У 1999 годзе на 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА было вырашана 21 сакавіка штогод адзначаць Сусветны дзень паэзіі. Першы Сусветны дзень паэзіі прайшоў у Парыжы, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЮНЕСКА. Расказваем, што гэта за дата, і прапануем пачытаць падборку актуальных вершаў ад бязмежна таленавітых беларускіх палітвязняў.
«Паэзія, можа стаць адказам на самыя вострыя і глыбокія духоўныя пытанні сучаснага чалавека, але для гэтага неабходна прыцягнуць да яе як мага больш шырокую грамадскую ўвагу» — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Адзначаючы Сусветны дзень паэзіі ЮНЕСКА таксама звяртае нашу ўвагу на дзіўную здольнасць паэтычнага слова абуджаць ў чалавека яго творчыя здольнасці.
Адной з асноўных мэтаў Дня з’яўляецца заахвочванне моўнай разнастайнасці і падтрымка знікаючых моў з дапамогай паэзіі. Сусветны Дзень паэзіі заклікае даць магчымасць шырэй заявіць пра сябе малым выдавецтвам, чыімі намаганнямі, у асноўным, даходзіць да чытачоў творчасць сучасных паэтаў, літаратурным клубам, якія адраджаюць адвечную традыцыю жывога паэтычнага слова.
Гэты дзень мусіць садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да вуснай традыцыі паэтычных чытанняў, выкладання паэзіі, аднаўленню дыялогу паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва, такімі, як тэатр, танцы, музыка, жывапіс, а таксама заахвочванню выдавецкай справы і стварэнню ў сродках масавай інфармацыі пазітыўнага вобразу паэзіі як сапраўды сучаснага мастацтва, адкрытага людзям.
Малюнак: Раманў Сяргей. Крыніца: prisonart.spring96.org
Калі трэба сазнацца ў злачынстве,
Прызнаю, вінаваты, я скраў:
Я пабачыў жоўтае лісце,
Хоць такога ўжо не чакаў.
Звыкся з думкай, што восень-гарэза
Сыдзе прэч, не спаткаюся з ёй,
Але дыхаў я водарам лесу
І скраў восень, восень са мной.
__
«Бульба»
Яны думалі — нас пахавалі...
А мы бульба! Як нас пахаваць?
Мы зялёным зямлю прабівалі,
Спрабавалі да неба дастаць.
Яны рэзалі нас на кавалкі,
Але кожны прарваўся наверх.
Стала болей нас! Неспадзяванка!
Вось! Трымайце яшчэ адзін мех!
Яны ў цемры мяхі пакідалі,
Яны думалі — гэта адказ,
Але мы прарасталі ў падвале,
Мы — жывыя! Не знішчыце нас!
//
Снег ідзе, калонкі граюць,
Вязні ў дворыку гуляюць.
Восем крокаў і назад —
Дзядзя Віця вельмі рад.
Ё гадзіна таўкатні
І з хлапцамі балбатні.
__
Дзядзю Віцю возяць у суд,
Сёння ў яго прысуд.
Дзядзька ўначы падняўся,
У цішыні засабіраўся.
Мог ляжаць яшчэ паболей,
Не, сядзіць. Чакае волі.
//
Малюнак: Клюкач Ціхан. Крыніца: prisonart.spring96.org
«Любоў, надзея і вера»
...Напярэдадні целагрэечку атрымаў —
Плоць маю яна сагравае.
На дварэ восень глыбокая —
Дні кароткія і цёмныя.
Восень глыбокая і ў душы,
Але душа не прымае цемры.
Надзеяй жыве душа —
Душа вясны чакае.
Любоў, надзея і вера
Саграваюць душу мне.
//
Калі на неба глядзіш праз краты,
не бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.
Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман — гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг,
як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.
Ды справы няма да хэштэгаў небу,
пра трэнды неба зусім не ў курсе,
яно пад нагамі не чуе глебы,
не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.
І неба цягне аблокаў вату
над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама не бачыць кратаў,
калі ўглядаецца ў неба ўва мне.
//
А ці ведаеш ты
Як у Беларусі саджаюць?
Як матулі, сястрыцы, браты
Сябе ад таго адчуваюць?
А ці ведаеш ты
Колькі слёз ужо праліліся?
Колькі болю, пакуты
Ні за што ўсім дасталося?
А ці ведаеш ты
Як крычаць ад жаху дзяўчыны?
Як чырванеюць бінты
На галаве ў мужчыны?
А ці ведаеш ты
Колькі трэба мець духу
Каб пайсці на шчыты
Дзеля Мэты і Руху?
А ці ведаш ты
Як жылы трашчаць?
І як усміхаюцца каты,
Калі пачынаеш крычаць?
