Летась у Нацыянальным музеі ў Познані з вялікім поспехам прайшла выстава «Józef Chełmoński. 1849-1914». Паводле інфармацыі медыя, экспазіцыю наведалі каля 120 тысяч чалавек. Але ці многія з іх ведалі, што адзін з найвялікшых польскіх мастакоў-рэалістаў чэрпаў сваё натхненне ў тым ліку на нашай зямлі — на Беларускім Палессі? Пра палескіх музаў славутага майстра распавядае Мікалай Заяц.
Аўтапартрэт Юзафа Хелмоньскага. Крыніца: https://pl.wikipedia.org
Пасля гадоў жыцця і гучнага поспеху ў Парыжы польскі мастак пачаў шукаць натхненне бліжэй да прыроды. Дакладна вядома, што як мінімум тры гады запар — з 1906 па 1908-мы — Юзаф Хелмоньскі падоўгу гасцяваў на Піншчыне, дзе спыняўся ў маёнтках Скірмунтаў у суседніх вёсках Парэчча і Моладава. Гэта не былі візіты турыста: мастак літаральна зліваўся з тутэйшай прыродай. Храналагічны ланцужок гэтых паездак дазваляюць аднавіць лісты, апублікаваныя ў зборніку Яна Вегнера «Юзаф Хелмоньскі ў святле ліставання» (1953).

Юзаф Хелмоньскі падчас працы над карцінай «Вечар на Палессі». Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
«Мы заўсёды з цеплынёй і прыемнасцю згадваем знаходжанне Шаноўнага Пана ў Парэччы. Цяжка было прадбачыць такую ж сонечную восень, як цяперашняя, — і нам не раз узгадваліся тыя капрызы надвор’я, якія Вам столькі разоў у Парэччы ўскладнялі працу», — пісаў мастаку 2 снежня 1910 года Раман Скірмунт, будучы прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі. Разам з гэтымі радкамі Хелмоньскі атрымаў і чарговае цёплае запрашэнне зноў наведаць Палескі край.
Пра тое, чаму менавіта беларускі поўдзень так магутна прыцягваў майстра, пазней згадвала ягоная дачка Зоф’я. У сваіх лістах ад 1949 года яна аднаўляла атмасферу тых творчых выездаў бацькі: «Парэчча, маёнтак Аляксандра Скірмунта, брата Корсаковай, было багатае на прыгожыя лясы і лугі. Там мой бацька бавіў шмат часу як запрошаны і ўсімі шанаваны госць. Менавіта там нарадзіліся карціны: «Вітанне сонца», «Журавы ў туманах», «Дзяўчына сярод лугоў», «Інтэр’еры хаты на Палессі», «Голас з Літвы»».
Пазней, у 1953 годзе, яна дадавала: «Палессе моцна ачароўвала Хелмоньскага, усё там было яму блізкім: і тып двароў, і люд, і больш за ўсё краявід. Вельмі прыгожая яго карціна «Голас з Літвы», якая прадстаўляе пастушка, што грае на сурме, была эскізавана з натуры ў Моладаве».
Юзаф Хелмоньскі бываў у нашых краях неаднойчы і кожны раз падыходзіў да справы як сапраўдны даследчык. Ён не проста любаваўся краявідамі — ён грунтоўна вывучаў рэгіён: рабіў эцюды і замалёўкі, пакідаў нататкі. Як сёння адзначаюць мастацтвазнаўцы, менавіта «палескія» працы творцы вылучаюцца асаблівым спакоем і глыбокай медытатыўнасцю.

«Вітанне сонца. Жураўлі» | «Powitanie słońca. Żurawie» (1910). Крыніца: pl.wikipedia.org
Яскравы прыклад — прадстаўленая на выставе ў Познані карціна «Вітанне сонца. Жураўлі» (1910). Гэтая праца была напісана пад уплывам паездак мастака на Піншчыну. Мастацтвазнаўцы, аднак, адзначаюць, што, верагодна, сярод балот і дубраў Хелмоньскі выканаў толькі мастацкія накіды. Само ж палатно, хутчэй за ўсё, нараджалася ўжо пазней — у яго ўласнай майстэрні ў Куклюўцы. Тым не менш перад намі — сапраўдны, жывы краявід Піншчыны пачатку мінулага стагоддзя, пабачаны і адчуты мастаком-рэалістам.

Эскізы да карціны. Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Лёс гэтага палатна аказаўся больш спакойным, чым лёс іншых «палескіх» прац майстра. Адразу пасля стварэння, у 1910-1911 гадах, карціну з выставы Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў набыў калекцыянер Аляксандр Фаянс. У 1953 годзе яе перадалі з Ваяводскага ўпраўлення культуры і мастацтва ў Лодзі ў мясцовы Музей мастацтва.

