Актрыса памерла сёння, 12 верасня. Ёй было 77 гадоў. Пра гэта ў сацыяльных сетках напісалі яе сябры, піша «Люстэрка».
Галіна Дзягілева. Фота: facebook.com/bgf.by
Галіна Дзягілева нарадзілася ў 1947 годзе. Вядомая як стваральніца тэатра «Зніч». Гэты калектыў з’явіўся ў 1989-м, свой першы спектакль паказаў праз год у Полацку. Дзягілева 17 гадоў (1968–1985) працавала ў віцебскім тэатры імя Якуба Коласа, пасля чаго перайшла ў канцэртна-лекцыйны аддзел Белдзяржфілармоніі. Фактычна менавіта ў гэтым аддзеле і пачалася праца па стварэнні новага калектыву.
Сваёй пляцоўкі «Зніч» не меў. Выступаў у Нацыянальнай бібліятэцы, на малой сцэне Купалаўскага тэатра, у Тэатры юнага гледача і іншых месцах. У канцы дзевяностых гадоў у «Зніча» з’явілася свая тэатральная зала ў Чырвоным касцёле.
Маторам у дзейнасці калектыву была менавіта Дзягілева, якая стала аўтарам інсцэніровак, выканаўцам і рэжысёрам монаспектакляў па творах Янкі Купалы, Васіля Віткі, Ніла Гілевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў. Спектаклі гэтага тэатра паказваліся на фестывалях як у Беларусі, так і за мяжой.
У лютым 2023 года Дзягілеву адправілі на пенсію, яе калектыў спыніў існаванне.
Развітанне з Галінай Дзягілевай адбудзецца заўтра, 13 верасня а 11 гадзіне ў крэматорыі на сталічных Паўночных могілках.