Цяперашні кінафестываль «Лістапад» не толькі сам зробіцца таксічным — ён спрыяе сур’ёзным іміджавым стратам усіх сваіх удзельнікаў і партнёраў, гаворыцца ў адкрытым лісце, піша выданне «Новы Час».
Рэжысёр Аляксей Палуян звярнуўся да беларускай кінасупольнасці з прапановай падтрымаць адкрыты ліст да кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі Кінапрадзюсараў, адзначае by_culture.
У лісце сфармуляванае патрабаванне адрэагаваць на сітуацыю вакол Мінскага Міжнароднага Кінафестывалю «Лістапад» і прыпыніць акрэдытацыю FIAPF Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» да змены палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта рэжысёр напісаў у сваім Facebook.
У лісце, які падпісалі шэраг культурных дзеячаў, рэжысёраў, кінакрытыкаў, журналістаў, гаворыцца:
«У Беларусі адбываецца моцны палітычны крызіс. Мірных грамадзян саджаюць у турмы па крымінальных артыкулах. Незалежныя СМІ і НДА ліквідуюць або прызнаюць экстрэмісцкімі. Спецслужбы палююць на журналістаў і кінадакументалістаў. Арт-актывісты, нязгодныя з палітычным тэрорам улады, трапілі ў жорны рэпрэсій. Забарона на прафесію, турэмныя тэрміны і катаванні, псіхалагічны ціск і вымушаная эміграцыя сталі штодзённай павесткай жыцця беларускай культуры.
Агульная колькасць затрыманых па палітычных матывах дасягнула 40 тысяч. На сёння у Беларусі 673 палітвязні. Не менш як 79 з іх працуюць у сферы культуры.
Рэпрэсіі закранулі не толькі асобных артыстаў, але і культурныя праекты. 13 жніўня 2021 па рашэнні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адбылося фактычнае перафарматаванне Мінскага Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Былая каманда фэсту — прыватны Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АртКарпорэйшн» — за 11 год ператварыла «Лістапад» у падзею міжнароднага ўзроўню, але была пазбаўлена сваіх паўнамоцтваў. Па рашэнні ўладаў юрыдычная асоба Цэнтра фактычна анулявана.
«Лістапад» вярнуўся пад аўтарытарнае кіраўніцтва і ідэалагічны кантроль рэжыму. Гэта знявага не толькі беларускай культуры, але і сэнсу міжнароднага фэстывальнага кінаруху — творчых эксперыментаў і крэатыўнай нязгоды, супольнага асэнсавання балючых пытанняў эпохі.
Новая канцэпцыя кінафестывалю выключае з праграмы шэраг важных кірункаў: нацыянальны конкурс, конкурс мастацкага кіно «Маладосць на маршы», конкурс нацыянальных кінашкол. Маладыя беларускія і замежныя рэжысёры страцілі такім чынам важную пляцоўку для творчай камунікацыі і міжнародных кантактаў.
Не менш істотная і трансфармацыя сэнсаў. Атрыманне акрэдытацыі ад Міжнароднай федэрацыі асацыяцыі кінапрадусараў (FIAPF) патрабуе, як вядома, арыгінальнасці фармату. Сутнасцю галоўных праграм «Лістапада» апошнім часам быў драматычны досвед посткамуністычных краін у пошуках лепшага заўтра. Дзяржаве, што вяртаецца у змрок таталітарнага мінулага, будучыня не патрэбна. А значыць, не патрэбны і базавы акцэнт былога «Лістапада».
Мы лічым, што кінафестываль міжнароднага ўзроўню не можа адбыцца ў краіне, дзе дзеячы культуры існуюць у сітуацыі штодзённага дзяржаўнага тэрору.
«Папраўлены» «Лістапад» не толькі сам зробіцца таксічным — ён спрыяе сур’ёзным іміджавым стратам усіх сваіх удзельнікаў і партнёраў».