Вясна ў Нароўлі: Пётр Кузняцоў распавёў, як Палац Горватаў перажыў зіму — фотафакт

Пакуль у сацыяльных сетках наракаюць на «павольную» працу ў вядомым Палацы Горватаў у Нароўлі, бізнесмен, саўладальнік сядзібы Пётр Кузняцоў распавёў пра сапраўдны тэмп аднаўлення і планы на будучыню, піша reform.news са спасылкай на сторонку Пятра Кузняцова ў Фэйсбук.

Naraŭlanski pałac
Нараўлянскі палац напрыканцы 2025 года. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова

Нагодай для допісу стаў каментар у Instagram палаца, дзе карыстальнікі палічылі тэмпы рэстаўрацыі недастатковымі. Кузняцоў рэзка парыраваў гэтыя закіды, прывёўшы прыклад апошняй зімы.

«Між іншым, пакуль нехта пісаў такія каментары, вось гэтай зімой, калі два месяцы былі маразы за −20, людзі ў неацепляным будынку падшывалі столю. Што б хто ні казаў, мы ўсё адно рушым наперад», — заявіў куратар.

Naraŭlanski pałac
Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова

Вынік 19 месяцаў: ад разбураных сценаў да новага даху

Раней Пётр Кузняцоў нагадаў, што з самага пачатку кансервацыйных і будаўнічых прац на аб’екце, была выканана «задача-мінімум», якая фактычна выратавала будынак ад разбурэння:

  • Кроўля: цалкам адбудаваны вярхі муроў і ўсталяваны дах, што спыніла разбурэнне інтэр’ераў ападкамі.

  • Дэкор і канструктыў: адрэстаўраваны ўсе паддахавыя элементы, гістарычныя карнізы і порцікі.

  • Муроўка: па ўсім перыметры адноўлена цэглы, якая абсыпалася (месцамі давялося перакладаць да 9 радоў).

Юрыдычная перамога: яшчэ тры гады на рэстаўрацыю

Менавіта бачны прагрэс і праца насуперак абставінам сталі важкім аргументам для ўладаў. Тэрмін выканання ўмоў дамовы па рэстаўрацыі палаца павінен быў скончыцца ў лістападзе 2025 года. Калі б каманда не паказала вынікаў, сядзібу маглі б канфіскаваць.

Аднак, ацаніўшы зроблены маштаб, мясцовы райвыканкам і Савет дэпутатаў прынялі рашэнне працягнуць тэрмін яшчэ на тры гады — гэта максімальна магчымы перыяд па законе.

Naraŭlanski pałac
Карнізы, порцікі, цэгляная кладка, дымаходы і фактычна завершаны дах — будынак палацу ў кастрычніку 2025 году. Фота: сацсеткі Пятра Кузняцова

Зараз каманда Горватаў пераходзіць ад экстраных мер па кансервацыі да наступнага кроку — ператварэння палаца ў турыстычны цэнтр.

Палац Горватаў быў выкуплены ў 2020 годзе ТАА «Над Прыпяццю», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Андрэй Горват, Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў. За пакупку палацава-паркавага ансамбля з аварыйным двухпавярховым будынкам палаца плошчай 1,5 тыс. кв. метраў з участкам больш за гектар (ён выдзелены ў арэнду на 50 гадоў) аднадумцы заплацілі 53 357 рублёў на электронным аўкцыёне. Пасля ад’езду Андрэя Горвата за мяжу з’явіліся плёткі, што ўсе працы на аб’екце спынены. Аднак Пётр Кузняцоў у 2023 годзе адпрэчыў гэту інфармацыю.