Напярэдадні творчай сустрэчы, якая адбудзецца 21 снежня ў “Акадэмкнізе”, Людміла Рублеўская адказала на самыя злабадзённыя пытанні, звязаныя з меркаваным выхадам у студзені 2017 года новага гісторыка-прыгодніцкага рамана “Дагератып”. На яго выданне якраз ідзе збор сродкаў на платформе Talaka.by. Яшчэ можна паспець ахвяраваць невялікую суму грошай і атрымаць асобнік з адмысловым аўтографам вядомай пісьменніцы.
”Дагератып” быў напісаны некалькі гадоў таму, кавалкамі публікаваў у “Дзеяслове”, існуе пэўны час у электронным фармаце. Чаму зараз вы вырашылі даць раману папяровае жыццё?
Найперш з-за чытачоў, якія пытаюцца: “А калі ж выйдзе сапраўдная кніга?” У інтэрнэце з маімі тэкстамі адбываюцца розныя дзівосы, іх перацягваюць з сайта на сайт з памылкамі, перакручваюць, губляюць раздзелы… Часам проста страшна, што ўрэшце з напісаным адбудзецца тое ж, што з авечкай, якая прадзіраецца скрозь калючае кустоўе. Папяровая кніга – гэта ўсё ж канон. І ўвогуле, пакажыце мне такога пісьменніка, які не хоча выдаць твор кнігай! Тым больш ад моманту апублікавання ў часопісе прайшло шмат часу.
Чаму кніга мае такую незвычайную структуру? І што такое дэкадансны раман?
Я лічу, што ствараць можна толькі на тэрыторыі ўнутранай свабоды, калі няма абмежаванняў ні ў тэме, ні ў форме, і ў маіх раманах часта з’ядноўваюцца розныя эпохі. Так і тут. Падзеі Кнігі знешняга кола адбываюцца ў наш час. У Кнігу знешняга кола ўпісаная Кніга ўнутранага кола – гэта канец дзевятнаццатага стагоддзя, падзеі з дзённіка фатографкі-тэрарысткі Багуславы Ніхель, які знаходзяць героі Кнігі знешняга кола. А тлумачыць некаторыя таямніцы Кніга патаемная. З эпохі філаматаў і філарэтаў. Яна існуе як бы паралельна першым двум, быццам падвешаны да гэтых двух колаў на ланцужку званочак. Дарэчы, дзякуючы інтэрнэт-піратам, магу меркаваць, што на сёння я самы постмадэрнісцкі ў Беларусі пісьменнік. Мала таго, што раман “Авантуры драгуна Вырвіча” блукае па сеціве з двума варыянтамі фіналу – у адным Пранціш Вырвіч жэніцца, у другім не, – дык цяпер і “Дагератып” мае версіі. Пасля першага раздзелу Кнігі знешняга кола ў мяне мусіць цалкам ісці Кніга ўнутранага кола, а за ёй – другі раздзел Кнігі знешняга… Нехта з тых, хто размяшчаў мой раман на адным з рэсурсаў, палічыў, што адбылася памылка, і з’яднаў раздзелы Кнігі знешняга кола. То бок атрымалася, што фінал апынуўся наперадзе! Я адразу заперажывала, але каляжанка супакоіла: гэта ж як у Павіча, можна чытаць раздзелы ў любым парадку, як падабаецца. І калі чытачам падабаецца, дык чаму не? Выпендрылася з формай, называецца, увяла людзей у зман☺
А чаму дэкадансны… Ну падабаецца мне вельмі арт-нуво, карціны Бэрдслея і Бёкліна. Падабаецца дэкаданс, які дзіўным чынам перагукваецца з сённяшнімі мемамі-дэпрэсяшкам. Дамы-вамп у чорных сукенках і манто, з доўгімі цыгарэткамі ў муштуках… Усё гэтае захапленне руінамі і могілкамі, закінутымі капліцамі і патанулымі Афеліямі… Пішучы раман, з задавальненнем пажыла ў той атмасферцы. Маёнтак у пушчы з калекцыяй праклятых рэчаў… “Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў”…
Калі чытаеш кнігу, вельмі нязвыкла гучыць фрагмент пра postmortem — з’яву, калі фатаграфавалі памерлых людзей, а асабліва дзяцей так, нібыта яны жывыя. Чаму вырашылі ўключыць гэты момант у кнігу?
Гэта якраз вельмі атмасферная з’ява эпохі. Якая не толькі дадае жудасці ў тэкст, але паказвае рознасць менталітэтаў людзей розных эпох. Я ніколі не лічыла патрэбным арыентавацца на тонкую нервовую сістэму кагось з чытачоў. Думаю, і нашым нашчадкам тое-сёе з нашых побытавых з’яў пакажацца незразумелым дзікунствам і поклічам Ктулху. У фотаздымках postmortem не ўкладалася ніякага грахоўнага падтэксту. Гэта была даніна павагі да памерлых і адносіны да смерці, як з’явы побытавай.
Чаму кніга атрымала такую назву – “Дагератып”?
Вядомы літаратуразаўца Франка Марэці правёў даследванне, як змяняліся заглоўкі кніг у розныя эпохі. На пачатку 19 стагоддзя назва магла займаць паўстаронкі. Пасля загалоўкі пачалі скарачацца, скарачацца… Да слова, нават да лічбы… Сёння цяжка вынайсці слова, якое не прабілася на вокладку. Маркес адмовіўся ад назвы рамана “Дом”, таму што ягоны сябар выдаў кнігу “Вялікі дом”, і ў гісторыю ўвайшлі “Сто гадоў адзіноты”. Я не ведаю, колькі ў свеце існуе кніг пад назвай “Дагератып”. Што гэта ў рамане? Стары здымак на срэбнай пласцінцы… Галоўная гераіня свята беражэ яго – на дагератыпе яе бацька, паўстанец, які загінуў у Сібіры. Але гэтая маленькая рэч, якая апраўдвае помсту, апраўдвае забойствы – прыклад таго, як можна выкарыстоўваць для маніпуляцыі людзямі нават самае святое, змушать іх рабіць жахлівыя рэчы.