«Інтэр’ер хаты на Палессі» | «Wnętrze chaty na Polesiu» (1909). Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Гэты твор адкрывае Хелмоньскага не толькі як пейзажыста, але і як глыбокага і чуллівага бытапісца. Натхненне для сюжэта мастак адшукаў летам 1908 года, калі гасцяваў у сядзібах Скірмунтаў у Парэччы і Моладаве. Там жа мастак выканаў падрыхтоўчыя малюнкі да кампазіцыі.

Эцюд да карціны. Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Хелмоньскі працаваў не толькі з натуры, але і выкарыстоўваў новыя тэхналогіі свайго часу — фотаздымак той самай хаты з дзецьмі захаваўся ў асабістых архівах мастака. За само палатно ён шчыльна ўзяўся восенню, а завяршаў працу ўжо ў лютым у Куклюўцы. У лісце да дачок ад 28 лютага 1909 года майстар пісаў: «Малюю карціну спячых дзяцей у хаце».

«Інтэр’еры хаты» — фотаздымак, на падставе якога была напісана карціна, захаваўся ў зборах Юзафа Хелмоньскага (W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024)
У маі таго ж года Хелмоньскі прэзентаваў палатно на выставе Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў, дзе яго набыў Стэфан Дзявульскі — варшаўскі палітык, юрыст і эканаміст. У яго прыватнай калекцыі карціна знаходзілася прынамсі да 1927 года.
А вось далей пачынаецца таямніца. На доўгія дзесяцігоддзі след палатна знікае, пакуль у 2006 годзе яно неспадзявана не «ўсплывае»... у Маскве. Там твор заўважыў і выкупіў калекцыянер з Польшчы. Сёння гэтае выдатнае «палескае вяртанне з небыцця» ўпрыгожвае прыватны збор сям’і Рытэляў.

«Вечар на Палессі» | «Wieczór na Polesiu» (1909). Крыніца: pl.wikipedia.org
Твор нарадзіўся з эцюда пад назвай «Дзяўчына каля калодзежа» («Dziewczyna przy studni»), які Хелмоньскі зрабіў падчас гасцявання летам 1908 года ў маёнтках Скірмунтаў у Моладаве і Парэччы. Мастака захапіла не толькі прырода Піншчыны, але і самі людзі. Тады ж разам з накідамі было зроблена і некалькі здымкаў з жыцця палескай вёскі. На гэтых кадрах — мясцовыя жыхары ў традыцыйных народных строях на фоне аўтэнтычных драўляных будынкаў. Менавіта гэтыя этнаграфічныя дакументы пасля дапамагалі майстру дапрацоўваць дэталі ў майстэрні, каб дасягнуць максімальнай праўдзівасці.

«Дзяўчына каля калодзежа». Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024

Вясковая дзяўчына. Здымак са збораў Юзафа Хелмоньскага (W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024)
Вынікам стала палатно «Вечар на Палессі». У 1909 годзе яго прэзентавалі на VI штогадовай выставе варшаўскага Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў, дзе твор набыў Эдвард Рэйхер для сваёй калекцыі. У 1927 годзе карціна знаходзілася ва ўладанні Абэ Гутнайера. У 1928 годзе — набыта Нацыянальным музеем Варшавы за 16 тысяч злотых. А ў часе Другой сусветнай вайны палатно было вывезена ў СССР, адкуль вярнулася ў Польшчу толькі летам 1956 года.
Эцюд да карціны «Вечар на Палессі». Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Карціна з выявай прыгожай, задуменнай палескай дзяўчыны вандравала па шматлікіх выставах і нават экспанавалася ў Эрмітажы, адкрываючы публіцы ціхую, паэтычную прыгажосць беларускага Палесся.

«Вяртанне з лугоў» | «Powrót z łąk» (1911). Крыніца: pl.wikipedia.org
Палатно «Вяртанне з лугоў» стала своеасаблівым мастацкім працягам «Вечара на Палессі». Хелмоньскі быў настолькі зачараваны мясцовым тыпажом, што праз два гады зноў запрасіў для пазіравання тую самую дзяўчыну-паляшучку. Праўда, цяпер перад гледачом паўстае крыху іншы вобраз і настрой, створаны з пэўнай часавай дыстанцыі.

