Эпідэмічная сітуацыя парушыла турыстычныя планы, і многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Таму «Будзьма» працягвае адмысловы гайд па палацах. Гэтым разам — пра палацы Віцебскай вобласці.
Палац Бішэўскіх
Фота: wikimedia.org
Лынтупы. Прыгожы вытанчаны палац у Лынтупах быў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Не менш прыгожая гісторыя яго ўзнікнення. Згодна з легендай, Юзаф Бішэўскі закахаўся ў французскую акторку, з якой хацеў пабрацца. Але яна паставіла ўмову: пабудаваць палац. Юзаф сапраўды пабудаваў для яе прыгожы палац, над якім працаваў вядомы польскі архітэктар, а яна нібы сапраўды прыехала, але не ацаніла намаганняў залётніка і адмовіла. Пакоі былі ў розных стылях і колерах, мелі ўласныя назвы. А вакол быў прыгожы сад з сажалкамі.
У 1939 годзе гаспадар, каб пазбегнуць рэпрэсій з боку камуністаў, быў вымушаны з’ехаць. Пазней у палацы размяшчаліся канторы, жылі вайскоўцы, некаторы час працавала школа. У 2010 годзе палац выкупіў расійскі інвестар, каб зрабіць у ім установу адпачынку.
Палац Гласка
Фота: wikimedia.org
Расоны. Палац у псеўдагатычным стылі, які нагадвае замак, быў пабудаваны ў Расонах у самым пачатку ХХ стагоддзя. Гісторыя яго ўзнікнення вельмі падобная на гісторыю палаца Бішэўскіх. Згодна з легендай, Станіслаў Гласка закахаўся ў польку з багатай сям’і і хацеў з ёй пабрацца, і яна гэтаксама пагадзілася пры ўмове, што жаніх пабудуе палац.
Палац быў узведзены па праекце архітэктара Эдмунда Фрыка, але яго родавая гісторыя аказалася зусім кароткай. Гласка ў сувязі з рэвалюцый быў вымушаны эміграваць у Нямеччыну, а палац разрабавалі. Пазней у ім размяшчаліся НКУС, міліцыя і нават турма, а яшчэ пазней — выканаўчы камітэт, дом састарэлых, адукацыйныя ўстановы і цэнтр дзяцей і моладзі.
Палац Любамірскіх
Фота: wikimedia.org
Юрцава. Палац Любамірскіх у вёсцы Юрцава, можа, і не такі папулярны, але, нягледзячы на ўзрост, мае не такую насычаную гісторыю, як многія іншыя беларускія палацы. Ён досыць арыгінальны, цікавы візуальна, нагадвае замак з магутнымі вежамі. Палац быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі і спачатку належаў багатаму роду Любамірскіх (Канстанціну, які змагаўся на баку Напалеона), а пазней — Грабоўскім. Некаторы час у палацы размяшчаўся шпіталь, доўгі час ён, закінуты, руйнаваўся, але нядаўна нібыта пачалася рэканструкцыя.
Палац Грабніцкіх
Фота: wikimedia.org
Арэхаўна. Некалі багаты і вельмі прыгожы, а цяпер занядбаны палац быў пабудаваны ў Арэхаўне ў 1840 годзе. Спачатку яго ўладальнікамі былі прадстаўнікі роду Грабніцкіх, а пазней — імаверна, у сувязі з удзелам Отана Грабніцкага ў паўстанні 1863–1864 гадоў і далейшай высылкай на катаргу — уладальнікам палаца стаў яго стрыечны брат Адам (навуковец і прафесар), чые сыны сталі апошнімі спадкаемцамі палаца. Унутры месцілася вялікая бібліятэка на 1200 тамоў, родавы архіў, дарагія ювелірныя ўпрыгажэнні і шматлікія калекцыі, у тым ліку з карцінамі Дэлакруа.
Пасля рэвалюцыі палац разрабавалі. Пазней тут знаходзіўся шпіталь, а за савецкімі часамі працавала школа. Цяпер палац знішчаецца і знаходзіцца ў жахлівым стане.
Палац Шырынаў
Фота: wikimedia.org
Германавічы. Палац быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. Пачатак будаўніцтва звязаны з родам Гільзенаў, але завершанае яно было ўжо пры новых уладальніках — графскім родзе Шырынаў. У прыватнасці палац звязаны з імем падкаморнага дзісенскага Юстына Шырына. Згодна з адной з легенд, тут некалі быў Напалеон, які нават хрысціў сына Шырына, але паводле іншай версіі, аднаго з сыноў хрысціў расійскі імператар. Адметна, што ўжо ў ХХ стагоддзі ў Германавічах заклаў культурніцкі асяродак Язэп Драздовіч, які ладзіў тут вандроўкі і пленэры. У прыватнасці таму ў палацы цяпер працуе не толькі дзіцячы садок, але і музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча.
Палац Тызенгаўзаў
Фота: cepia.ru
Паставы. Ініцыятарам будаўніцтва палаца ў Паставах стаў у канцы XVIII стагоддзя славуты дзеяч ВКЛ Антоній Тызенгаўз, а завяршэнне і далейшы лёс пабудовы ў большай ступені звязаны з імем навукоўца Канстанціна Тызенгаўза. Менавіта ён стварыў у палацы адзін з найбольш значных у Еўропе арніталагічных музеяў, які, дарэчы, служыў базай біялагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Акрамя таго, у палацы месціліся таксідэрмічная майстэрня, вялікая бібліятэка і карцінная галерэя. Варта адзначыць, што ў калекцыі карцін былі нават творы Леанарда да Вінчы, Дзюрэра, Рубенса і Рэмбрандта. Усе гэтыя багацці палаца скралі або павывозілі ў суседнія краіны.
Пазней, у ХХ стагоддзі, у палацы размяшчаліся кавалерыйская частка і бальніца. Але палацу Тызенгаўзаў пашанцавала больш за многія беларускія палацы. У 2000-х дзякуючы гранту ад ЮНЕСКА і дапамозе адмыслоўцаў з Літвы і Латвіі ён быў адрэстаўраваны (таксама на выдаткаваныя грошы набылі экспанаты).
Палац Зіберг-Плятэраў
Фота: wikimedia.org
Гарадзец. Палац быў пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя яшчэ за магнатам Валяр’янам Жабам. А пазней і да пачатку ХХ стагоддзя належаў Зіберг-Плятэрам. Варта адзначыць, што будынак палаца захаваўся нядрэнна. Акрамя таго, захаваліся капліца, бровар, млын, гаспадарчыя пабудовы і іншае. Вядома, у ХХ стагоддзі палац выкарыстоўваўся савецкімі ўладамі пад патрэбы мясцовага калгаса.
Палац Ваўжэцкіх
Фота: wikimedia.org
Відзы Лаўчынскія. Мясцовы палац нечым падобны на папярэдні і таксама быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Менавіта тут памёр Тамаш Ваўжэцкі — палітык, дзяржаўны дзеяч і не толькі ўдзельнік, але і адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя і да 1939 года палацам валодалі Мінейкі. У розныя часы палац наведвалі вядомыя асобы, сярод якіх быў і Адам Міцкевіч. За савецкімі часамі палац прыстасавалі пад патрэбы калгаса. Сёння некалі шыкоўны палац выглядае занядбаным і паступова руйнуецца.
Кірыл Стаселька, Budzma.by