У Вільні ў выдавецтве Gudų Kultūros Draugija Lietuvoje (Таварыства беларускай культуры ў Лeтуве) пры падтрымцы Цэнтра гендарных даследаванняў ЕГУ і Літаратурнай рэзідэнцыі Граца (Аўстрыя) выйшаў у свет пераклад рамана «Падзея» францускай пісьменніцы Ані Эрно. Гэта першы тэкст французскай жывой літаратурнай класікіні, даступны па-беларуску, піша Уладзіслаў Гарбацкі на старонках «Новага Часу».
Ані Эрно
Сёлета пісьменніцы споўніўся 81 год. Асноўная частка твораў Ані Эрно напісана на аснове аўтабіяграфічнага матэрыялу ў сацыялягічным стылі. Пад гэтым стылем варта разумець рэвізію панятку аўтабіяграфіі, у якой інтымнае, прыватнае заўсёды ахоплівае і выкрывае сацыяльны кантэкст, сацыяльную гісторыю. А. Эрно часта кажа пра тое, што ў індывідуальнай памяці месціцца і калектыўная памяць, а таму важна пісаць пра свой індывідуальны досвед, каб калектыўная памяць не ператварылася ў недатыкальную і сакральную памяць.
У творах пісьменніцы ўсюды бачыцца гэты аўтабіяграфічны ці сацыялагічны стыль: у раманах «Месца», «Сорам» у цэнтры паўстае тэма сацыяльнага росту яе бацькоў, у рамане «Здранцвелая жанчына» яна распавядае пра сваё замужжа, у раманах «Занятак» і «Простая жарсць» яна піша пра свае каханні, у рамане «Падзея» аўтарка раскрывае тэму спарону (lat. sporon — аборт. — НЧ), які яна зрабіла.
Французская вокладка рамана «Падзея»
Два асобныя тэксты яна прысвяціла сваёй маці — у рамане «Я так і не выйшла з сваёй начы» аўтарка закранае праблему хваробы Альцгеймера, на якую захварэла маці, а ў тэксце «Кабета» апісала яе смерць. Зрэшты, у рамане «Выкарыстанне фота» А. Эрно распавяла пра тое, як яна перажыла рак грудзей. Падаецца, простая і цікавая цытата з раману «Гады» цудоўна рэзюмуе як усю творчасць пісьменніцы, так і асноўную прычыну, па якой яна піша: "Захаваць што-небудзь з тых часоў, якія мы пакінулі навечна".
Ані Эрно
Ані Эрно з’яўляецца адной з самых папулярных ва ўніверсітэцкіх колах пісьменніцай — яе тэксты аналізуюцца, даследуюцца, на ўсе яе раманы напісаныя і абароненыя сотні дысертацыяў па сацыялогіі і літаратуры. Да ўсяго яна застаецца мэтрэсай французскай літаратуры, хоць крытыкі часта і кідаюць у яе бок воклічы накшталт «агітатарка» і «мізэрабілістка», то-бок тая, хто апісвае ўсё змрочана і безвыходна.
Яна не хавае сваіх інтэлектуальных і палітычных левых і фемінісцкіх поглядаў, яна часта падкрэслівае свае арыенціры — Сімона дэ Бавуар, П’ер Бурд’ё, Жан-Люк Мэленшон. У 2018 годзе пісьменніца актыўна падтрымала рух «жоўтыя камізэлькі» і падпісала разам з іншымі 1400 публічнымі асобамі ў сферы культуры ліст у газеце «Libération» у падтрымку руху. У 2020 годзе яна зноў крытыкуе ўлады ў зачытаным на радыё «France Inter» адрытым лісце прэзідэнту Э. Макрону, у якім абвінавачвае яго ў стварэнні новых сацыяльных бар’ераў у французскім грамадстве і, па сутнасці, у расколе грамадства.
Беларуская вокладка рамана «Падзея»
Беларускае чытацтва ўпершыню пазнаёміцца з творчасцю пісьменніцы. Увазе чытачак і чытачоў прапаноўваецца раман «Падзея» («L’Événement»), напісаны ў 1999 годзе і прысвечаны балючай тэме спарону, які пісьменніца ажыццявіла трыццаць шэсць год таму ў Францыі, калі там яшчэ былі забароненыя аборты. Акрамя складанай псіхалагічнай асабістай сітуацыі, у творы паўстае агульная карціна тагачаснай сацыяльна-палітычнай Францыі, якая не вырашала праблемы, а проста яе замарожвала. Твор дасюль актуальны і важны, напрыклад, на фоне забароны спаронаў зусім побач — у Польшчы ці іншых кутках свету. У самой назве рамана хаваецца значнае сацыяльнае пасланне: гэта не проста нейкая асабістая дзея і пакута адной жанчыны, гэта схаваная вялікая падзея, якая ўрэшце выбухнула моцным супрацівам і вылілася ў сапраўдную палітычную падзею.
Таксама варта пазначыць, што Ані Эрно актыўна сочыць за падзеямі ў Беларусі і ўсім сэрцам салідарная з беларусамі, асабліва беларускамі ў белым, якімі яна моўчкі захапляецца.
Зрэшты, многія тэксты пісьменніцы экранізаваныя. Дарэчы, раман «Падзея», які цяпер даступны па-беларуску, быў зусім нядаўна экранізаваны французскай рэжысёркай Адрэ Дзіван і да ўсяго ўганараваны «Залатым львом» на 78-м Венецыянскім кінафестывалі ў верасні. Таму мажліва будзе не толькі прачытаць тэкст, але і азнаёміцца з кінематаграфічнай версіяй твору.
Афіша экранізацыі «Падзеі»
Ад рэдакцыі «Новага Часу»:
«Наш аўтар Уладзіслаў Гарбацкі сціпла змаўчаў пра тое, што менавіта ён з’яўляецца перакладчыкам рамана Ані Эрно "Падзея" на беларускую мову. Шчыра віншуем нашага калегу і зычым плёну ў далейшай працы адкрывання пярлін сусветнага мастацтва для беларускай публікі!»