Эцюд «Вясковая дзяўчына з граблямі». Крыніца: Нацыянальны музей у Варшаве
Як згадвала дачка мастака Зоф’я, карціна нараджалася ў Парэччы, у маёнтку Скірмунтаў. Канчаткова скончыўшы працу над карцінай позняй восенню 1911 года, Хелмоньскі адправіў яе ў Варшаву на штогадовую выставу Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў. Там на яе таксама звярнулі ўвагу калекцыянеры, і, верагодна, на мяжы 1911-1912 гадоў палатно набыў Францішак Голдберг-Гурскі.
Далей карціну чакаў тыповы для прыватных збораў лёс — яна змяняла ўладальніка. Пасля 1948 года сувязь з творам абарвалася — лёс яе быў невядомы ажно да 2020 года, калі «Вяртанне з лугоў» з’явілася ў каталогу варшаўскага аўкцыённага дома DESA Unicum. Пасля таргоў летам 2022 года гэтае палескае палатно Хелмоньскага было прададзена за 1,5 мільёна злотых (каля 340 тысяч долараў на момант пакупкі).
«Ля возера» | «Nad jeziorem» (1907). Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Пэўны час было невядома, дзе была напісана карціна «Ля возера» — дакладных звестак пра месца яе стварэння ў каталогах не захавалася. Аднак адказ падказала сама карціна. На адвароце кардону, на які было наклеена палатно, мастацтвазнаўцы знайшлі зробленую алоўкам паметку — лаканічны надпіс «Polesie». Менавіта таму даследчыкі мяркуюць, што гэтая карціна магла з’явіцца на Піншчыне падчас знаходжання там Хелмоньскага ў 1907 годзе.
Лёс гэтага твора пасля смерці майстра таксама доўга заставаўся невядомым. Некалькі дзесяцігоддзяў пра карціну нічога не было чуваць, пакуль пасля Другой сусветнай вайны яна не знайшлася ў дзяржаўных структурах. У перыяд паміж 1947 і 1951 гадамі палатно афіцыйна інвентарызавалі ў Канцылярыі Сейма Польскай Рэспублікі — пра гэта сведчаць адпаведныя службовыя паметкі, пакінутыя на тым самым адвароце. Там, у закрытых урадавых залах, палескі краявід захоўваўся да канца стагоддзя, пакуль у 1999 годзе яго не перадалі на захоўванне ў аддзел музейных фондаў Сеймавай бібліятэкі.
«Ранішнія туманы» | «Mgły poranne» (каля 1905-1907 гадоў) — першыя. Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Натхненнем для гэтага твора стала адно з ранніх падарожжаў майстра ў госці ў маёнтак да Скірмунтаў сярод разліваў і лясоў Піншчыны. Пасля смерці мастака ў 1914 годзе карціна перайшла ў спадчыну яго дочкам. Далей яе след губляецца, пакуль амаль праз стагоддзе — восенню 2005 года — яна не з’явілася на таргах варшаўскай Галерэі Віла Струвэ.

«Ранішнія туманы» | «Mgły poranne» (каля 1907-1909 гадоў) — другія. Крыніца: unikalneobrazy.pl
Трохі пазней Хелмоньскі піша другі варыянт туманнага палескага світанку. Сёння гэты твор захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
Паводле ўспамінаў яшчэ адной дачкі мастака, Ядвігі, на якія спасылаюцца аўтары найноўшага каталога «Józef Chełmoński 1849-1914» (2024), гэты пейзажны эцюд нарадзіўся непасрэдна ў маёнтку на Піншчыне. Як і папярэдні твор, ён спачатку заставаўся ў сям’і, але ў лютым 1925 года дочкі вырашылі прадаць яго Нацыянальнаму музею ў Варшаве.
Падчас Другой сусветнай вайны карціну напаткаў драматычны лёс многіх еўрапейскіх шэдэўраў — яна была вывезена з Польшчы. Аднак у 1946 годзе ў выніку працэсу рэвіндыкацыі (афіцыйнага вяртання нарабаваных культурных каштоўнасцей) яна вярнулася ў Польшчу. Пасля вайны палатно падарожнічала па галерэях краіны: больш за пятнаццаць гадоў яно знаходзілася на захоўванні ў Шчэціне ў Музеі Заходняга Памор’я, пасля ўпрыгожвала сцены Нацыянальнага музея ў Познані.

«Літоўская пушча» | «Puszcza litewska» (1907). Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Гэты лясны пейзаж таксама звязваюць са знаходжаннем мастака летам 1907 года ў яго сяброў Скірмунтаў у Парэччы. У год стварэння палатно прэзентавалі ў Варшаве, дзе яго з выставы набыў Баляслаў Дурасевіч.
У міжваенны час, у 1934 годзе, карціна апынулася ў валоданні Салона Абэ Гутнайера — галоўнага варшаўскага арт-дылера той эпохі. Пасля ваенных завірух твор уцалеў у прыватных руках: у 1988 годзе ён фіксаваўся ў калекцыі ў Чэнстахове. На рынак «Літоўская пушча» вярнулася адносна нядаўна — у снежні 2016 года яна была паспяхова прададзена на таргах варшаўскага аўкцыённага дома DESA Unicum.

