Якімі былі межы Полацкай дзяржавы і як яна атрымала выхад да мора? Чаму Усяслаў Чарадзей дзейсніў у 1066 годзе буйную выправу ў Ноўгарад і вывез адтуль званы Святой Сафіі? Як былі заснаваныя і чым жылі полацкія замкі на шляху да мора? Што паставіла пад пагрозу полацкую дамінацыю ў рэгіёне? Піша Канстанцін Семяновіч.
Хоць сярэднявечную Полацкую дзяржаву мы называем княствам, насамрэч гэта была рэспубліка. А ў тагачасных рэспубліках рэй вялі купцы, асабліва тыя багацейшыя, якія па-навуковаму завуцца алігархіяй. А багацелі яны на вялікім міжнародным гандлі як сваімі таварамі, так і ў якасці пасярэднікаў паміж Паўднёвай (найперш Візантыяй) і Паўночнай Еўропай.
Сярэднявечны Полацк. Малюнак Паўла Татарнікава
Як міжнародны гандаль паспрыяў пашырэнню межаў Полацкай дзяржавы
Вялікі міжнародны гандаль — гэта далёкія падарожжы і працяглыя камунікацыі. Галоўнымі шляхамі камунікацый у Сярэднявеччы былі водныя — рэкі і мора. Прагных прыбытку гандляроў не спыняла неабходнасць рухацца ўверх па рацэ супраць цячэння. Калі з Візантыі, то палова дарогі ўверх па Дняпры, калі са Скандынавіі, то спачатку супраць плыні Заходняй Дзвіны. Неяк спраўляліся, наймалі бурлакоў, ставілі ветразі, хоць марудна, але дасягалі мэты.
Купецкі краван у ХІІІ стагоддзі
Выпраўляліся караванамі з аховай, чым больш, тым лепш, каб хеўры разбойнікаў не асмельваліся напасці. А яшчэ пра сярэднявечнага купца казалі, што ён сам быў напалову разбойнік, падарожнічаў узброены да зубоў. Калі сустракаліся два купецкія караваны, то найперш наўзаем прыкідвалі, ці можна забраць тавар у контрагента сілай. Калі сілы былі роўнымі, пачынаўся гандаль.
Не цярпелі канкурэнтаў. Вось Усяслаў Чарадзей патраціў шмат сродкаў і часу, каб арганізаваць у 1066 г. буйную выправу на Вялікі Ноўгарад. Заспеў знянацку, перамог, жорстка абышоўся, абрабаваў, пазабіраў што мог, папаліў, а ўрэшце і прынізіў — зняў і вывез да сябе ў Полацак званы са Святой Сафіі. Што яму было да таго Ноўгарада, які нават і не на Дзвіне сядзіць, а на далёкай Ловаці?
Усяслаў Чарадзей. Мініяцюра з летапісу
Але калі глянем на карту вялікай гандлёвай дарогі, вядомай пад назвай «шлях з варагаў у грэкі», то ўбачым, што ягонае адгалінаванне па Ловаці было паралельным, г. зн. канкурэнтным, заходнедзвінскаму. Ясна як божы дзень, што князя Усяслава настрапалілі, прафінансавалі і выправілі нішчыць канкурэнтаў полацкія купцы-алігархі.
Шлях з варагаў у грэкі
Сярэднявечны рэкет
Яшчэ адной вялікай праблемай і перашкодай сярэднявечнаму гандлю былі шматлікія паборы на дарозе: за праезд, праплыў, пераправу праз мост ці брод. Кожны гаспадар зямлі, праз якую праходзіла дарога, ставіў мытную рагатку і абіраў купцоў. Сёння гэта называецца рэкет.
Вось, напрыклад, плыве наладаваны таварам караван полацкіх купцоў па Дзвіне ў Балтыку, каб далей кабатажным плаваннем (г. зн. не губляючы з вачэй берагу) дабрацца да рынкаў у Швецыі ці Нямеччыне, а тут дзесьці ў Латгаліі мясцовы правадыр, сабраўшы дружыну са сваіх малойцаў, перагарадзіў чаўнамі раку і патрабуе плату за праплыў. А праз некалькі сотняў палётаў стралы — наступны правадыр з тым жа самым вымаганнем. І так да самага мора.
Полацкія замкі на шляху да мора
Танней было арганізаваць ахову на працягу ўсяго дзвінскага маршруту. Так з’явіліся полацкія замкі — вартавыя вялікага гандлю на дарозе да мора — Герцыке і Кукейнос, якія паступова выраслі ў невялікія гарады.
Полацкае княства ў XI стагоддзі
Гарады мелі назвы мясцовыя — балцкія, але імёны іх князёў былі славянскія, як Усевалад ці Вячка. Яны забяспечвалі свабодны і спакойны правоз тавараў, зрабіліся адміністрацыйнымі цэнтрамі ваколіцы, якую засялялі балцкія плямёны — селы, латгалы, фіна-вугорскае племя ліваў.
Гэтыя замкі самыя сябе кармілі, бо збіралі даніну з навакольнага люду, якая ішла на ўтрыманне залогі і князя. Апошні, як належыць прадстаўніку дзяржаўнай адміністрацыі, гарантаваў тубыльцам бяспеку ад варожых нападаў і падтрымліваў правапарадак — выконваў судовыя функцыі. Ды і самыя гараджане карміліся з гандлёвага шляху — абслугоўвалі падарожных: кармілі, прымалі на начлег, нешта куплялі ці прадавалі. Вялі гандаль з навакольным вясковым людам, скуплялі футры, воск і іншае, што высока цанілася на еўрапейскіх рынках.
Беларуская купецкая рэспубліка
Полацак узяў пад кантроль землі паабапал Дзвіны да самага Балтыйскага мора і стаў такім чынам марской дзяржавай.
Тое ў пачатку ХІІІ ст. засведчыў каталіцкі архіепіскап Рыгі — новага горада, закладзенага нямецкімі каланістамі ў 1201 г. каля вусця Дзвіны. Той пісаў да Папы Рымскага, што полацкі князь не дбае пра хрысціянізацыю мясцовых плямёнаў, а толькі збірае з іх даніну. Насамрэч Полацк вёў місійную хрысціянскую дзейнасць у Балтыцы, але яна была мірнай, таму і не такой заўважнай і галоснай, як нямецкае хрышчэнне тубыльцаў «агнём і мечам».
З’яўленне над Дзвіной нямецкай калоніі Лівоніі паставіла пад пагрозу полацкую дамінацыю ў рэгіёне і на нейкі час адрэзала беларускую купецкую рэспубліку ад мора.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Глядзіце па тэме:
Полацкае княства: ад племяннога аб’яднання да калыскі беларускай дзяржаўнасці