З нагоды гадавіны нараджэння 14 лютага Валенція Ваньковіча, мастака і прадстаўніка славутага беларускага роду, «Будзьма» вырашыла успомніць яго творчае жыццё і дзейнасць.
ВКЛ, Касцюшка і Полацкі калегіум
Валенцій Ваньковіч паходзіў са шляхецкага роду XIV стагоддзя, прадстаўнікі якога займалі дзяржаўныя пасады ў ВКЛ. Ягоны бацька быў ігуменскім павятовым суддзёй і старшынёй II дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні. Варта адзначыць, што бацька маці Ваньковіча — Схаластыкі Гарэцкай — браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і нават уваходзіў у ягоны урад. Сям’я валодала сядзібамі ў Вялікай і Малой Сляпянцы (цяпер у межах Мінска), дзе і правёў дзяцінства Валянцін.
Адукацыю малады чалавек пачаў у Полацкім езуіцкім калегіуме, а пазней паступіў на аддзяленне літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта. Падчас навучання ва ўніверсітэце Валенцій далучыўся да таварыства філаматаў. У гэты перыяд ён пазнаёміўся і пасябраваў з многімі знакамітымі яго чальцамі, якія сталі мадэлямі партрэтаў маладога мастака. Так, Валенцій Ваньковіч напісаў партрэты Юліяна Корсака, Тамаша Зана, Адама Міцкевіча і іншых.
Пушкін, Манюшка і Дунін-Марцінкевіч
За дасягненні падчас навучання Валенцій за сродкі ўніверсітэта быў накіраваны ў Імператарскую акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу для заканчэння мастацкай адукацыі. Малады мастак апраўдаў чаканні, бо неўзабаве ягоныя працы былі ўганараваныя срэбнымі медалямі, а дыпломная праца — залатым.
Менавіта ў Санкт-Пецярбургу Валенцій Ваньковіч напісаў знакаміты партрэт «Адам Міцкевіч на гары Аю-Даг». І менавіта ў Пецярбургу былі напісаныя партрэты Пушкіна і Вяземскага.
Па вяртанні на радзіму Ваньковіч зладзіў у сляпянскай сядзібе майстэрню, дзе працаваў са сваім сябрам Чэславам Манюшкам — бацькам славутага кампазітара Станіслава Манюшкі. Часам ён прыязджаў у Мінск, дзе жыў у сядзібе (цяпер музей Ваньковічаў) стрыечнага брата Эдварда Вайніловіча, у якую завітвалі ягоныя сябры і славутыя творцы: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Ян Дамель, Міхаіл Кулеша.
Парыж і смерць на руках Міцкевіча
Як Валенція Ваньковіча воляй лёсу некалі абмінула «справа філаматаў», гэтаксама абмінула і паўстанне 1830–1831 гадоў. Як кажуць сведчанні, мастак меў намер далучыцца да змагання, нават падрыхтаваў зброю і набыў каня. Але стан здароўя і абвастрэнне хваробы перашкодзілі ягоным планам. У любым разе, у тым ліку праз палітычную сітуацыю ён неўзабаве з’ехаў у эміграцыю.
Спачатку ён зладзіў падарожжа па Заходняй Еўропе, значную частку якога займала Нямеччына (у прыватнасці, Мюнхен, Дрэздэн і Берлін), дзе правёў каля двух гадоў. У гэты перыяд ён працягваў актыўна займацца творчасцю і ўдзельнічаў у мастацкіх выставах. Потым Ваньковіч наведаў Страсбург і ўрэшце асеў у Парыжы, дзе спачатку жыў у свайго дзядзькі Антона Гарэцкага, а пасля — доме даўняга сябра Адама Міцкевіча.
Праблемы са здароўем зноў пачалі турбаваць мастака яшчэ ў Нямеччыне, а ў Парыжы абвастрыліся. Ва ўзросце сарака двух гадоў Валенцій Ваньковіч памёр, паводле сведчанняў, на руках у Міцкевіча. Яго пахавалі на могілках Сэн-Дэні непадалёк ад Манмартра.
Кірыл Стаселька, budzma.by