«Адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь». Сёння Міраславу Лазоўскаму магло б споўніцца 53 гады

Сёння, 10 ліпеня, магло б споўніцца 53 гады Міраславу Лазоўскаму — беларускаму патрыёту, грамадскаму дзеячу, актыўнаму ўдзельніку грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», кнігавыдаўцу, аднаму з заснавальнікаў і лідараў «Белага легіёну», камандзіру падраздзялення батальёна «Волат» Палка Каліноўскага. 

Для яго Беларусь заўсёды была на першым месцы.

16 траўня 2023 года ён загінуў у баі пад украінскім Бахмутам. Міраслаў кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім у групе і зусім крыху не дайшоў да камандна-назіральнага пункта.

У дзень яго нараджэння ўзгадваем унёсак Міраслава ў беларускую культуру і нацыянальны рух.

Miraslaŭ Lazoŭski
Міраслаў Лазоўскі

Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Маці паходзіла са Случчыны, з вёскі Пагост, бацька — з-пад Магілёва, з вёскі Гаі.

З дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі і сусветнай гісторыяй, у прыватнасці вайсковай, захапляўся напалеонікай. Меў мастацкія таленты, маляваў, адліваў фігуркі з волава на гістарычную тэматыку.


Папяровая армія дакладна прамаляваных салдацікаў часоў Антычнасці, што рабілі Міраслаў Лазоўскі з сябрам у дзяцінстве

Пазней афармляў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода», аднаго з галоўных беларускіх недзяржаўных выданняў у 1990-х гг., з юнацтва актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-дэмакратычным руху.

У 1995 г. скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (зараз: БНТУ), факультэт робатаў і рабатызаваных сістэмаў па спецыяльнасці інжынер-рабататэхнік. Пасля завяршэння вучобы працаваў інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, менеджарам на будоўлі, адначасова актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны.

Грамадска-палітычная дзейнасць і погляды

Яшчэ будучы студэнтам, у 1995 г. Міраслаў далучыўся да «Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў», а неўзабаве — стаў адным з заснавальнікаў «Белага легіёну», які ўтварыўся з маладзейшай часткі «БЗВ» пасля яго распаду. У хуткім часе,дзякуючы сваім асабістым якасцям, Міраслаў здабыў аўтарытэт сярод сяброў арганізацыі і стаў адным з яе лідараў.

У складзе «Белага легіёну» ён актыўна займаўся вайскова-патрыятычным выхаваннем моладзі, арганізоўваў асветныя семінары і лекцыі, ладзіў спартова-патрыятычныя летнікі, дапамагаў Інстытуту гісторыi НАН Беларусі пры правядзенні археалагічных раскопак, займаўся забеспячэннем парадку на мерапрыемствах апазіцыі (у тым ліку, падзеях Вясны-96), удзельнічаў у супрацьстаянні беларускаму аддзяленню РНЕ.

Падчас Марша Свабоды-1999, займаючыся арганізацыяй бяспекі ўдзельнікаў мерапрыемства. Міраслаў быў затрыманы і моцна збіты супрацоўнікамі АМАП. Тады ён  атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У 2000 г. Міраслаў быў першым адміністрацыйна асуджаным на штраф паводле артыкулу 167.10 КаАП Беларусі («Дзейнасць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадскіх аб’яднанняў»).

Ад пачатку 2000-х ён адышоў ад актыўнага удзелу ў грамадска-палітычнай дзейнасці і заняўся патрыятычнай асветнай працай.

З 2000 г. быў актыўным сябрам Міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», з 2008 г. — актыўным удзельнікам грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».


З 2012 г. Міраслаў працаваў у кніжным выдавецтве «Беларускі кнігазбор» (пазней — ПУП «Кнігазбор»).

Ён меў сур’ёзныя веды па вайсковай гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага і бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музейных экспертаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі) адносна выставаў і асобных прадметаў. Больш за тое, за свае грошы ён набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музеі, бо меў перакананне, што падобныя рэліквіі павінны належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 г. Міраслаў уваходзіў у склад каманды кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна, быў асабістым ахоўнікам Ніны Шыдлоўскай, тагачаснай прэс-сакратаркі кандыдата А. Казуліна.

У 2008 г. разам з іншымі былымі чальцамі «Белага легіёну» быў затрыманы па падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня на Дзень незалежнасці. Пасля некалькіх содняў на Акрэсціна яго адпусцілі.

Ад пачатку 2000-х гг. Міраслаў быў прыхільнікам ідэй арганічнай і паступовай нацыятворчай працы шляхам падтрымкі культурных і выхаваўчых ініцыятыў замест адкрытага супрацьстаяння з існай сістэмай.

