«Унікальная сітуацыя». У Беларусі археолагі праводзяць падводныя раскопкі — вось што ўдалося знайсці сёлета

Беларускія археолагі працягваюць падводныя даследаванні — сёлета на дзвюх пляцоўках знайшлі артэфакты розных эпох, паведаміў на прэс-канферэнцыі навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Ліневіч, піша «Люстэрка».

Raskopki na voziery Sialiava
Раскопкі на возеры Сялява. Фота з асабістага архіва навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Аляксандра Вашанава

«Калі ў мінулыя гады мы працавалі на глыбінях каля 1,5 м, цяпер — каля 2 м. Але з іншага боку, гэта забяспечыла добрую празрыстасць вады. На дадзены момант мы скончылі некалькі падводных экспедыцый — на Крывінскім тарфянішчы, на возеры Сялява», — распавёў Сяргей Ліневіч.

Крывінскі тарфянік — гэта ўнікальны археалагічны помнік на тэрыторыі Еўропы са стаянкамі эпохі неаліту, знаходзіцца ў Сенненскім і Бешанковіцкім раёнах. Там знаходзілі артэфакты сярэдзіны трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.

«Там захавалася арганіка пад стэрыльным пластом торфу на глыбіні больш за 2 м. Мала дзе ў Еўропе мы можам зазірнуць у мінулае — літаральна ў акно неалітычнай пабудовы, паглядзець, як там размяшчаліся рэчы. Мы маем справу з адным з самых старажытных жылых комплексаў, якія захаваліся на нашай тэрыторыі, ён вельмі значны для нашай гісторыі. У гэтым годзе з’явіліся новыя артэфакты — набор касцяных упрыгожванняў, прылады працы з косці і каменя», — распавёў навуковец.

Возера Сялява знаходзіцца ў Крупскім раёне. Там на тэрыторыі гарадзішча Клішына размешчаны найстаражытныя могілкі Беларусі. Нядаўнія знаходкі хутчэй за ўсё належаць днепра-дзвінскай культуры, якая жыла на нашых землях з VIII стагоддзя да нашай эры па IV стагоддзе нашай эры.

Комплексная экспедыцыя з падводнымі і наземнымі даследаваннямі на Сяляве выявіла вельмі багаты матэрыял сёлета. Там «унікальная сітуацыя: пад метровым шурфам — каменная шліфаваная сякера».

«У цэлым унікальныя артэфакты ў Клішынскім мікрарэгіёне. У прыватнасці, на невялікім пярэсмыку шырынёй 10-12 м мы ў выніку шурфоўкі знаходзім матэрыялы, якія закранаюць фактычна ўсе эпохі — ад мезаліту да жалезнага стагоддзя. Перад намі ставяцца новыя задачы — як гэты аб’ект вывучыць і як яго захаваць для будучых пакаленняў», — паведаміў Ліневіч.