27, 28 і 30 снежня на сцэне РТБД адбудзецца прэм’ера легенды ў дзвюх дзеях «Ладдзя роспачы», прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Фота: РТБД
Рэжысёрка Святлана Навуменка аднаго з самых загадкавых і філасофскіх твораў Уладзіміра Караткевіча, каб разам з пастановачнай камандай разабрацца ў таямніцах чалавечага лёсу.
Сцэна РТБД ператворыцца ў метафарычную прастору, дзе пластычныя, візуальныя і музычныя рашэнні дапамогуць кожнаму гледачу судакрануцца з моцнай гісторыяй пра лёс чалавека, унутраную барацьбу і сілу духу, а значыць, з самім сабой.
Сапраўднай асновай і натхненнем спектакля сталі словы самога Караткевіча: «"Ладдзя роспачы", па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларусу, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх».
«Прэм’ерныя паказы спектакля «Ладдзя роспачы» — гэта больш чым тэатральная падзея. Гэта інтэлектуальнае, эмацыйнае і сэнсавае падарожжа, запрашэнне да сумеснага пошуку адказаў на пытанні, што хвалююць кожнага. Прыходзьце, каб разам з РТБД зазірнуць у люстэрка чалавечага лёсу і, магчыма, знайсці там уласныя адлюстраванні, тэатральныя скарбы і каштоўныя асэнсаванні» — запрашаюць аўтары спектакля.
Апроч снежня, паказы спектакля запланаваныя таксама на студзень і люты.
Набыць квіткі можна на старонцы тэатра.