя: @spacyrujma.
Лодзь
Прэзентацыя кнігі «Час пустазелля» ў Лодзі
11 лютага ў Лодзь завітае Ганна Янкута з прэзентацыяй сваёй кнігі «Час пустазелля».
«Гэтая кніга – спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года... Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы — відавочныя і ледзь улоўныя, — якія адбываюцца цяпер у свеце».
Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.