Шчырым прыхільнікам творчасці Паліны Паланейчык не пазайздросціш: з моманту выхаду апошняга альбома давялося чакаць доўгія тры гады, каб зноў пачуць штосьці да болю знаёмае, роднае і цёплае. Але ці спраўдзіліся чаканні? Намагаемся высветліць тут і цяпер.
Альбом «Ни берега ни дна» атрымаўся музычна даволі насычаным і яркім. Гэта цікавая праца, складзеная з зусім розных па характары песень — ад бунтарскіх да меланхалічна-рамантычных, але пры гэтым альбом успрымаецца як абсалютна цэласная карціна ў межах аднаго апавядання.
Альбом па-юнацку бунтарскі і разам з тым дарослы і змястоўны, у якім Паліна грае тэатр адной акцёркі, прымяраючы на сябе розныя вобразы і маскі. І, вымушаны сказаць, грае вельмі трапна.
Кожна песня адрозніваецца ад папярэдняй і зараджае на новую эмоцыю, надзяляючы ўсё навокал свежымі сэнсамі. Гэта і падкупае. Такая прапрацаванасць да дробязяў стварае той вайб, за кошт якога ўвесь альбом не зліваецца ў адну вялікую, працяглую кампазіцыю.
Але, як і ў любой бочцы з мёдам, ёсць лыжка чагосьці не зусім салодкага. Асабіста для мяне такой лыжкай стаў зусім невялікі адсотак песень па-беларуску: дзве з дзесяці («Mafia» на верш Віктара Жыбуля і «Саломкі»). Гэта выглядае сумна для такога сімвалу новай беларускай музыкі, якім была і ёсць Паліна.
Падсумоўваючы, трэба сказаць, што за кошт удалага змяшэння фолку, электронікі, джазу, поп-музыкі і нават постпанку альбом прыйдзецца даспадобы не толькі сталым меламанам, але і тым, хто хоть крышку адкрыты чамусьці новаму і эксперыментальнаму. Ад сябе адзначу «Прости» і «Зачем это всё?», якія пару разоў усё ж такі закінуў на рэпіт.
Чытайце яшчэ: Новыя рэлізы ад беларускіх музыкаў: постпанк пра каханне, электронная музыка з густам і змрочная казка па матывах Купалінкі
Хатні Томпсан, budzma.org