Лічыў эвалюцыйны шлях найбольш эфектыўным для развіцця грамадства ў нацыянальна-дэмакратычным кірунку. Найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай для яго была была рэалізацыя права беларускага народа на свабоднае развіццё і рэалізацыю ў сваёй уласнай нацыянальнай дзяржаве. Бачыў непасрэдную пагрозу развіцця беларускай нацыі і дзяржавы ў імперыялістычных дзеяннях Расіі і яе пятай калоны ўнутры Беларусі, што асабліва стала бачна пасля пачатку вайны на Данбасе ў 2014 г.

«Справа патрыётаў»

21 сакавіка 2017 г. Міраслаў быў брутальна затрыманы супрацоўнікамі КДБ па абвінавачанні ў крымінальнай справе паводле артыкулаў 293 ч. 3 і 287 КК РБ, якая адразу атрымала назву «Справы патрыётаў». Следствам Міраславу адводзілася роля аднога з лідараў «злачыннай групоўкі», і таму на яго аказваўся асаблівы ціск: ад маральнага (падкідванне зброі ў багажнік аўто больш чым за суткі пасля затрымання, недапушчэнне адваката) і фізічнага (моцнае збіццё пры затрыманні) да магчымага ўздзеяння псіхатропных рэчываў.

«Справа патрыётаў» успрымалася грамадствам як сфабрыкаваная ад пачатку і да канца, як спроба сілавікоў запалохаць і суцішыць сацыяльныя пратэсты. Прыёмы дзяржпрапаганды: афіцыйныя СМІ грэбавалі прэзумпцыяй невінаватасці, здзяйснялі відэамантаж кадраў акцый пратэсту ў 1990-х, падчас Плошчы 2006 і 2010 гадоў, з мітынгамі нацыстаў у 1940-х гг.

У 2017 г. беларускія сілавікі ўпершыню спрабавалі сфабрыкаваць палітычную справу не на сацыяльнай ці эканамічнай, а на ваеннай аснове. Артыкул аб узброеных вайсковых фарміраваннях, які быў інкрымінаваны 16-ці асобам, у тым ліку Міраславу Лазоўскаму, упершыню прымяняўся ў судовай практыцы Беларусі. Улады спрабавалі зрабіць гэтую справу паказальным працэсам для застрашвання не толькі грамадства, але і сілавых структураў.

Беларускія правабаронцы распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой быў адзначаны палітычна матываваны характар пераследу фігурантаў справы. Праз адсутнасць доказаў і шырокі грамадскі розгалас справа была спыненая.

Дзейнасць пасля 2017 года

Пасля выхаду з СІЗА Міраслаў працягваў займацца кнігавыдавецкай дзейнасцю і адукацыйнымі мерапрыемствамі, сярод якіх — гістарычная рэканструкцыя шляхты ВКЛ з пастаноўкай ролевых тэатралізаваных прэзентацый для дзяцей. 


Міраслаў Лазоўскі

Працягваў сваю дзейнасць як сябра Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына»: удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні З'ездаў беларусаў свету і фестываляў беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі Ad.nak; арганізоўваў дзейнасць па ўсёй краіне сеткі альтэрнатыўнага кнігараспаўсюду, якая дапамагала даносіць да шырокай аўдыторыі кнігі аўтараў, чые творы ўлада забараняла для прасоўвання праз дзяржаўныя структуры кнігагандлю; арганізоўваў літаратурныя выступы і кніжныя прэзентацыі, у тым ліку творцаў, якія ўладамі былі занесеныя ў «чорны спіс».

Удзел у расійска-ўкраінскай вайне

З-за хвалі палітычнага пераследу грамадскіх актывістаў і арганізацый увосень 2021 г. рэлакаваўся ва Украіну, Кіеў. На фоне звестак аб магчымай ваеннай агрэсіі з боку РФ удзельнічаў у правядзенні парамілітарных трэнінгаў сярод беларускай дыяспары Кіева. У першыя дні пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну разам з некаторымі іншымі паплечнікамі з «Белага легіёну» ўступіў, узяўшы пазыўны «Мыш», да шэрагу беларускіх добраахвотнікаў у УСУ. У хуткім часе з беларускіх добраахвотнікаў быў сфармаваны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней стаў аднайменным Палком. З’яўляўся камандзірам групы ў батальёне «Волат». У сакавіку 2022 — траўні 2023 года выконваў баявыя задачы пад Кіевам, Херсонам, Лазавым, Запарожжам, Бахмутам.


Міраслаў Лазоўскі

Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 траўня 2023 года пры абароне г. Бахмут у складзе батальёна «Волат», падчас прыкрыцця эвакуацыі параненых байцоў сваёй групы. Развітанне з Міраславам «Мышом» Лазоўскім адбылося 25 траўня 2023 г. у Кіеве на набярэжнай Дняпра каля помніка заснавальнікам Кіева.

