«Мао» быў вакалістам Hate to state, адной з першых палітычных панк-бандаў Беларусі, піша «Наша Ніва».
Віктар «Мао» Жаркевіч. Фота з ягонай старонкі ў фэйсбуку
Віктару «Мао» Жаркевічу быў 51 год. Ён найбольш вядомы як мінскі панк-рокер.
Віктар захапіўся панкам яшчэ ў падлеткавым узросце, у савецкі час. У пачатку 1990-х ён паехаў у Германію і жыў там у захопленым панкамі будынку, удзельнічаў у мясцовым панк-руху. Пасля вяртання ў Мінск «Мао» прывёз не толькі ўражанні, але і веды пра тамтэйшую панк-сцэну.
«Мао» хацеў граць у стылі, які завецца краст-панк — гэта звычайна грубая і цяжкая, «гаражная» музыка разам з радыкальнымі сацыяльнымі тэкстамі. Віктар Жаркевіч у 1997 годзе быў заснавальнікам і аўтарам тэкстаў мінскага панк-гурта Hate to state, які выступаў побач з выбітнымі дзеячамі беларускага року таго часу.
Афіша фестывалю «Раздавім фашысцкую гадзіну», канец 90-х. Разам з Hate to State выступае гарадзенскі гурт Deviation, у якім вакалістам быў Стас Пачобут, брат палітвязня Анджэя Пачобута
Гурт праіснаваў да 2000 года, а апошні канцэрт яны гралі разам з гуртом «Правакацыя», у якім быў вакалістам Альгерд Бахарэвіч. Пасля гэтага Віктар эпізадычна граў у розных гуртах ды займаўся менш вядомымі праектамі.
Жаркевіча затрымліваў ГУБАЗіК у верасні 2022 года. Падчас затрымання Віктара моцна збілі. У дадатак яму зламалі аб галаву патэльню ды прымусілі цягнуць з сабой у аддзяленне дзверы ад халадзільніка, на якія былі налепленыя панк-рокерскія ды анархісцкія налепкі і магніты за розныя гады.
Сябры мужчыны кажуць, што яго здароўе ды маральны стан моцна падарвалі 30 сутак на Акрэсціна. Ён скардзіўся на болі і пасля выхаду з-за кратаў.
Жаркевіча звольнілі з працы на будоўлі і, прынамсі ў першы час, не бралі на новую праз палітычныя абвінавачанні. Віктар перабіваўся выпадковымі заробкамі ды часта скардзіўся сябрам на праблемы са здароўем.
Віктар «Мао» Жаркевіч памёр 22 верасня 2024 года ў сваёй кватэры ў Мінску. Па звестках знаёмых, не вытрымала сэрца.