Новая кніга Андрэя Горвата называецца «Дом». Гэта кніга пра нараўлянскі палац — стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з асабістай гісторыяй аўтара кнігі. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі.
«Кніга пісалася ў розныя гады, пачынаючы з 2021-га. Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэту гісторыю — сваю і дома. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў.
«Дом» — гэта не толькі тэкст, але і прыгожая рэч. Я стараўся зрабіць такую кнігу, якую хацелася б захоўваць», — напісаў аўтар на сваёй старонцы ў Фэйбук.
У кнізе шмат старых і сучасных фотаздымкаў, што дазваляе акунуцца ў атмасферу палаца, вандраваць па яго пакоях і наваколлі. Цвёрдая вокладка надзейна захоўвае змест кнігі і надае пачуццё грунтоўнасці. Унутры — шчыльная крэйдаваная папера крэмавага колеру, прыемная для вачэй і на дотык.
Прачытаць урывак з кнігі, знайсці ўсю інфармацыю альбо набыць кнігу можна на сайце dadomu.com.
«Гэта адзінае месца, дзе можна набыць «ДОМ». Як гэта зрабіць з Беларусі, пакуль што я не маю адказу. Але адказ будзе», — адзначае аўтар кнігі.
Таксама кніга найбліжэйшым часам з’явіцца ў Вільні, Беластоку, Варшаве, Гданьску і Познані.