Апошні шэдэўр, перарваны лёсам: «Жураўлі раніцай» | «Żurawie o poranku» (1913). Крыніца: pl.wikipedia.org
З палескай вёскай Парэчча звязана і адна з самых знакавых, драматычных прац мастака. Менавіта тут пачыналася праца над яго апошняй, няскончанай карцінай — «Жураўлі раніцай» (1913).
Згодна з біяграфічнымі хронікамі, восенню 1913 года Хелмоньскі зноў прыязджае на Піншчыну збіраць матэрыял і пісаць эцюды. Ён паспявае пачаць працу над палатном. Але здзейсніць задуму напоўніцу не дазволіў лёс: у пачатку 1914 года ў майстра здарыўся апаплексічны ўдар, а ў красавіку таго ж года смерць перапыніла яго жыццёвы шлях. Карціна так і засталася незавершанай.
Пазней вакол палатна ўзнікалі розныя чуткі. Напрыклад, у 1917 годзе папулярнае выданне «Gazeta Poranna» пісала, што няскончаны твор Хелмоньскага нібыта мог дапісаць і давесці да фіналу яго сябар, мастак Генрык Пянткоўскі.
Амаль стагоддзе карціна захоўвалася ў нашчадкаў Хелмоньскага. Толькі ў чэрвені 1998 года твор быў прададзены праз варшаўскі аўкцыён Agra-Art (пазааўкцыённым продажам). Вядома, што ў часе прэзідэнтуры Аляксандра Кваснеўскага (1995-2005) палатно ўпрыгожвала залы Прэзідэнцкага палаца ў Варшаве.
Не ўся палеская спадчына Юзафа Хелмоньскага дайшла да нашых дзён — віхуры мінулага стагоддзя аказаліся бязлітаснымі да мастацтва.
Сярод страт — палатно «Голас з Літвы» («Głos z Litwy», 1908), сюжэт якога Хелмоньскі накідаў з натуры ў Моладаве. Напрыканцы 1908 года карціну набыў варшаўскі калекцыянер Леон Голдстанд. Пасля яго смерці твор захоўваўся ў кватэры яго ўдавы на вуліцы Крэдытовай, 9, пакуль у лістападзе 1944 года дом не спалілі нямецкія захопнікі. Карціна была страчана.

Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Згублена сувязь з палатном «Чарада жураўлёў на світанні» («Stado żurawi o świcie», 1908), якое, паводле ўспамінаў дачкі Хелмоньскага Зоф’і, было натхнёнае прасторамі Парэчча. Апошні раз дакументальна яно фіксавалася ў чэрвені 1943 года, калі вярнулася з рэстаўрацыйнай майстэрні Багдана Марконі да тагачаснага ўладальніка карціны з прозвішчам Струміла. Далей след палатна губляецца: карціна лічыцца скрадзенай у часе Варшаўскага паўстання альбо пасля яго.

Крыніца: W. Głowacki, E. Micke-Broniarek (red.), Józef Chełmoński 1849-1914. Volume 2, 2024
Сярод страчаных твораў палескага перыяду варта асобна згадаць і некалькі партрэтаў. Напрыклад, партрэт Аляксандра Скірмунта. Ліставанне Скірмунтаў (Алены і Рамана) з Хелмоньскім сведчыць, што Раман Скірмунт звяртаўся да майстра з просьбай напісаць партрэт бацькі. Адмыслова для гэтага Раман нават дасылаў Хелмоньскаму некалькі здымкаў.
Як згадваецца ў зборніку Яна Вегнера «Юзаф Хелмоньскі ў святле ліставання» (1953), гэты партрэт знаходзіўся ў маёнтку ў Парэччы. Сам жа маёнтак быў разрабаваны пасля пачатку Другой сусветнай вайны і гібелі Рамана Скірмунта. След партрэта губляецца ў цемры гісторыі.
«Партрэт Марыі і Ядвігі Скірмунтаў», а таксама «Палескі пейзаж», якія даследчык Раман Афтаназы згадваў як маёмасць моладаўскіх Скірмунтаў (паводле Афтаназы, яны захоўваліся ў Моладаўскім палацы Скірмунтаў), верагодна, таксама страчаныя.

Юзаф Хелмоньскі ў 1887 годзе. Крыніца: upload.wikimedia.org
Тым не менш гісторыя памятае ўсё. Звычайныя палескія вёскі сталі тым самым месцам сілы, дзе выбітны мастак шукаў і знаходзіў натхненне для сваіх апошніх твораў. Твораў, якія і сёння, праз больш чым сто гадоў, зачароўваюць тысячы гледачоў сваёй шчырасцю і любоўю да прыроды.
Цытаты з перапісак Юзафа Хелмоньскага і Рамана Скірмунта, а таксама ўспаміны дачкі Юзафа Хелмоньскага Зоф’і перакладзены аўтарам з польскай мовы.
Мікалай Заяц, budzma.org