Блізкі чалавек за кратамі: як гэта перажыць і захаваць здаровую псіхіку. Парады псіхолага

Калі хтосьці блізкі трапляе за краты (СІЗА ці выпраўленчыя ўстановы) — гэта цяжкае выпрабаванне для нашай псіхікі, справіцца з якім бывае вельмі няпроста.


Першапачатковая рэакцыя на такую сітуацыю можа быць розная. Адны пачынаюць панікаваць: не могуць зразумець, што рабіць, куды ісці, да каго звярнуцца па дапамогу. Другія — мабілізуюць усе свае рэсурсы, пачынаюць актыўна і рацыянальна дзейнічаць. А хтосьці проста «тармазіць», завісае ў шокавым стане. Такім людзям патрэбны час, каб прыйсці да цяму, вярнуцца ў жыццё. Бо ў кожнага з нас свае механізмы абароны псіхікі, свой тэмперамент, ступень трываласці.

Якой бы ні была рэакцыя на стрэсавую сітуацыю, існуюць агульныя прынцыпы выхаду з яе. Пра гэтыя прынцыпы распавяла псіхолаг Алеся Зянькова.

Снимок-экрана-2020-05-04-в-16.44.07.png
Фота: revmo-covid.ru

Адным з першых крокаў будзе пошук праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца з вашым блізкім. Самы глыбокі жах заўжды выклікае невядомасць. Калі няма наўпроставай сувязі, мы пачынаем «дамалёўваць» жахлівыя карціны таго, што адбываецца там, за кратамі. У асноўным нашыя ўяўленіі фундуюцца на кінастужках, матэрыялах СМІ, пастах у сацсетках і г.д. Таму важна сабраць максімальна поўныя і праўдзівыя звесткі пра вашага блізкага, які патрапіў у СІЗА ці выпраўленчую ўстанову.

Таксама трэба разабрацца ў дэталях: што, калі, як і дзе можна перадаць, куды і як пісаць лісты (і ўвогуле — што з адваротнай сувяззю), ці ёсць магчымасць сустрэч, што для гэтага трэба зрабіць, куды звяртацца і г.д.

Чытайце яшчэ па тэме: Што варта ведаць пра тэлефанаванні і відэазванкі ў калоніях


Затрымалі блізкага чалавека? Што і як можна перадаваць? (Відэа)

Наступная вельмі важная рэч: адэкватна ацаніць свае рэсурсы (як знешнія, так і ўнутраныя). Што ў дадзенай сітуацыі вы рэальна можаце зрабіць, што вам па сілах? Калі вы разумееце, што ўласнага рэсурса не хапае, звяртайцеся па дапамогу, любую. Шукайце яе паўсюль: суполкі па падтрымцы, валанцёры, псіхолаг, сваякі і сябры, якія знаходзяцца ў рэсурсным стане.

Тут трэба зразумець, сышоўшы ў пакуты, загнаўшы сябе ў дэпрэсіўны стан, мы не толькі шкодзім сабе, але і ніяк не дапаможам свайму блізкаму чалавеку, які спадзяецца на нас. Таму варта паклапаціцца пра сябе.

У першую чаргу трэба дазволіць сабе гэта рабіць. Адкінуць пачуццё віны (ён/яна там, а я тут). Зразумець, што вы чалавек-апора для таго, хто за кратамі. І ў вас мусіць быць дастаткова трываласці і моцы на дваіх (а часцей і болей: побытавыя абавязкі, клопат пра сям’ю, дзяцей, хатніх гадаванцаў, праца/вучоба таксама патрабуюць шмат намаганняў).

Што дапаможа справіцца са стрэсавай сітуацыяй і вярнуцца ў рэсурсны стан?

Першае — пазбаўце сваё цела ад негатыўных эмоцый, не закрывайце іх у сабе. Хочацца плакаць — плачце, крычаць, тупацець нагамі — стварыце сабе ўмовы, калі гэта можна зрабіць бяспечна. Тут галоўнае — вызваліць сябе, выкінуць усё, што назбіралася.

Прапішыце ўсё, што адчуваеце, выскажыце каму-небудзь альбо нават проста ў паветра. Важна — любым спосабам пазбавіцца ад гэтых эмоцый. Інакш яны могуць пераўтварыцца ў псіхасаматычныя з’явы: праблемы з дыханнем, ком у горле, ванітаванне, галаўны боль і інш.

Наступнае. У стрэсе чалавек можа «заліпнуць» на траўматычных падзеях. Мы проста не заўважаем, як на працяглы час сыходзім у свае думкі і хваляванні, забываючыся на элементарныя фізіялагічныя патрэбы: ежу, сон, свежае паветра, фізічную актыўнасць і д.п. Каб пазбегнуць такога, старайцеся «вяртацца» ў сваё цела: звяртайце ўвагу цягам усяго дня на свае адчуванні, жаданні, патрэбы. Задавальняйце свае базавыя патрэбы ў адпачынку, ежы і інш. Рабіце гэта свядома. Напрыклад, калі вы ясцё, значыць вы звяртаеце ўвагу на выгляд і смак ежы (а не чытаеце навіны ці завісаеце ў мэсэнджарах). Калі гуляеце па вуліцы, то звяртаеце ўвагу на тое, што вакол вас. Карацей кажучы: трэба знаходзіцца ў моманце «тут і цяпер».

Звычайна пры эмацыйнай напружанасці з’яўляецца і напружанасць, скаванасць у целе (шыя, спіна, плечы). Важна здымаць падобныя рэчы. Цёплая ванна з араматычным алеем, масаж, расціранне. Таксама можна абняць сябе і пагайдацца, быццам закалыхваючы сябе маленькага/ую. Можна часцей абдымацца з тымі людзьмі, што побач, каб адчуць іх цеплыню і падтрымку.

Часта дапамагае і фізічная нагрузка — любыя практыкаванні, бег, плаванне, танцы, фізічная праца. Такім чынам арганізм насычаецца кіслародам, вызваляецца ад таксінаў і залішняга адрэналіну. Праз фізічную актыўнасць здымаецца напружанне, вызваляюцца «схаваныя» эмоцыі, пачынаюць актыўна выпрацоўвацца эндарфіны (гармоны радасці).

Каб пазбавіцца ад падаўленнай агрэсіі, можна штосьці размяць (гліну, пластылін, мяккую цацку і інш), парваць на шматочкі паперу, разбіць непатрэбны посуд.

Узгадайце пра свае закінутыя цікавасці альбо займіцеся нечым абсалютна новым — галоўнае, каб занятак прыносіў вам задавальненне і выцягваў з сумных роздумаў.

166524_or.jpg

Фота: shkolazhizni.ru

Калі ж вы адчуваеце, што самастойна не спраўляецеся і ўсё глыбей сыходзіце ў дэпрэсію, не саромейцеся звяртацца па дапамогу да спецыялістаў. Псіхолага альбо псіхатэрапеўта можна знайсці праз сеціва, знаёмых, у валанцёрскіх суполках альбо нават у сваёй паліклініцы.

Памятайце, што ў такой сітуацыі вам патрэбна берагчы сябе яшчэ больш, аднаўляць свае сілы любымі даступнымі метадамі. Важна працягваць жыць далей: займацца хатнімі клопатамі, сваім развіццём, нешта планаваць, верыць у сябе і спадзявацца на лепшае.

Беларусь сёння: як не звар’яцець? Размова з псіхолагам 


Падрыхтавала Вікторыя Лебедзева, budzma.org