Пляцоўку для аб’яднання беларусаў Украіны і музей, прысвечаны беларускім героям, якія загінулі на вайне, адкрылі 9 верасня ў Львове. Пра «Дом Вольнай Беларусі» расказаў адзін з яго стваральнікаў Аляксей Францкевіч.
«Пачалі збор інфармацыі пра беларусаў, якія аддалі тут свае жыцці»
Адкрыццё пляцоўкі было прымеркавана да Дня вайсковай славы. У Львове гэта ўжо трынаццатае святкаванне.
«Пачалі работу над такой пляцоўкай год таму разам з жонкамі загінулых ва Украіне беларускіх герояў, — кажа Аляксей Францкевіч. — Зрабілі выставу «Вольная Беларусь з Украінай у сэрцы», з якой аб’ездзілі амаль усе буйныя гарады Украіны.
Таксама сталі збіраць даныя загінулых беларускіх герояў, запусцілі праект «Беларускі цэнтр нацыянальнай памяці» і пачалі збор інфармацыі пра беларусаў, якія аддалі тут свае жыцці, каб перадаць яе наступным пакаленням. Акрамя гэтага, мы амаль два гады працуем у напрамку перайменавання вуліц у гонар беларускіх ваяроў (сёння іх ва Украіне ўжо шэсць), а таксама ў напрамку ўзнагарод для гэтых людзей».
Два гады таму, таксама ў Дзень вайсковай славы, быў зарэгістраваны дабрачынны фонд «Вольная Беларусь», які дапамагае сем’ям загінулых герояў.
«Развозім ім гуманітарную дапамогу, — расказвае Аляксей. — З пачатку поўнамаштабнай вайны сталі дапамагаць беларусам, якія тут патрапілі ў складаную сітуацыю. На жаль, ніхто не расказвае пра сотні тысяч беларусаў, у тым ліку этнічных, якія тут ужо трэці год з’яўляюцца ахвярамі расійскай агрэсіі. Яны сам-насам тут са сваімі праблемамі, няма сістэмнай дапамогі ім, як і сем’ям загінулых беларускіх герояў. Таму мы так ва Украіне працуем, змагаемся ў тым ліку з расійскай прапагандай, з тым, каб украінцы не лічылі нас ворагамі».
«Рамонт рабіў хлопец, які прымаў удзел у вызваленні Херсона»
Будынак «Вольнай Беларусі», па словах Аляксея Францкевіча, быў адкрыты на грошы беларусаў.
«Ніякіх грантаў мы не атрымлівалі, — кажа ён. — Ганарымся, што памяшканне дапамагалі прыводзіць да ладу жонкі загінулых герояў, а рамонт рабіў хлопец, які прымаў удзел у вызваленні Херсона. Ён нават за свой кошт набыў усе будаўнічыя матэрыялы. Беларусы ва Украіне добра ўсвядомілі адну рэч: выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Калі сам не зробіш, не зробіць ніхто».
Памяшканне ўзялі праблемнае — у падвале, але яно было больш таннае ў параўнанні з астатнімі.
«Арэнда ўсё роўна каштуе грошай, халяўнай арэнды тут ніякай няма. А ў нас 100 квадратных метраў.
Бліжэйшым часам нам трэба скончыць рамонт, знайсці грошы на мэблю — сталы і крэслы, каб распачаць нядзельную школу навучання беларускай мове.
Таксама ў музеі ўжо ёсць адзін пакой, дзе знаходзяцца рэчы загінулых герояў. Плануем у будучыні заняцца яго папаўненнем. Вельмі ганарымся тым, што жонкі загінулых герояў перадалі, мабыць, самае дарагое, што засталося ад іх мужоў, — асабістыя рэчы. Яшчэ хочам зрабіць з гэтага музея віртуальны, каб паказаць усяму свету», — расказвае стваральнік.
На адкрыццё музея прыйшлі прадстаўнікі грэчаскай, польскай супольнасцяў, якія ёсць у Львове.
«Дамовіліся, што падпішам дамову аб супрацы. Таксама былі прадстаўнікі амбудсмэна па правах чалавека, мясцовыя ўлады. Беларусаў, на жаль, было мала на адкрыцці Дома», — кажа Аляксей.
Фота з асабістага архіву Аляксея Францкевіча.
Агата Мурашка, Budzma.org