Ці існуе насамрэч вёска Жухавічы? Увогуле, якое геаграфічнае месца натхніла вас?
У маіх творах свая геаграфія, свае мястэчкі, вёскі, гарады, што пераходзяць з кнігі ў кнігу. Наўе, Старавежск, Волатава пушча… Вось цяпер – Жухавічы. Нават Балотныя Яліны згадваюцца – чаму б свету, створанаму Караткевічам, не быць таксама пазначаным на маёй карце? Прататыпаў шмат, мы з мужам любім падарожнічаць па Беларусі, па старых сядзібах, лазіць па закінутых маёнтках. Штосьці падобнае бачылі ў Прылуках, у Станькава, у Навасёлках, дзе магіла Каруся Каганца…
У кнізе сустракаецца любоўная лінія, вельмі падобная на “Змярканне” Стэфані Майер. Вы яе стваралі, ведаючы пра папулярную моладзевую сагу ці незалежна ад гэтага твору?
Так, адзін з герояў, князь Шымон Каганецкі, перакананы, што ён пераварацень. Але ж і гераіня перакананая, што яна пачвара. Гэта гісторыя не пра тое, як хтосьці пакахаў пачвару, нягледзячы на… А пра тое, што каханне дазволіла абодвум зразумець, што яны людзі. Што ўсё не такое, як іх прымушалі верыць. У аснову пакладзеная гіторыя пра беларускіх берсеркаў, якую “запусціў” яшчэ Уладзімір Караткевіч. Нібыта не толькі ў вікінгаў, але і ў старадаўніх беларусаў меліся воі, якія падчас бойкі ўпадалі ў “пану”, то бок рабіліся апантанымі, не адчувалі ранаў і змагаліся нават мёртвымі. Мне цікава было апісаць, што ж гэта за берсеркерства, ці яно ёсць сёння? І да якой мяжы можна выпрабоўваць славутае цярпенне беларуса, пакуль у ім не абудзіцца берсерк? Ну і – што правільна часам даць волю свайму гневу, каб абараніць сваю зямлю і тых, каго любіш.
Краўдфандынг – гэта для вас што? Мода, вымушаная неабходнасць, новыя магчымасці?
Мусіць, і магчымасць, і неабходнасць. Праекты з некаторымі выдавецтвамі, якія браліся выдаваць раман, не здзейсніліся. То грошай у іх няма, то аўтар не той. А час ідзе, я ўжо другі раман пасля “Дагератыпа” даканчваю, а гэты ўсё нявыдадзены. Не магу сказаць, што, калі да мяне звярнулася з прапановай пайсці на краўдфандынг каманда з Kniharnia.by і выдавецтва “Янушкевіч”, пагадзілася без сумніваў – наадварот, вагалася да апошняга. Справа новая, успрымаецца насцярожана. Нібыта выпрошваеш у грамады для сябе, роднага, грошы… Ну, з сабранага я не атрымаю ні капейкі – усё пойдзе на выданне. Гэта фактычна тая самая падпіска на кнігу. Хто хоча мець асобнік – замаўляе яго з перадаплатай. Ці думала, што ўсе зараз жа кінуцца ахвяраваць? Вой, не. Я занадта доўга на гэтай пляцоўцы, маю на ўвазе “сучбелліт”, каб мець нейкія ілюзіі. Але калі маеш пачуццё гумару і самаіроніі, то ўсё ўспрымаецца нашмат прасцей, у тым ліку і гэты эксперымент.
Ці плануецца працяг кнігі?
Не думаю. Усё, што я хацела ў ёй сказаць, я сказала.
Хацелі б вы, каб па вашай кнізе знялі фільм або серыял?
Прапануюць – адмаўляцца не буду. Але не думаю, што прапануюць. Для гэтага трэба дажыць да эпохі нацыянальнага беларускага кіно.
Чаго чакаць аматарам вашай творчасці бліжэйшым часам?
Ну што са мной паробіш, пішу раман. Нядаўна закінула ў сеціва пытанне, ці забіваць галоўнага героя: дайшло да апошніх раздзелаў, а мне ўсё шкада з персанажам развітвацца, хоць і намучыўся ён, небарака… Народ адгукнуўся масава, і ў большасці патрабаваў забіць. Ці хоць нагу адрэзаць. А раман таксама складанай структуры. Наш свет – гэта ж тэкст. Віртуальная рэальнасць пераходзіць у другую віртуальную, дзе пачынаецца сапраўднасць – незразумела. Хто пра каго піша, таксама незразумела… Кожны раздзел суправаджаецца чытацкімі каментарамі, і рэальныя каментары зробяцца часткай тэксту. А сюжэт зноў экзістэнцыйны. Трагічны. Закручаны. Дзве эпохі. Антысавецкае паўстанне ў лепразорыі. Легенда пра Белага Трактарыста. Карацей, праходзіце па станцыі метро, падыміце позірк на столь – раптам хтосьці на вас адтуль глядзіць? Але хопіць спойлераў…
Матэрыял падрыхтаваны kniharnia.by
Глядзіце таксама: