У гэтай падборцы ад рубрыкі «Гітара Мулявіна» атрымалася сабраць усё так, каб не толькі пусціць слязу, але й рэлакснуць і задацца пытаннямі, што такое машына кахання і навошта сядаць у цягнік, які не заўсёды вязе нас туды, дзе б мы хацелі быць? Слухаем разам, што ж сказалі беларускія музыкі сваімі апошнімі рэлізамі.
У свеце хаосу каханне — адзінае выратаванне
Менавіта такі пасыл праходзіць скрозь усю новую песню Пятра Клюева — вядомага беларускага музыкі-мульціінструменталіста, вакаліста, паэта, вядучага і ўсяго астатняга, кім толькі Пётр паспеў быць за сваё насычанае творчае жыццё: ад сольнай кар’еры выканаўца да ўдзелу ў музычных праектах і нават паспяховых турах з гуртом «ЛСП». Клюеў такі прышоў да ўласнага музычнага кірунку пад псеўданімам Love Machine. Не скажу, што асабіста я ў экстазе ад папярэдніх сінглаў «Машыны Кахання», але ад кампазіцыі «SupaNova» так і вайбіць энергіяй маладосці і, канешне ж, хваляй любові. Звычайныя салодка-прытарныя матывы, характэрныя для Пятра, нібы адыходзяць на другі план, саступаючы месца рэпаваму гучанню. Вельмі трэпаваму нават.
А ўсё таму, што за прадакшн новага трэка адказны Lilnapitokprod — мінскі бітмэйкер, гукарэжысёр, саўнддызайнер і па сумяшчальніцтве сэлфмэйд артыст. Сустрэча старой і новай школ для стварэння гэтага трэка адбылася своечасова, а яе вынік можна паслухаць на ўсіх музычных пляцоўках. Абодва, будучы надзвычай музычнымі асобамі, стварылі нядрэнны вінегрэт з жанраў у адным сінгле. За тэкст судзіць не бяруся, бо ён, хоць і напісаны па-англійску, але ж мае свой глыбокі сэнс. Прынамсі, для аўтараў.
«Поезд» ці ўсё ж такі «цягнік»?
Тое, што гурт NAVIBAND заўсёды прывабліваў слухачоў сваімі чароўнымі інструменталамі і шчырымі тэкстамі, ужо даўно не з’яўляецца таямніцай. Аднак ёсць лёгкае адчуванне таго, што калектыў пэўны час не дае нічога новага ў музычным плане і проста працуе па старых канонах, дзе ўсё так проста і знаёма.
Вось і новы сінгл «Поезд» — гэта проста цалкам перазапісаны і перакладзены на беларускую мову трэк «Вдаль». Безумоўна, пераасэнсаваны, зменены пад уплывам розных супярэчлівых падзеяў як унутры Беларусі, так і за яе межамі, але ўсё той жа класічны, навібэндаўскі. Трэба яшчэ падкрэсліць і тое, што за мінулае лета — пачатак восені ўсіх аматараў беларускай музыкі даволі моцна перакармілі эмігранцкімі песнямі пра тое, што і так відавочна перажываюць і адчуваюць людзі, праходзячы праз цяжкія выпрабаванні іншымі краінамі. Ствараецца адчуванне, што значнай частцы артыстаў проста падабаецца мусоліць гэтую тэму, пакуль з яе атрымліваецца выціснуць social credits і ўсялякія іншыя смаколікі. Іх права.
Тым не менш што гэты сінгл, што яго папярэдняя версія слухаюцца лёгка, з адчувальным шлейфам настальгічнай сумоты, ці то па хутка завершанаму лету, ці то па родных мясцінах, якія яшчэ доўга не ўбачыць той, каго ўносіць на сваіх жалезных колах цягнік. Звычайны поп-рэк, якасны зроблены і добра складзены. На гэтым усё.
Гурт, якому не патрэбна рэклама
І гэта пра гурт Intelligency! Нездарма яны апынуліся ў гэтай падборцы, бо нарэшце мы ўсе можам насалоджвацца іх новым трэкам «King’s Vibe». Хоць пасля сусветнавядомага хіта «August» ад калектыву чакаюць прыкладна такіх жа муваў, кампазіцыя з каралеўскім вайбам відавочна не дацягвае да высока ўзнятай планкі. Магчыма, новая песня ўсё ж такі зайграе на танцпляцах, але хацелася б чуць яе і на буйных музычных фестывалях. Ну, хаця б зусім трошачкі...
Агулам па характары інструменталу адчуваецца нейкая змрочнасць, зусім не характэрная папярэднім рэлізам гурта. Вакал таксама ўтоплены ў саму кампазіцыю так, што трэба прыслухоўвацца, каб адчуць усю палітру дадзенага твора. Спадзяемся, што гэта чарговы маршрут у кірунку пошуку новага стылю і стварэння яшчэ больш выбухных хітоў, здатных узарваць еўрапейскія клубы і амерыканскія фэсты.
Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку! Будзьма!
Хатні Томпсан, budzma. org