Пашпарт грамадзяніна ВКЛ, або Міхал Крыспін Паўлікоўскі – паніч з Пуцькава

19.01.2022 Гісторыя

Іх залічваюць у кола «грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага» — выгадаваных на беларускіх землях, падуладных Расійскай Імперыі, дзе яшчэ памятаюць падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанні і разборы шляхты, дзе моляцца і гандлююцца на розных мовах, але захоўваюць сацыяльны падзел, пішуць «Свободные новости».


65.jpg

Польскіх літаратары беларускага паходжання пакінулі па сабе ўспаміны і творы, у якіх Беларусь (часта пад назвай Крэсы, але і гэтае сцверджанне разбіваецца аб сведчанні) — краіна дзяцінства і адкрытасці свету. Яны выйшлі з розных сацыяльных слаёў — старых шляхецкіх родаў, заможных і не надта, са збяднелай засцянковай шляхты і гараджанаў. У іх вельмі розныя лёсы: хтосьці вучыўся красці і насіць кантрабанду, хтосьці падарожнічаў, хтосьці выкладаў і выдаваў кнігі. Але ўсе яны неслі з сабою памяць.

Памяць у валізцы і памяць на палічцы

Пра Міхала Крыспіна Паўлікоўскага ў нас згадваюць рэдка, і на агульным фоне гэты лёс здаецца шчаснай удачай. У Польшчы яго біяграфіяй і творчасцю займаюцца Кшыштаф Паляхоньскі і Гжэгаж Пэлчыньскі.

У 2021 годзе ў выдавецтве «Gajt» выйшла кніга Кшыштафа Паляхоньскага «Мінск і Міншчына ў польскай літаратуры ХХ стагоддзя», дзе разглядаюцца лёсы многіх вядомых і менш вядомых аўтараў, звязаных з рэгіёнам, ад Мельхіёра Ваньковіча і Сяргея Пясецкага да Фларыяна Чарнышэвіча (калі вы яшчэ не чыталі яго «Надбярэзінцаў» — варта!) і Міхала Крыспіна Паўлікоўскага.

Па-беларуску пра Паўлікоўскага напісана вобмаль, а ён пакінуў па сабе надзвычай цікавы фактаграфічны матэрыял — гэта і партрэты людзей, і нарыс эпохі, і публіцыстычныя разважанні.

Магчымая адсутнасць падабенства да рэальных падзей чыста выпадковая

Міхал Крыспін Паўлікоўскі нарадзіўся ў 1893 годзе. Паводле адной з версій, здарылася гэта непасрэдна ў Мінску, а паводле іншай — у фамільным маёнтку Паўлікоўскіх Пуцькаве, што на Бярэзіншчыне.

У Пуцькаве і акаліцах Паўлікоўскі правёў дзяцінства і юнацтва — часы былі залатымі, бо сям’я жыла заможна і ў любові. Таму паніч катаўся сырам у масле, баляваў, паляваў і заглядаўся на дзяўчат. Гісторыя кантрастная з лёсамі яго аднагодкаў, беларускіх літаратараў, дый нават са станаўленнем Фларыяна Чарнышэвіча і Сяргея Пясецкага, што прыпала прыкладна на тыя ж самыя гады.

Найбольшую вядомасць Паўлікоўскаму прынеслі аўтабіяграфічныя раманы на аснове яго беларускіх успамінаў — «Дзяцінства і маладосць Тадэвуша Іртэньскага» («Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego», 1959 Лондан) і «Вайна і сезон» («Wojna i sezon», 1965 Парыж). Першую кнігу адкрывае зацемка: «Усе героі рамана аўтэнтычныя. Большасць з іх носіць свае сапраўдныя прозвішчы. Апісаныя тут падзеі або адбыліся напраўду, або маглі адбыцца. Магчымая адсутнасць падабенства да рэальных падзей чыста выпадковая».

66.jpg

Біяграфію Паўлікоўскага варта разглядаць у сугуччы з гэтымі творамі. Галоўны герой дылогіі наскрозь спісаны з самога аўтара, усе Іртэнскія — гэта літаратурныя ўвасабленні сямейства Паўлікоўскіх, а лакацыя Бацькава, як можна здагадацца, — тое самае Пуцькава.

Дайце вашу залікоўку

У Мінску Паўлікоўскі-старэйшы кіраваў адвакацкай канцылярыяй, крэдытным таварыствам і належаў да ліку самых паважаных гараджан, а Паўлікоўскі-малодшы быў залічаны ў дзяржаўную гімназію.

У 1913 годзе паніч паехаў вывучаць права ў сталіцу імперыі, Пецярбург, але рэвалюцыя перапыніла яго разгон. Давучвацца давялося ў Варшаве, дзе Паўлікоўскі скончыў універсітэт у 1924 годзе.

Але перад гэтым, у 1919 годзе, калі войскі Юзафа Пілсудскага ўваходзілі ў Мінск, а купалаўскі Мікіта Зносак вучыўся польскім прывітанням шыварат-навыварат, Міхал Крыспін Паўлікоўскі заняў сваю першую чыноўніцкую пасаду ў Цывільным упраўленні ўсходніх земляў — ён быў сакратаром.

