Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Сацы — вёска, у архітэктуры якой, на думку даследчыка Яўгена Малікава, можна прасачыць уплыў народнага дойлідства Гомельшчыны.
Драўляная архітэктура Сацоў
Сацы (па-польску Soce) належаць да гміны Нараў Гайнаўскага павета. Сацы разам з Трасцянкай і Пухламі ўтвараюць турыстычны брэнд «Краіна адкрытых аканіц» на шляху «Дрэва і сакрум», бо тут добра захавалася драўляная архітэктура.
Аблічча рэгіёна вызначае разьбяны дэкор хат — ліштвы, аканіцы, карнізы, аздабленне вуглоў, ветраніцы. Уся забудова Сацоў ахоўваецца польскай дзяржавай як помнік архітэктуры.
Часта з’яўленне такога дэкору лічаць праявай расійскага культурнага ўплыву. Ці так гэта, мы спыталі спецыяліста па драўлянай архітэктуры, кандыдата мастацтвазнаўства Яўгена Малікава:
— Ці сапраўды дэкор падляскіх хат з’явіўся пад уплывам Расіі, у выніку вяртання мясцовых жыхароў з бежанства пасля Першай сусветнай вайны (такую версію часта можна пачуць на Беласточчыне)?
— Сапраўды, шырокі росквіт драўлянага разьбянога дэкору на Падляшшы пачынаецца ў 1920-х — 1930-х гг., пасля вяртання мясцовых жыхароў з бежанства. І гэта сапраўды ўсходні ўплыў, а Расія — частка шырока зразуметага Усходу. Але што гэта за Расія? Мой родны Гомель да 1926 года знаходзіўся ў складзе РСФСР. Розныя групы бежанцаў маглі спыніцца дзе заўгодна, ад Гомеля да Томска. Яны пабачылі ўпрыгожаныя драўляныя будынкі, вярнуліся дадому і ўзнавілі тое, што ім спадабалася. І на маю думку, падляскія разьбяныя аздобы больш падобныя да гомельскіх, чым да больш усходніх традыцый, пра якія ў нас кажуць «расійскі дэкор». Але новае, прынесенае, засвойвалася на мясцовай глебе, на даўнейшых традыцыях. На Беласточчыне і да Першай сусветнай хаты мелі драўляны дэкор, ён быў больш сціплым, але прапільная разьба з’явілася не на пустым месцы.
Мясцовыя мастацкія народныя густы ўплываюць на ўсе віды традыцыйнага мастацтва. У нас на Паўднёва-Усходняй Гомельшчыне самы дэкаратыўна аздоблены тэкстыль з усёй Беларусі, і менавіта на гэтай жа тэрыторыі самая яркая традыцыя разьбяных архітэктурных упрыгожанняў. Можна прасачыць нават агульныя матывы ва ўзорах ткацтва і драўлянага дэкору. А на Гарадзеншчыне, дзе аздабленне ткацтва больш сціплае, і ўпрыгожанні ў народным дойлідстве таксама сціплыя, зусім не такія, як ва Усходняй Беларусі. Агулам рэгіянальныя адметнасці дэкору драўляных будынкаў вельмі выразныя, толькі на Гомельшчыне я выдзяляю чатыры вельмі адрозныя паміж сабой традыцыі, геаграфічныя зоны. Дэкор мяняўся з часам: ад больш ранняга і простага да складанага. Яшчэ адбываўся ўзаемаўплыў розных традыцый. Таму складана казаць пра адзіную крыніцу разьбяных упрыгожанняў Падляшша. Але ўплыў бежанства — безумоўны! Толькі на Беласточчыне перанялі з усходу знешнія формы аздобаў, але змясцілі іх у кантэкст свайго, падляскага, светапогляду, які і зафіксавалі ў дэкоры.
— Другая версія паходжання драўлянага дэкору на Беласточчыне — таксама пра расійскі ўплыў, толькі ненаўпросты: капіяванне дэталяў царскіх урадавых будынкаў другой паловы ХІХ стагоддзя ў вёсцы Белавежа.
— Думаю, такое запазычанне магло адбыцца, але гэта толькі адна са шматлікіх крыніц. У перайманні з прафесійнай архітэктуры нічога незвычайнага няма. Напрыклад, у Гомелі я зафіксаваў дэталі гарадской драўлянай забудовы, падобныя да дэкору класіцыстычнага палаца Румянцавых-Паскевічаў, а ў Бабруйску — да элементаў знішчанага ў 1830-х гадах фасада езуіцкага касцёла. У Жлобіне і Рагачове сустракаюцца ліштвы, якія маюць аналогіі ў барочных франтонах магілёўскіх храмаў.
Частка разьбянога дэкору — гэта праяўленне стылю барока, які паступова пераходзіў з культавай архітэктуры ў жылую. Але ў Расіі, па вялікім рахунку, усё барока — завазное, створанае ў першую чаргу беларускімі майстрамі, якіх узялі ў палон падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Таму калі мы кажам пра запазычанні, то яшчэ незразумела, хто на каго на самай справе больш уплываў.
Вёска з чатырма аграсядзібамі і двума музеямі
Акрамя жылых будынкаў варта паглядзець праваслаўную капліцу прарока Іллі, які лічыцца святым ахоўнікам вёскі. Яна датуецца канцом ХІХ ці пачаткам ХХ стагоддзя. У 1990-х быў зроблены рамонт будынка, але захаваўся стары інтэр’ер.