А ці ведаеш ты?
Што ёсць боль за Краіну?
Што мы тут не скаты —
Добра бачым карціну?!
//
«Беларуская — мова любові»
Беларуская — мова любові.
Ненавідзець — ня ў нашай крыві.
Бо сказана ў нашае мове:
«Пачынаецца ўсё з любві».
Беларуская — мова любові.
Толькі сэрцам магчыма пачуць:
Тут крыніцы бруяць у размове
І над кветкамі пчолы гудуць.
Беларуская — мова любові,
І, каб бліжні бяз клопату жыў,
Мы і родным у шчасці адмовім,
І сябе аддадзім на крыжы.
Беларуская — мова любові.
Гэтай мовы ў нас не адняць:
Мы і храмы, і замкі адновім,
Каб маліцца, спяваць і кахаць!
Беларуская — мова любові,
І калі ты яе збярог,
Нават у адзінюткім слове
Цябе ў вусны цалуе Бог.
Беларуская — мова любові:
Хрысціянаў з усіх краёў
У Самім Хрысце як аснове
Беларусь яднае наноў.
Адгукнецца ў Менску і Шклове:
«Не хлусі. Не крадзі. Не забі...»
Беларуская — мова любові.
Калі ты беларус — любі.
//
Лес адвеку чалавеку
Дорыць процьму смачных лекаў.
Нейк, як гром між хвой драмаў,
З меху — хмары навальнічнай —
Пакаціліся чарнічкі
На далоні летніх траў
І ўсьміхнуліся суніцам:
«Можна з вамі пасяліцца?»
А цікаўныя маліны
Аж падбеглі да сьцяжыны —
Гоп у кош: «А пакажы,
Дзе над сонечнай палянай
Кружыць зёлак пах гаркавы,
Дзе пужлівы куст ажынаў
Пад ляшчынаю дрыжыць?»
Каля зыбкай балацінкі
Мох люляе журавінкі,
Шэпча: «Трошку пачакай,
Калі яркіх вітамінаў
Для прастуднай паравіны
Будзе ўвосень ураджай».
//
Лісце жоўтае злятае на зямлю,
Зноў да сну рыхтуецца прырода,
Мне ж да ранку сёння не заснуць.
Нет спакою — як няма свабоды.
Хутка белым ахіне зямлю,
Ляжа снег пакровам урачыстым
На зямлю — краіну любую маю,
Дзе жыву ад самае калыскі.
Дзе сканаць, напэўна, вырак лёс,
Дзе паўсюль шукаў сваю дарогу,
На алтар якой сябе прынёс,
Дзе не здрадзіў ні сябрам, ні Богу.
//
Тут няма ні сваіх, ні чужых,
Як праклён кожны носіць свой боль,
Як удар, што патрапіў пад дых,
Памнажаючы праўду на ноль.
Тут надзея, як грукат трамвая,
Што бяжыць праз штодённы палон:
Ці дарога дадому чакае
Ці на рэйках расплюшчыць вагон.
//
Хай скруха самотных дзён
Нікому ня будзе вядома,
Хай будзе турма як сон
Прачнуся — і зноўку дома.
//
Малюнак: Пушкін Алесь. Крыніца: prisonart.spring96.org
Праб’е святло цемру гушчара,
Заззяюць светлыя сэрцы ўначы,
І будуць усе смелыя разам
Пераможны агонь берагчы.
З гэтым дарам мовы жывёл не пачуеш
І цуды не пазнаеш у гэтым жыцці.
З гэтым дарам хвалю любові адчуеш,
Якая дасць моцы яшчэ столькі ж прайсці.
___
На шэрых сценах:
За фарбай, на фарбе,
У змытым мастацтве
Чырвоным па беламу —
Беларусь Жыве.
Ва ўсмешках і слёзах,
У змораных вачах
(І ўсё роўна прыгожых),
У воклічах і песнях,
У мове і ў вершах,
У светлых людзях,
Што ў цёмных месцах, —
Беларусь Жыве.
У маленькіх аркушах паперы,
У цёплых сонечных слоўцах.
Беларусь надрапана на тынкоўцы,
Намалёвана ў самых таемных месцах —
Беларусь Жыве ў нашых сэрцах.
//
Кроплі бярозавых лісцяў
Сумна дрыжаць пад дажджом
Шэпчуць ціхонька на вуха: «Яшчэ крышачку...
Хутка дамоў».
//
Коцік выбег на сцяжынку,
Коцік просіць малачка,
Хлеба белага скарынку
Ды кавалак кумпячка.
___
Хто пайшоў гуляць па лесе?
Хто з вавёркай размаўляў?
Узяў жбанок на самым версе
Кветкі у садзе паліваў?
//