Палацы Віцебскай вобласці: частка 2

28.05.2021 Краіна

Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Таму «Будзьма» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам — далей пра палацы Віцебскай вобласці.


Палац Плятэраў

Опса. Пэўна, гэта адзін з найпрыгажэйшых палацаў, якія захаваліся ў Віцебскай вобласці. Палац знаходзіцца ў маляўнічым месцы на самым беразе возера Опса. Ён быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя прадстаўніком славутага роду (шмат у чым дзякуючы Эміліі Плятэр) — Феліксам Плятэрам. Але гісторыя не дазволіла гаспадару абжыцца ў палацы, бо ўжо з пачаткам Першай сусветнай вайны тут размясціўся шпіталь і штаб вайсковай часткі, а пасля вайны Фелікс Плятэр прадаў палац дзяржаве для сельсказемляробчай школы (якая, дарэчы, лічылася адной з найлепшых у Польшчы).

Палац Плятэраў (здымак_planetabelarus.by).jpg
Фота: planetabelarus.by

Пасля Другой сусветнай вайны, калі ў палацы размяшчаліся шпіталі, будынак аддалі для школы-інтэрната. Канчаткова ўнутраную структуру палаца знішчыла Беларускае таварыства інвалідаў, якому перадалі будынак і якое ўзялося яго перабудоўваць. Сёння, нягледзячы на шматлікія планы інвестыцый і рэканструкцыі, шыкоўны палац працягвае руйнавацца.

Палацы Віцебскай вобласці. Падрабязны гайд

Палац Лапацінскіх

Лявонпаль. Гэты палац адметны сваёй нетыповай гісторыяй, а дакладней перабудовай у касцёл, элементы якога захаваліся дагэтуль. У XVIII фальварак Чурылавічы набыў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мікалай Лапацінскі, які і пераназваў яго ў гонар свайго бацькі Лявона (героя Турэцкай вайны). У 1750 годзе ў фальварку быў пабудаваны палац, дзеля чаго Мікалай нават запрасіў італьянскага архітэктара. Адметна, што ў вёсцы захавалася і калона ў гонар Канстытуцыі 1791 года (раней такія ўсталёўвалі па ўсёй Беларусі, але сёння захаваліся толькі адзінкі). У часы росквіту ў палацы была вялікая бібліятэка, калекцыі твораў мастацтва (нават некалькі карцін Рубенса) і зброі.

Палац Лапацінскіх (здымак traveling.by).jpg
Фота: traveling.by

Падчас паўстання 1830–1831 гадоў палац захапілі, разрабавалі і спалілі казакі. У 1920-я палац быў перабудаваны пад касцёл, які месціўся тут да 1939 года. За савецкімі часамі ў будынку размяшчаліся праўленне калгаса, малаказавод, школа, тэхнікум, прафілакторый.

Палац Храптовічаў

Бешанковічы. Палацава-паркавы комплекс у Бешанковічах адносіцца да XVII стагоддзя, калі прадстаўнік знакамітага роду Агінскіх — дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ Ян Агінскі — пабудаваў тут сваю сядзібу. Ужо ў 1770 годзе свой палац пабудаваў новы гаспадар Бешанковічаў — славуты беларускі дзеяч Іахім Храптовіч, які неўзабаве заняў пасаду канцлера ВКЛ.

Палац Храптовічаў (здымак radzima.org).jpg
Фота: radzima.org

З палацавым комплексам у Бешанковічах звязаныя і іншыя вядомыя імёны. Так, у 1708 годзе тут некалькі разоў бываў Пётр І, у 1812 годзе ў палацы некаторы час размяшчаўся штаб Напалеона, а пазней — Аляксандра І.

Палац Рудніцкіх

Асадка-Дзедзіна. Палац ХІХ стагоддзя будаваўся ў вёсцы Асадка-Дзедзіна дзесяць гадоў, з 1810 да 1820-га, на замову суддзі і прадстаўніка шляхецкага беларускага роду Аляксандра Рудніцкага. Але найбольш драматычная гісторыя звязана з ягоным сынам, які стаў новым уладальнікам палаца.

