Настаўнікі не заўжды маюць рацыю, а нязгодныя з імі вучні і бацькі не абавязкова «скандалісты». Можна мець сваю думку і не жадаць выконваць любое пажаданне школьнай адміністрацыі. Тэзіс, які можа падацца блюзнерскім беларускім адукацыйным функцыянерам, між тым мае маральнае, псіхалагічнае і юрыдычнае абгрунтаванне. Пра тое, як цывілізавана і эфектыўна супрацьстаяць адміністрацыйнаму свавольству ў школе і навучыць гэтаму дзяцей, сумесны гайд sojka.io и Беларускага Хельсінскага Камітэту.
Бо немагчыма чакаць крэатыўнасці, адказнасці ды самастойнасці ад таго, каго штодня вучаць паслухмянасці ды лаяльнасці. А ўсе сучасныя гісторыі поспеху, так ці інакш, гэта оды нешаблоннаму мысленню ды ўменню адстойваць сваю рацыю.
Мінулі дзясяцігоддзі з савецкіх часоў, а школа ў сучаснай Беларусі, хоць і дэкларуе іншыя мэты, карыстаецца старымі метадамі. Паходы на хакей і збор макулатуры, рамонт у класе за кошт бацькоў і здымкі ў ідэалагічных відэа сталі нормай. З якой, здаецца, і бацькі, і дзеці, і настаўнікі стаміліся змагацца. Чаму ж важна адстойваць свае інтарэсы і вучыць гэтаму дзяцей?
Школа ёсць бадай што першай пляцоўкай, дзе чалавек вучыцца вырашаць праблемы і пытанні, якія доўгі час будуць уплываць на ягонае жыццё. На жаль, разам з ведамі, нормамі паводзінаў, сацыяльнымі сувязямі беларуская школа прапануе ідэалогію, афарбаваную ў чырвоны і зялёны колер.
Што можна зрабіць дома?
Усе мы хочам, каб нашыя дзеці былі самастойнымі ды шчаслівымі. Забяспечваем базавыя патрэбы, дбаем пра дабрабыт, здароўе, адукацыю, цікавы вольны час. Аднак не менш істотна рэгулярна слухаць і чуць сваё дзіця, разбірацца ў тым, што рэальна адбываецца ў ягоным школьным жыцці. Яшчэ ў гэтак званыя «траваядныя» часы беларускія медыі збіралі цэлыя гісторыі траўмаў вядомых беларусаў, вынесеных з-за школьнай лавы. Каб не прапусціць важнае, у псіхолагаў ёсць некалькі простых, але эфектыўных парадаў.
ВАЖНА! Бацькі часта незадаволеныя тым, што адбываецца з дзецьмі ў школе. Важна разумець тую мяжу, якая пралягае паміж тым, на што мы ў стане паўплываць, і тым, з чым даводзіцца мірыцца. Гэтак, напрыклад, цалкам законна патрабаваць, каб дзіця не наведвала дадатковыя ўрокі-гутаркі з праваслаўным святаром, але нельга адмовіцца ад матэматыкі. Бо гэты прадмет уваходзяць у абавязковую праграму.
Шмат карыснай інфармацыі можна знайсці на адпаведнай старонцы Беларускага Хельсінскага Камітэту.
Настаўніца трэсла партай над галавой і лаялася
Верасень 2019, «Еўрарадыё»
Настаўніца гомельскай школы № 15 Людміла Чацвярткова прыйшла на замену весці ўрок у чацвёртым класе, але адбылася непрыемная гісторыя: калі яна несла парту па класе, адзін з вучняў паспрабаваў падставіць ёй падножку. І педагог не стрымалася: яна трэсла партай над галавой хлопчыка і крычала: «Я пайду ў турму, а табе п...ц!»
Гэты выпадак трапіў на відэа, пасля чаго ў школе адбыўся бацькоўскі сход: хаця настаўніца папрасіла прабачэння за тое, што адбылося, са школы яе звольнілі. Але ненадоўга — за яе заступіўся Аляксандр Лукашэнка (цытата: «Ды я на месцы гэтай настаўніцы галаву б адвярнуў шчанюку нейкаму»), пасля чаго Людмілу Чацвярткову аднавілі на ранейшай пасадзе — класным кіраўніком у 2 «В» класе.
