У гэтым годзе зімовае надворʼе супала з каляндарнай зімой, і ўжо ў снежні ў Беларусь прыйшлі снег і маразы. Ці варта падкормліваць нашых крылатых суседзяў? А калі варта, то як гэта рабіць правільна, каб не нашкодзіць?
Птушак падкормліваць варта
Зімовы перыяд перажываюць далёка не ўсе птушкі. Да вясны дажываюць ад адной да трох дробных птушак з дзесяці. Чаму так адбываецца? У птушак вельмі хуткі абмен рэчываў, а ў маразы расход энергіі толькі ўзрастае. Дробным птушкам прыходзіцца есці амаль бесперапынна, каб паспець за кароткі светлавы дзень запасціся патрэбным ім палівам.
Сiнiца чубатая на кармушцы. Фота аўтара
Узімку корму становіцца значна меней — казурак няма, насенне схавана пад снегам і лёдам. У такіх умовах кармушка сурʼёзна палегчыць жыццё навакольных птушак і дапаможа ім перажыць халады.
Ёсць і яшчэ адна важная прычына, каб карміць птушак узімку. Шмат хто бачыў мемчык, дзе вялікая сініца сядзіць на мышыным трупіку. Зразумела, што ў гэтым выпадку сінічка не выступала забойцам грызуна, а толькі вырашыла паласавацца мярцвячынай. Гэтаксама, як напрыклад, робіць на вашым балконе, калі дзяўбе прывязаны шматочак сала. Але даволі часта бывае, што зімовая бяскорміца вымушае сінічак стаць сапраўднымі драпежнікамі. Вядомыя выпадкі, калі яны нападалі на стрынатак (аўсянак), валасяніц (мухаловак) і чачотак.
Зімовая падкормка можа здорава знізіць верагоднасць таго, што сінічкі пачнуць нападаць на іншых птушак.
Сінічкі і іншыя птушкі з атраду верабʼіных будуць удзячныя за зімовую падкормку. Ёсць памылковае меркаванне, што птушкі перастануць здабываць ежу самастойна і будуць разлічваць выключна на кармушку, але гэта вельмі далёка ад праўды. Насамрэч, нават калі паназіраць за кармушкай, то можна пабачыць як адна стайка птушак змяняе іншую. Тым больш, што ўвесь час сядзець на адным месцы для птушак небяспечна.
Вялікая сініца. Фота аўтара
Якой мусіць быць кармушка?
Каб зрабіць удалую кармушку, то трэба выканаць усяго толькі некалькі ўмоў.
Па-першае, уваход у кармушку павінен быць невялікім, каб выключыць імавернасць доступу туды буйных птушак, такіх як галубы і вароны. Па-другое, корм павінен быць абаронены ад ападкаў — змесціва кармушкі не павінна мокнуць. Па-трэцяе, кармушку варта перыядычна мыць і прыбіраць рэшткі корму, бо брудная кармушка лёгка становіцца крыніцай інфекцый.
Гiль звычайны. Фота аўтара
Чым карміць птушак?
Аснова меню для кармушкі — семкі. Падыдуць семкі сланечніка і гарбуза. Але важна, каб яны былі нясмажаныя і несалёныя. Семкі лепш браць неачышчаныя, бо без шалупаек яны вельмі хутка псуюцца.
Прыемным дадаткам будуць арэхі. Лепш узяць арахіс і ачышчаны грэцкі арэх. Аднак яны таксама не павінны быць смажанымі і салёнымі.
Таўстадзюб звычайны. Фота аўтара
Сініцы, попаўзні і гілі будуць удзячныя за шматочак сала ці іншы тлушч жывёльнага паходжання. Апошні можна, напрыклад, падвесіць у сетачку ад мандарынаў.
Дзятлы і сойкі парадуюцца жалудам. Таксама можна дадаваць свежыя парэзаныя яблыкі і сухафрукты, проса і кукурузу.
Вельмі важна сачыць, каб у кармушку не трапляў хлеб і батон, ежа з вашага стала, а таксама салёнае і смажанае. Няварта даваць птушкам сапсаваныя, зацвілыя, прагорклыя прадукты, наіўна мяркуючы, што для іх можа быць добра тое, чым можа атруціцца чалавек.
А чым карміць вадаплаўных птушак?
Увосень птушак на вадаёмах лепш не падкормліваць наогул. Бо тады яны вырашаць, што ежы хапае і застануцца зімаваць. Але калі ўжо прыйшлі маразы, а вадаплаўныя птушкі засталіся ў сваіх палонках, то каб выратаваць іх ад гібелі, можна пачаставаць іх простай аўсянкай, а можна купіць мяшок ячменю і высыпаць уздоўж берага. Таксама падыдзе для вадаплаўных птушак камбікорм і адварная гародніна.
Качка-крыжанка. Фота аўтара
Як і ў выпадку з птушкамі на кармушцы, трэба пазбягаць ежы са свайго стала, хлебабулачных вырабаў, а таксама смажанага і салёнага.
Лебедзі-шыпуны. Фота аўтара
Горад — месца жыхарства не толькі чалавека, але прытулак для шматлікіх відаў жывога свету. Назірайце за імі, гэта вельмі цікава. Магчыма, менавіта на вашую кармушку прыляцяць не толькі звыклыя для нашага воку вялікія сініцы, але і прыгажун таўстадзюб ці шчыгел.
Дзмітрый Новікаў, Budzma.org