Палац Рудніцкіх (здымак wikipedia).jpg
Фота: wikimedia.org

Зігмунд Рудніцкі праз гулянкі і п’янства праматаў спадчыну і быў вымушаны аддаць палац за даўгі роду Вішнявецкіх. Перад Другой сусветнай вайной сваячка Рудніцкіх выкупіла палац назад і перадала яго на патрэбы Вінніцкаму ўніверсітэту. А неўзабаве, у 1939 годзе, у вёску вярнуўся сам Зігмунд, якога нямецкае кіраўніцтва прызначыла старастам. Праўда, чалавекам ён аказаўся нязлым і сабатаваў акупацыйныя загады, таму ў выніку быў расстраляны немцамі.

За савецкімі часамі ў будынку палаца размяшчалася адміністрацыя мясцовага калгаса. Цяпер, у сучаснай Беларусі, ён занядбаны руйнуецца.

Палац Козел-Паклеўскіх

Быкаўшчына. На сёння палац выглядае трошкі незвычайна і складаецца з цаглянага і драўлянага блокаў. Пэўна, найбольш знакамітым гаспадаром (які, дарэчы, у Быкаўшчыне нарадзіўся, памёр і пахаваны) быў Альфонс Козел-Паклеўскі, які атрымаў палац у спадчыну. Спачатку Альфонс рабіў кар’еру чыноўніка ў Расіі, але паступова ператварыўся ў надзвычай багатага прадпрымальніка. Настолькі багатага, што сёння яго б называлі алігархам. Так, ён валодаў параходамі, заводамі, будаваў чыгуначную магістраль, стварыў банк, валодаў залатымі і срэбнымі руднікамі і нават капальнямі ізумрудаў.

Палац Козел-Паклеўскіх (здымак wikipedia).jpg
Фота: wikimedia.org

У спадчыну палац перайшоў ад Альфонса да ягонага сына Вікенція, які займаў у Расійскай імперыі значныя пасады і меў чыны, сярод якіх — правадзейны стацкі саветнік. Пазней тут зрабілі дзіцячы дом, а сёння палац з’яўляецца звычайным жылым домам.

Палац Цюндзявіцкіх

Палац Цюндзявіцкіх (здымак vedaj.by).jpg
Фота: vedaj.by

Галошава. Палац у вёсцы Галошава быў пабудаваны ў 1897 годзе па загадзе Міхала Цюндзявіцкага побач са старым драўляным палацам. Адметна, што Міхал, інжынер па адукацыі, спраектаваў у маёнтку шэраг будынкаў, сярод якіх — і цагляны завод. Менавіта з гэтай цэглы быў пабудаваны і сам палац. Унутры былі сямейная бібліятэка, збор твораў мастацтва, калекцыя зброі і антыкварыяту. Але родавая гісторыя палаца аказалася кароткай, бо з прыходам бальшавікоў Цюндзявіцкія мусілі развітацца са сваім домам і эміграваць. Сёлета ўлады планавалі знесці палац, але актывістам і журналістам пакуль удалося выратаваць яго ад знішчэння.

Палац Лубенскіх

Палац Лубенскіх (здымак wikipedia).jpg
Фота: wikimedia.org

Межава. Доўгі час Межава належала роду Любамірскіх (а перад гэтым — Сапегам і графу Пацёмкіну). У канцы ХІХ стагоддзя новы ўладальнік Межава Леў Лубенскі, які займаў значныя дзяржаўныя пасады ў Расійскай імперыі, а пазней быў дыпламатам і сенатарам Польшчы, пабудаваў палац незвычайнага выгляду ў стылі мадэрн. Палац напаткаў настолькі ж незвычайны лёс: сёння ў ім адначасова размяшчаюцца сельскі клуб, праваслаўная царква і крамы.

Кірыл Стаселька, Budzma.by