У Сацах няма ўласнай царквы, бо вёска належаць да парафіі ў Пухлах. У Дзень святога прарока Іллі 2 жніўня ў капліцы адбываецца набажэнства, а потым — хросны ход па вёсцы (у Сацах яго завуць «працэсія»). Жыхары выстаўляюць ля сваіх дамоў столікі, на якія кладуць хлеб і запіскі за здароўе. Бацюшка моліцца ля кожнай сядзібы.
Праваслаўнае насельніцтва Сацоў размаўляе на мясцовай гаворцы, і некаторыя з іх лічаць сябе беларусамі. Вёска знаходзіцца на поўнач ад ракі Нараў, якая выступае ўмоўнай мяжой між беларускімі дыялектамі і ўкраінскімі, але некаторыя даследчыкі класіфікуюць гаворку Сацоў як украінскую. Самі жыхары Сацоў акрасляюць, што гавораць «по-своему», «по-нашому», «по-простому». Выказваюцца, напрыклад, такім чынам: «То такая мешаніна — польські, беларуські і украінські. Но найбольш то мы все украінські, бо у нас твэрды такі язык». Вядома, што ў міжваенны час у Сацах дзейнічала царква адвентыстаў, якія ладзілі набажэнствы па-беларуску. Падчас перапісу насельніцтва 1921 г. 92% жыхароў Сацоў задэкларавала беларускую нацыянальнасць.
У Сацах ёсць таксама слупавая капліца Яна Хрысціцеля 1861 года пабудовы.
Яна стаіць над рачулкай — прытокам Рудні. Кажуць, вада не замярзае нават у вялікі мароз. Яе выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.
У Сацах дзейнічае чатыры аграсядзібы, дзве з якіх сабралі ўласныя этнаграфічныя музеі.
У музеях будзе цікава і спецыялісту, які займаецца традыцыйнай культурай, і проста турысту.
Крыжы з чатырох бакоў вёскі
Сацы на ўездах ахоўваюць крыжы, пастаўленыя падчас эпідэміі халеры ў 1895 годзе. Нібы іх зрабілі мужчыны за адну ноч, а жанчыны спралі нітку, якой абвязалі вёску па перыметры, ад крыжа да крыжа, і хвароба адступіла.
Вось як расказалі гэту гісторыю 90-гадовая жыхарка Сацоў Яўгенія Андрэюк і яе дачка:
— Колі́сь была хвароба. Холера звалі. Да так людзі мэрлі́, што вжэ і трунаў нэ робілі, ужэ так закопвалі. Ужэ не мелі з чаго зробіті, то вжэ так. А пузней офяроваліся все, коб напрасті такую довгу нітку за одын дэнь, за ноч. Коб обточыті гэты дзве в’ёскі тое ніткою (маюцца на ўвазе дзве часткі Сацоў, якія знаходзяцца па розныя бакі рэчкі — рэд.).
То пралі, пралі бабы́. А мужчыны коб чтыры крыжы зробілі. З ка́мэня выковалі і поставілі... І за ноч мусілі зробіті гэто всё. Коб затры́маті хоробу. Як робілі гэты крыжы і гэтою ніткою обвэлі, то хворобу затры́малі. А якая правда? Так перека́зуют одно другім, што хороба затры́малася.
О́ны прыбраны фартушкамі і прыбраны тасемкай, коснікамі, так, у вас говорат «коснікі»? Бо в нас — «встонжкі». Давно-давно то квя́тамі вбіралі. Такімі жывымі. Рвалі, у кого в городці там цвілі хорошы. І вбіралі од вэрха́ аж праве до нізу квя́тамі. Ну то так после пов’януть, посохнуть.
З гісторыі Сацоў
Першы раз Сацы згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1541 годзе. Тады вяскоўцам паменшылі падаткі, якія на іх раней наклала каралева Бона. Па легендзе, назва вёскі паходзіць ад дзеяслова «сачыцца»: першыя насельнікі гэтай зямлі заўважылі тут струмень, які ледзь сачыўся з зямлі.
Вёску з вулічнай планіроўкай дзеліць на дзве часткі рака Рудня. Частка на высокім беразе завецца Сухляны, а на нізкім — Макраны. Раней падчас вясновай паводкі Макраны часта затоплівала.
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны жыхары Сацоў, як і шматлікіх іншых падляскіх вёсак, вымушаны былі з’ехаць як бежанцы ў глыб Расіі. Іх хаты спалілі расійскія казакі, каб людзі не маглі застацца. Па вусных аповедах жыхароў, ацалела 7 мураваных і 5 драўляных будынкаў, а яшчэ кузня.
Частка вяскоўцаў перажыла вайну і вярнулася ў родную вёску ў 1919 г., наноў паставілі свае хаты і гаспадарчыя будынкі. З таго часу у Сацах пачынаецца росквіт драўлянага дэкору, які ў пачатку ХХІ стагоддзя зрабіў іх прывабным месцам для турыстаў.
Алена Ляшкевіч, для budzma.org
Фота аўтаркі
Для падрыхтоўкі артыкула выкарыстана кніга Ежы Раецкага «Klimaty Podlasia. Przewodnik po krainie otwartych okiennic»