Памёр вядомы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі. Развітанне ў суботу, 23 красавіка

Памёр адзін  найстарэйшых беларускіх літаратараў Анатоль Вярцінскі. Яму было 90 гадоў.


85.jpg

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і, скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ ў 1956 годзе і некалькі гадоў працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 годзе выдаў свой першы зборнік паэзіі «Песня пра хлеб», які моцна паўплываў на гучанне ўсёй беларускай паэзіі 1960-х агулам.

У тым самым годзе Анатоль Вярцінскі пераехаў у Мінск і пачаў супрацоўнічаць з газетай «Літаратура і мастацтва».

У 1986–1990 гадах быў яе галоўным рэдактарам — і менавіта ў той перыяд на старонках выдання друкавалася праўда пра Курапаты.

Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 года, працаваў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1998 года Анатоль Вярцінскі зрабіўся сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра.

З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі.

Вершы Анатоля Вярцінскага нязменна рабіліся заўважнымі падзеямі ў беларускай літаратуры, многія з іх пакладзеныя на музыку. А ягоныя пераклады п’ес Лопэ дэ Вегі, Міхаіла Себасцьяна і Віялеты Пальчынскайтэ, а таксама ўласныя п’есы для дзяцей былі пастаўленыя на сцэнах рэспубліканскіх тэатраў.

За кнігу публіцыстычных нататак «Нью-ёркская сірэна» Анатоль Вярцінскі быў у 1988 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы, а ў 2010 годзе за высокі ўклад у беларускую літаратуру стаў лаўрэатам прэміі «Залаты апостраф» ад рэдакцыі часопіса «Дзеяслоў».

У 2019 годзе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Вярцінскі быў узнагароджаны медалём «100 гадоў БНР».

Абноўлена:

Развітанне пройдзе 23 красавіка ў Мінску ў рытуальнай залі на вул. Альшэўскага, 12. Пачатак а 12-ай гадзіне.

***

Выказваем шчырыя спачуванні сям'і, блізкім і ўсім прыхільнікам творчасці Анатоля Ільіча. Рай светлы яго душы.


Не гнуўся і не згінаўся. Міхась Скобла пра Анатоля Вярцінскага