Адносіны паміж вучнямі і педагогамі бываюць вельмі вострымі. Настаўнікі дазваляюць сабе абразы, зневажальныя выказванні, неаб’ектыўнае зніжэнне адзнак, нават рукапрыкладства. Школьнікі «троляць» педагогаў, хамяць, лаюцца, перашкаджаюць навучальнаму працэсу. Такія канфлікты патрабуюць асаблівай далікатнасці.
Чатыры гады таму менскія школьнікі выклалі ў сеціва відэа, дзе настаўніца пагрозамі і шантажом прымушае дзяцей уступаць у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ). Маўляў, нават фатаграфавацца не трэба, ды і ўнёскі сплочваць. Толькі не пратэставаць супраць свайго імя ў спісах. Тым, хто будзе катэгарычна супраць, абяцала праблемы пры паступленні.
На самой справе ўступленне ў любую арганізацыю не можа быць прымусовым. Не існуе санкцый за адмову ад удзелу ў піянерскай арганізацыі ці БРСМ. Дзяцей могуць падкупаць абяцаннямі бясплатных цікавых мерапрыемстваў, могуць заклікаць «быць адказнымі і дапамагаць краіне» ды выкарыстоўваць іншыя спробы стварыць масавасць у сваіх шэрагах. Задача бацькоў — патлумачыць, чаму гэтыя арганізацыі не вартыя даверу (дапамагаць можна і без піянераў, а сумленне і самастойнасць каштуюць даражэй за бясплатнае кіно). Таксама важна прапанаваць цікавую і карысную альтэрнатыву, сугучную інтарэсам дзіцяці.
Мама дваіх дзяцей нечакана высветліла, як пазбегнуць пабораў
Кастрычнік 2019, «Салідарнасць»
Чытачка «Салідарнасці» дзеліцца лайфхакам: як пазбегчы бясконцых пабораў у школе, якія, хоць і добраахвотныя, але іх нясплата можа адбіцца і на настаўніках, і на дзецях.
Дачка-дзесяцікласніца перадала ёй просьбу класнага кіраўніка: прынесці квітанцыю аб аплаце штогадовага ўнёску ў апякунскі савет — адной базавай велічыні (у некаторых школах бяруць дзве базавыя). Аляксандра патлумачыла дачцэ, што ўзнос плаціць не будзе, бо ён з’яўляецца добраахвотным. Калі на класнай гадзіне настаўніца спытала дзяўчынку, ці прынесла яна квітанцыю, тая перадала ёй адказ маці. «Добра», — сказала класная, і тэма была зачынена. «Аказваецца, так можна было!» — здзівілася школьніца.
Адмовіцца ад грашовых збораў у школе досыць складана ў першую чаргу з-за страху, што пазіцыя бацькоў адаб’ецца на дзіцяці. Пры гэтым, у адпаведнасці з правіламі Міністэрства адукацыі, забаронена збіраць наяўныя грошы на патрэбы класа ці ўстановы адукацыі. Усе сродкі павінны збірацца толькі праз спецыяльны разліковы рахунак, які адкрывае апякунская рада школы ці класа.
Акрамя гэтага:
ВАЖНА! Чальцы апякунскай рады могуць не толькі патрабаваць справаздачы аб расходах, а таксама ўплываць на тое, куды будуць накіраваныя сродкі. Таксама будзе вельмі дарэчна спытаць, на што ідуць бюджэтныя сродкі і чаму трэба збіраць дадатковыя грошы.
Вучням старэйшых класаў паказалі ідэалагічны фільм за грошы
Студзень 2021, «Еўрарадыё»
Вучняў старэйшых класаў мінскай школы № 47 запрасілі на ідэалагічнае мерапрыемства «Беларусь — мая любоў!», але за грошы — уваход для вучняў 9-11 класаў каштаваў 5 рублёў. А да настаўнікаў давялі паказчыкі: ад кожнага класа мусіць быць мінімум па 5-7 дзяцей.
Потым дырэктарка школы Людміла Скорабагатава тлумачыла журналістам, што дзецям паказвалі 3D-фільм пра Беларусь нібыта «без палітычнага падтэксту», а грошы былі патрэбныя на аплату спецыяльнай тэхнікі для паказу 3D-фільма — акуляры, цёмны купал і іншыя эфекты. Паводле яе слоў, на прагляд запрашаліся толькі ахвочыя — яўку ад настаўнікаў яна не патрабавала.