«Волат, які трымае беларускае неба над намі»

Кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская згадвае МІраслава: «Мы з Мірыкам пазнаёміліся ў 2000 годзе, калі я прыйшла на працу ў «Бацькаўшчыну» і Мірык стаў з’яўляцца ў нашым офісе часцей. Мы працавалі з Мірыкам, ён браў удзел у распаўсюдзе кніг, выдавецкай дзейнасці, у мерапрыемствах кампаніі «Будзьма беларусамі!», займаўся арганізацыі аховы з’ездаў. Мне таксама цяжка змірыцца, што Мірыка няма. Выдатнае пачуццё гумару, вельмі эрудзіраваны, начытаны, у яго прысутнічала і іронія, і самаіронія, дапытлівы розум, крытычнае мысленне — гэта ўсё рабіла гутаркі і дыскусіі з ім вельмі цікавымі. Іх было шмат, бо шмат было і працоўных вандровак — па Беларусі і па замежжы. І гэта былі часам гарачыя дыскусіі. Але самымі захапляльнымі для мяне, напэўна, былі ягоныя аповеды пра гісторыю Беларусі. Гэта было і з гумарам, гэта было і сур’ёзна — ты нібыта пагружаўся ў гэты час, бачыў гэтых людзей, Мірык заўсёды мог падаць гэтыя гістарычныя падзеі з нейкага такога незвычайнага ракурсу, што да гэтага і падумаць не магла, што наша гісторыя можа быць такой захапляльнай, такой цікавай.

Makouskaia-Aliena.jpg
Алена Макоўская. Фота Стаха Войтава

Яшчэ ён быў вельмі надзейным, на яго можна было разлічваць у самыя цяжкія моманты. Пра такіх людзей кажуць: соль зямлі. З ім можна было смела ісці, прыкладам, у грыбы — і губляцца там смела, бо Мірык заўжды знойдзе і выведзе».

Алена Макоўская называе Міраслава Лазоўскага «чалавекам нязломным, бо нягледзячы на ўсе пакуты, на ўвесь той ціск, які ён зазнаў і цярпеў, на ўсе гэтыя арышты і затрыманні, ён працягваў працаваць дзеля Беларусі». «Я вельмі шкадую, што ўвесь ягоны патэнцыял не мог быць — як і шмат каго з нашага пакалення — зрэалізаваны ў Беларусі і ў тыя часы, і тым больш у сённяшняй. Але што мог — ён рабіў, яго жыццё было сапраўдным служэннем. Дзе б ён ні працаваў, што б ён ні рабіў — шмат сіл, часу ён аддаваў сваёй краіне, яе светлай і незалежнай будучыні. І тое, што ён пасля выбраў Украіну і вырашыў тым самым змагацца за Беларусь — гэта лагічнае, паслядоўнае рашэнне яго жыцця. І ягоная смерць падчас ратавання таварышаў — гэта таксама тое, што гаворыць, кім быў па сутнасці Мірык. Нашым героем, беларускім волатам, тым, хто зараз трымае вось гэта беларускае неба над намі».

«Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць»

Старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская, былая жонка і паплечніца Міраслава:

«Мне, відаць, пашанцавала найбольш — я вельмі добра ведаю Мірыка з 1995 года. Ізноў жа пашанцавала больш, чым каму — я яго ведала з розных бакоў. Як чалавека эрудзіраванага, які энцыклапедычнымі ведамі рознага роду проста жангляваў — яго можна было сярод ночы падняць штосьці запытаць і пачуць адказ. Ці, напрыклад, ён заснуў, расказваючы пра нешта, а прачнуўшыся — працягвае тэму:) Я ведала яго як чалавека, ведала як дзеяча, ведала як аднаго з легіянераў. Нас Бог адарыў пачуццём, якое намнога большае, намнога больш каштоўнае і глыбокае, чым каханне, якое не знікае ні пры якіх варунках. І якое дазваляла, спыніўшы асабістыя стасункі, працягваць глыбіню чалавечых стасункаў».

Nina-Szydlouskaja.jpg
 Ніна Шыдлоўская. Фота Стаха Войтава 

Ніна Шыдлоўская згадвае: «Мірык быў вельмі розны, вельмі розны ў розных сітуацыях, і з гумарам, і... Ой, як жа ён умеў злавацца! Ён рабіў шчыра і з глыбінёй душы ўсё. Абсалютна ўсё. (...) Спадзяюся, памяць дазволіць напісаць пра яго, пра шмат якія жыццёвыя сітуацыі... Без яго апусцеў свет — гэта слаба сказаць. Параіцца — з Мірыкам, зверыць каардынаты — з Мірыкам, сарыентавацца, ці правільна ты інтэрпрэтуеш тую ці іншую падзею — гэта з Мірыкам. Гаворачы з ім, я сама пачынала лепш разумець падзеі, свет, людзей. У людзях — не памыліўся ніколі. Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць на стварэнне твораў, на стварэнне фільмаў, артыкулаў і г.д. Спадчына ад яго будзе яшчэ прарастаць дзесяцігоддзі наперад і даваць нам гэты грунт, і для мяне і для многіх нашых сяброў зверку каардынат — ці правільным шляхам мы ідзем.

Гэта насамрэч адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь, да якой мы, спадзяюся, хутка дойдзем».


budzma.org

Чытайце яшчэ: Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы