А ці ведалі вы, што папулярная закуска да пенных напояў пад назвай паленіца, мае беларускія карані? Як страва была звязаная з ваярамі ВКЛ яшчэ з XVІ стагоддзя? З чым яе ўжывалі? Выпраўляемся ў гістарычнае кулінарнае падарожжа і гатуем паленіцу разам.
Як з’явіліся першыя грэнкі?
Першы хлеб, падобны да таго, што мы можам сёння купіць у крамах, з’явіўся яшчэ за часамі Старажытнага Егіпта і быў дражджавым на адмысловай заквасцы. Ужывалі яго як самастойную страву, а таксама ў дадатак да іншых тагачасных ласункаў. Людзі хутка зразумелі, што хлеб з часам падсыхае, але застаецца прыдатным да ўжытку — так з’явіліся першыя сухары. Дзелячы булку хлеба на кавалкі і падсушваючы іх, старажытныя егіпцяне захоўвалі хлеб надоўга.
Старажытныя егіпцяне пякуць хлеб
Першыя спробы асэнсавана гатаваць грэнкі належаць старажытным рымлянам. Каля V стагоддзя да нашай эры рымскія легіянеры вымочвалі лусты хлеба ў малацэ і смажылі іх. На еўрапейскім кантыненце ў Сярэднявеччы грэнкі дадавалі ў поліўкі, каб стравы былі больш сытнымі.
Рымскія легіянеры за абедам
Закуска ваяроў — паленіца ці патапцы
На ўкраінскіх землях грэнкі называлі патапцамі, смажылі на алеі, сале ці тлушчы і елі іх з супамі ўпрыкуску або засыпалі наўпрост у страву. Быў і іншы варыянт прыгатавання грэнак, даволі папулярны з сярэдзіны XVІ стагоддзя сярод ваярскага саслоўя. На паўднёвых землях Вялікага Княства Літоўскага ласунак таксама называлі патапцамі. А на поўначы — паленіцай, бо кавалкі смажанага хлеба былі падобныя да драўляных пален, якімі тапілі печы.
Такой паленіцай ці патапцамі закусвалі моцныя напоі. Страва была чымсьці падобная да сучаснага бутэрброда. На патэльні тапілі кавалкі сала, нарэзанага пластамі. Затым на тлушчы абсмажвалі з абодвух бакоў кавалкі жытняга хлеба да хрумсткай скарыначкі. Клалі на хлеб кавалак сала і пасыпалі здробненым часнаком, зелянінай, мачалі ў смятану.
Вячэра запарожскіх ваяроў
Паленіца і паляни́ця: у чым розніца?
Некалькі гадоў таму ў сеціве з’явіўся мем «паляни́ця». Гэта такі своеасаблівы зварот да суразмоўцы з патрабаваннем сказаць украінскае слова «паляни́ця», якое выкарыстоўваецца ва Украіне як сродак зразумець, ці з’яўляецца ўкраінская мова для чалавека роднай.
А што такое тая самая «паляни́ця»? Гэта пшанічны пляскаты і круглы святочны хлеб з адмысловай «шапкай» зверху, якую атрымлівалі з дапамогай надрэзаў. Паляніца была і застаецца папулярнай выпечкай як ва Украіне, так і на поўдні Беларусі.
Хлеб «Паляніца»
Такім чынам паленіца і паляніца з’яўляюцца рознымі стравамі, аб’ядноўвае іх толькі мучны складнік.
Як прыгатаваць паленіцу?
Паленіцу можна гатаваць і па старажытнаму рэцэпту, згаданаму вышэй, на сале або тлушчы, але для сучаснага чалавека такая страва можа быць занадта тлустай. Таму закуску можна гатаваць крыху дадаўшы алею на патэльню або ўвогуле на сухой паверхні падсушыць хлеб да хрумсткай скарынкі.
Прадукты для прыгатавання паленіцы
Хлеб нарэзаць лустамі таўшчынёй каля сантыметра, затым лусту раздзяліць на некалькі аднолькавых кавалкаў і выкласці на разагрэтую патэльню.
Смажыць кавалкі хлеба на сярэднім агні з кожнага боку не больш за 3 хвіліны.
Гарачыя грэнкі можна нацерці часнаком і пасыпаць зелянінай, пасыпаць таркаваным сырам, але гэтая страва смачней са сметанковым соусам.
У посуд са смятанай дадаць нацёрты часнок, соль і перац па смаку, пры жаданні пасечаную зеляніну і добра перамяшаць.
Такі дадатак да паленіцы лепш гатаваць за гадзіну ці дзве, каб прынады і зеляніна аддалі свой водар смятане.
Смачна есці!
На 4 порцыі спатрэбіцца:
Хлеб — 6 лустаў
Смятана — 250 грамаў
Цвёрды таркаваны сыр — 25 грамаў
Два зубцы часнаку
Алей — дзве сталовыя лыжкі
Соль, перац і зеляніна — па смаку
Глядзіце яшчэ:
Пячом дома белы хлеб. Проста, хутка і смачна