Спробы ствараць масавасць на праўладных мерапрыемствах за кошт прымусу школьнікаў, студэнтаў і салдатаў тэрміновай службы даўно сталі візітоўкай беларускага афіцыёзу. Таму і дзеці, і бацькі намагаюцца пазбегнуць такіх «добраахвотных» паходаў на спартовыя спаборніцтвы, канцэрты ды іншыя імпрэзы.
Варта памятаць, што калі мерапрыемства не з’яўляецца часткай адукацыйнай праграмы, ніхто не можа прымусіць дзіця ўдзельнічаць у ім. Усё, што адбываецца па-за навучальнай праграмай, кантралюе ўжо не школа, а бацькі.
Васьмікласніца паехала на бульбу ад школы і загінула
Верасень 2016, «Еўрарадыё»
Восенню 2016 года 11-я школа Маладзечна па загадзе раённага аддзела адукацыі накіравала сваіх вучняў у гаспадарку «Усход-агра» для збору бульбы. Але на полі адбыўся трагічны выпадак: вучаніца 8-га класа 13-гадовая Вікторыя Папчэня выпадкова трапіла пад колы грузавіка, які спрабаваў развярнуцца, і загінула.
Двое настаўнікаў, якія суправаджалі дзяцей, атрымалі па два гады «хатняй хіміі», дзве тысячы еўра штрафу і забарону на прафесію. Кіроўцу грузавіка прысудзілі тры гады хіміі. Дырэктара гаспадаркі «Усход-агра» звольнілі з пасады, дырэктар школы атрымаў вымову, а яго намеснікаў перавялі ў звычайныя настаўнікі.
Варта памятаць, што нельга прыцягваць да працы вучняў, якія не дасягнулі 14 гадоў.
Амаль у кожнага ёсць фота са школы, якое мы захоўваем «на доўгую памяць». Між тым, згодна з Законам «Аб абароне персанальных дадзеных», выява чалавека адносіцца да біяметрычных персанальных дадзеных. Гэта значыць, што для таго каб фатаграфаваць або здымаць відэа з удзелам чалавека, трэба атрымаць ягонае «свабоднае, адназначнае, інфармаванае выказванне волі». Калі размова ідзе пра дзяцей, то, згодна з заканадаўствам, такі дазвол могуць даць толькі бацькі ці афіцыйныя апекуны, прадстаўнікі органаў апекі. Адміністрацыя навучальнай установы не можа замяніць бацькоў ці апекуноў у гэтым пытанні.
У законе дакладна прапісаны ўзрост да 14 год, але фактычна гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца на дзяцей да 18 год за выключэннем тых выпадкаў, калі асоба да 18 год аб’яўленна цалкам дзеяздольнай (эмансіпацыя).
Больш карыснай інфармацыі ў памятцы ад Беларускага Хельсінскага Камітэту.
Важнае да тэмы:
Важна! Тэрмін падачы скаргі складае тры месяцы з дня, калі вы даведаліся аб дзеяннях (бяздзеянні), якія непасрэдна закранаюць правы, свабоды і законныя інтарэсы дзіцяці (ці вас). Пры падачы скаргі павінны быць прадстаўлены матэрыялы, якія пацвярджаюць парушэнне правоў, свабод і законных інтарэсаў суб’екта персанальных дадзеных.
Крымінальная адказнасць за парушэнне патрабаванняў аб апрацоўцы персанальных дадзеных прадугледжана ў артыкулах Крымінальнага кодэксу 203-1 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» і 203-2 «Невыкананне мер забеспячэння і абароны персанальных дадзеных».
Выхоўваць дзяцей у Беларусі — няпростая задача. Зрэшты, прасцей сказаць, што ў нашай краіне даецца лёгка і бяспечна. Мы не можам абараніць дзяцей ад уплыву дзяржавы ці ад дрэнных навінаў, але мы дакладана ў стане паспрабаваць абараніць іх ад ідэалагічнага ціску і навучыць іх быць самастойнымі і адказнымі грамадзянамі Беларусі.
Калажы Ксеніі Лагавой, sojka.io