Пани Хида – the Bestолочь, Вігма, 2012

Своеасаблівы напамін пра сябе, яскравых прадстаўнікоў расейскамоўнай плыні беларускага року, чыё імя магло захавацца ў памяці людзкой дзякуючы двум атрыманым рок-каронам у 1997 годзе – за песьню “Таниц” і кліп “Слёзы на соснах”. Праз пару гадоў музыкі згінулі з далягляду, як дзесяткі, а то і сотні іншых герояў беларускай незалежнай сцэны канца 90-х, нагадаўшы пра сябе ў нулявых хіба толькі цынічна-іранічным гітом пра тое, што “стреляться и вешаться лучше весной”.

Сваё зьяўленьне на сцэне праз 10 гадоў аршанскія музыкі патлумачылі тым, што ім закарцела пазапісваць новыя песьні. Некалькі гадоў таму яны паўсталі пад новай назвай Cola-Manola, але гэты дыск вырашылі ўсё ж выдаваць пад вядомай шыльдай. Аснову альбома складаюць песьні, якія прынесьлі гурту вядомасьць, ды рэчы, прыдуманыя ў час маўчаньня. Усе творы трымаюцца ў межах абранага калісьці даўно вобразу валацугаў-рамантыкаў. Музыка і падача адпаведныя – з налётам пасьлясюткінскага “Браво”. Прыемныя такія песьні, не абцяжараныя вялікім сэнсам. Для сябе, для душы, і для сяброў, зь якімі можна разам згадаць вясёлую вірлівую маладосьць. На жаль, унікальнай творчай прапановы тут не прадугледжваецца. Музыка ўзбочыны. Там ёй і наканавана знаходзіцца.

Істотная прэтэнзія да гучаньня ды мастацкага аздабленьня альбома. Трэкі запісаныя і зьведзеныя надта ўжо неахайна (асабліва “Буддэ” і “Рай для фей”). А ўласна мастацкае афармленьне не вытрымлівае ніякай крытыкай. Ну хіба з такім бляклым, шэрым і танным дыскам вяртаюцца на сцэну праз 10 гадоў забыцьця?

Ідэя: 6
Выкананьне: 7
Тэксты: 7
Запіс: 4
Аздабленьне: 2

Сяргей Будкін