У 1920 годзе Паўлікоўскі прымаў удзел у польска-бальшавіцкай кампані, па выніках якой Пуцькава трапіла на савецкі бок.

Паляўнічы рог трубіць па-беларуску

Міжваенныя гады Міхал Крыспін Паўлікоўскі правёў у Вільні, дзе працаваў у Ваяводскім упраўленні, супрацоўнічаў з адным з найбольш уплывовых у тагачаснай Польшчы часопісам «Słowo» як фельетаніст і рэдактар паляўнічага штомесячнага дадатку пад паэтычна доўгай назвай «Дзе ж гэта, дзе, загулі паляўнічыя рогі?».

Захапленні юнацтва. Лавецкія звычаі «Крэсаў» займалі асаблівае месца ў сэрцайку пана рэдактара Паўлікоўскага, які сам займаў пачэсную пасаду віцэ-прэзідэнта Паляўнічага таварыства Віленскага ваяводства.

Малады Тадэвуш Іртэньскі таксама любіў паляванні, і палюючы ў таварыстве беларуса Аляксандра Клімовіча, прыйшоў да высновы: «Слухаючы паляўнічыя байкі беларуса, мы разумеем, што беларуская мова — прыгожая і багатая, значна прыгажэйшая і багацейшая за сучасную чыноўніцка-літаратурную беларушчыну».

У той жа час віленскаму чыноўніку Міхалу Крыспіну Паўлікоўскаму надзвычай прыдалося валоданне беларускай мовай — ён мог лёгка паразумецца з мясцовым насельніцтвам і карыстаўся даверам людзей.

67.jpg

Спадар прафесар таксама думае пра Беларусь

Яшчэ да таго, як савецкі афіцэр Мішка Зубаў трыумфальна зайшоў у Вільню, Міхалу Крыспіну Паўлікоўскаму ўдалося прабрацца ў Швецыю.

У 1943 годзе ён асеў у Вялікабрытаніі, куды пакуль яшчэ не дабраўся Сяргей Пясецкі, а ў 1949 годзе пераехаў у ЗША, дзе выкладаў польскую і рускую мовы ў Каліфарнійскім універсітэце ў Бэрклі раней, чым туды ўладкаваўся Чэслаў Мілаш.

68.jpg

Для выкладчыка Кафедры славянскіх моў і літаратур Бэрклі беларуская мова — добра знаёмая з дзяцінства — прадстаўляла цікаўнасць і ўпісвалася ў кола прафесійнай увагі. Паўлікоўскі часта разважаў пра функцыянаванне беларускай мовы, яе ўзаемаадносіны з паўсюднай тады палітыкай русіфікацыі.

Зрэшты, пра пазнейшую палітыку паланізацыі ён адгукаўся як пра «неразумную, павярхоўную і безвыніковую».

Беларусь і беларусы стала прысутныя ва ўспамінах Паўлікоўскага, што праўда, часта нам выпала звацца «сялянамі» і «праваслаўнымі». Цікава, што Паўлікоўскі абмінае сваёй увагай станаўленне беларускага нацыянальнага руху, на што ўказваюць толькі ўскосныя згадкі (напрыклад, пра Магдалену з Красіньскіх Радзівіл, якая з зацятай полькі стала беларускай — не такая ўжо і сялянская гэта дзеўка).

Але ў дылогіі вакол рода Іртэньскіх увесь час з’яўляліся надзвычай цікавыя персанажы-беларусы са сваімі гісторыямі, прынцыпамі і легендамі —знахаркі, кавалі, майстры-паляўнічыя. Галоўны герой, Тадэвуш, вывучыў беларускую насуперак палітыцы русіфікацыі, і на той час гэта была папулярная з’ява.

«Правільная і свабодная беларуская гаворка была быццам бы своеасаблівым стылем. Высмейвалі і ганілі як русізмы, так і паланізмы. Мы пакеплівалі з бабулі, якая была родам з Валыні і ніколі належным чынам не вывучыла беларускую. Веданне беларускіх прыказак, песенек і вершыкаў (часам непрыстойных) было такім жа абавязковым, як і веданне польскай патрыятычнай літаратуры».

З Пуцькава на Маўі

Памёр Міхал Крыспін Паўлікоўскі ў 1972 годзе на Гаваях, куды ўжо на пенсіі выбраўся ў адпачынак.

Абодва яго раманы ўжо пры жыцці аўтара параўноўвалі з «Панам Тадэвушам», гэта чулыя, арыгінальныя і поўны добрага гумару дакументы эпохі. Абодва яго раманы пакуль чакаюць перакладу на беларускую мову.

У 1946 годзе ў друку з’явіўся нарыс Міхала Крыспіна Паўлікоўскага «Сумленне Польшчы», і гэты адказны да дрыжыкаў тытул аўтар аддаў Віленшчыне і Міншчыне.

Здаецца, вось ён — яшчэ адзін аскепак люстэрка, у якім мы можам убачыць сябе і гісторыю сваёй зямлі, пачуць далёкае водгулле часу.

Марыя Аляксандрава

Здымкі са збораў Нацыянальнай лічбавай бібліятэкі «Polona»

sn-plus.com