На сустрэчы з паэтэсай Верай Буланда ў санаторыі “Сасновы бор”, якая адбылася 27 чэрвеня а 16.00 гадзіне, сабраліся ў асноўным рускамоўныя слухачы: хто з Масквы, а хто з Санкт-Пецярбурга, былі аж з далёкай Цюмені. Але ў першыя хвіліны размовы ўсе з уважлівасцю слухалі размову на беларускай мове, а чытанне вершаў сустракалі апладысментамі. Вельмі былі ўзрушаны радкамі пра Радзіму, маці, філасофскімі разважаннямі аб сэнсе жыцця, аб месцы паэта ў паэзіі:
Паэзія – мая гаспода і мой храм,
Дзявочая святая летуценнасць,
Даверлівасць прагнозам і вятрам,
Што сталі назаўжды няўлоным ценем.
Паэзія, мне без цябе не жыць,
Не існаваць, не плыць па ўласным лёсе,
Як строгі мытнік рыфмы на мяжы
Радкоў спантанных літасці не просіш…
Прысутнічалі ў зале і адпачываючыя з Беларусі, якія, як высветлілася ў час размовы, любяць паэзію з дзяцінства і самі пішуць, друкуюцца ў раёнцы. Таксама слухачоў цікавіла, на якія тэмы з задавальненнем пішуцца вершы, а на пытанне, чаму вершы ў большасці паэтаў, гэтак жа як і спадарыні Веры, вершы сумныя, на што паэтэса прыгадала размову журналістаў з Робертам Раждзественскім. Яны аднойчы задалі рускаму паэту аналагічнае пытанне. Адказ ягоны прагучаў сустрэчным пытаннем: “А вы можаце мне назваць вельмі шчаслівага і багатага чалавека, які пісаў бы вершы?”
Напрыканцы сустрэчы расійскія госці адзначылі мілагучнасць і прыгажосць беларускай мовы, пажадалі паэтэсе поспехаў у творчасці і шчасця ў жыцці. А адзін з адпачываючых нават вершы ўзяў з сабой, каб падарыць іх музею М. Рубцова ў Санкт-Пецярбурзе.
Самым актыўным слухачам ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў якасці падарункаў былі ўручаны торбачкі, майкі, дыскі з цікавосткамі, паштоўкі “Мы – адметныя”.