Памерла заснавальніца хору «Бацькаўшчына» Вера Кунцэвіч

Ноччу 27-га ліпеня пасля цяжкай хваробы памерла заснавальніца Хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» ‒ Вера Васільеўна Кунцэвіч. Пра гэта напісаў Вітаўт Руднік на сваёй старонцы ў Фэйсбук.


67.jpg

«Вялізная страта для Гародні і для беларускай культуры, ‒ напісаў Вітаўт Руднік. ‒ За апошнія дзясяцігоддзі мала якое культурніцкае беларускае мерапрыемства ў Гародні абыходзілася без удзелу Хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», які яна стварыла і паставіла на ногі, зрабіўшы вядомым на ўсю Беларусь.

Вера Кунцэвіч была таксама адной з удзельніц ініцыятыўнай групы па стварэнні нашага «Універсітэту Залатога Веку».

Вяла ў нас «Беларускія вячоркі», стварыла хор «УЗВышша», які існуе да гэтага часу, ініцыявала правядзенне «Гукання вясны» ды іншых культурніцкіх імпрэзаў УЗВ.

Светлы і таленавіты чалавек, які ў нармальнай краіне даўно быў бы ўшанаваны шматлікімі ўзнагародамі, які ўсё жыццё марыў, каб Беларусь урэшце стала вольнай, каб мова і культура нашыя зберагаліся і развіваліся…»

Хор «Бацькаўшчына» быў заснаваны ў 1991 годзе, за час свайго існавання даў сотні канцэртаў, выступаў не толькі ў Беларусі, але і па ўсёй Еўропе.