Афіцыйная назва — Вілейка
Беларуская народная назва — Вялейка
Першыя людзі на тэрыторыі сучаснай Вялейшчыны зьявіліся дзесьці ў 7–5 тысячагодзьдзях да нашай эры — пра гэта сьведчаць крамянёвыя прылады працы.
Да XIII стагодзьдзя тыя землі над ракой Вяльлёй былі ў складзе Полацкага княства, а мястэчка ВКЛ пад назвай Стары Куранец вядомае з 1599 году. У якасьці цэнтру староства Ашмянскага павету яно памяняла назву на Вялейку — ад імя ракі Вяльлі, што азначае проста ‘вялікаяʼ.
Ёсьць і Новая Вялейка — горад на той самай рацэ, які цяпер стаў прадмесьцем Вільні (Naujoji Vilnia па-літоўску).
Адкуль у назьве гук і літара І? З польскае мовы. Па-польску раку называлі Wilia(прычыны не зусім ясныя, магчыма, каб дапасаваць яе імя да назвы сталічнай Вільні), адсюль Wilejka. Ад 1793 году, пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, места ўваходзіць у склад Расейскай імпэрыі. Адпаведна, новая расейская адміністрацыя мэханічна зафіксавала польскую назву гораду — Вілейка.
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.