Лявон Вольскі: «У дзяржаве, дзе чалавечае жыцьцё нічога не каштуе, колькі будзе каштаваць сабачае?»

З 1 ліпеня 2026 года ў Беларусі ўсе хатнія гадаванцы павінны быць зарэгістраваныя. Як будзе ажыццяўляцца гэты ўлік? Можа, адпаведныя атрады «будуць ладзіць паляваньне ў час, калі сабачнікі звычайна выходзяць на шпацыр?», — разважае Лявон Вольскі і расказвае пра сваіх уласных хатніх гадаванцаў.

Liavon Voĺski

Сабакі майго дзяцінства

Калі я нарадзіўся, мае бацькі ўжо мелі сабаку. Гэта была разумная і вельмі рахманая баксэрка. Я, малы, лез да яе, гуляўся, спрабаваў узгрувасьціцца ёй на сьпіну, а яна ўсё гэта трывала, гледзячы на бацькоў сумнымі разумнымі вачыма.

Потым мама падаравала мне шпіца. Гэта было белае прыгожанькае стварэньне зь вельмі кепскім характарам. Шпіц неўзлюбіў мяне адпачатку. Маму ён абагаўляў, а з маім існаваньнем папросту мірыўся, як з чымсьці непазьбежным. Мне было сем гадоў, і сабака лічыў мяне наймалодшым і найменей карысным чальцом зграі. Калі што, мог і ўкусіць, каб я дакладна ведаў сваё мейсца.

Потым у нас зьявілася нямецкая аўчарка. Разумная паслухмяная службовая жывёла. Яна любіла і мяне, і маму, выконвала каманды, у свой час займалася з кінолягам, магла нават паўзьці і караскацца на высокую сьценку. Адно што яна ніяк не магла пераадолець спрадвечны ваўчыны інстынкт — калі на полі (так-так, яе выгульвалі на знакамітым Бангалёры) знаходзіла рэшткі недаедзенае вэнджанае скумбрыі ці то яшчэ штосьці горшае і вельмі сьмярдзючае, сабака ўмомант выкочваўся ў гэтым і губляў кантроль над сабой. 

Яна ведала, што калі яе зловяць, дык будуць крычэць і абвінавачваць, а потым зацягнуць у ванну, пальюць сьмярдзючым шампунем (для яе пах шампуню быў надта непрыемны, ня тое, што тая субстанцыя, у якой яна толькі што выкачалася) і памыюць. І тады яна будзе пахнуць паганым шампунем, а зусім ня гэтым чароўным водарам. Што тут рабіць? Уцякаць! І вось я бегаю па раёне за вялізнай чорнай нямецкай аўчаркай, і гэты атракцыён мог працягвацца і гадзіну, і болей...

Вясёлыя й хітрыя таксы ў маёй сям’і

Мінуў час, і ў маёй новай сям’і зьявілася такса. Таксама дзяўчынка. Хто знаёмы з таксамі, той ведае, наколькі гэта разумныя, вясёлыя й хітрыя сабакі. Дарэчы, можа быць, нехта ведае беларускі адпаведнік назве пароды? Бо «такса» — гэта па-расейску і, мне падаецца, расейцы кепска пачулі нямецкае слова «Dachshund» — «барсучы сабака», і атрымалася — як чуецца, так і пішацца — было «Dachshund», зрабілася «такса». Па-польску — jamnik, бо лезе ў норы.

Нашая таксачка была з намі ў трывожныя 2020-я і ратавала нас сваім жыцьцярадасным норавам у асабліва цяжкія пэрыяды.

Цяпер мы зноў завялі таксу (калі няма беларускага адпаведніка, варта яго прыдумаць!). Гэта хлопчык. Энэргічны, эмацыйны, неўтаймоўны, яшчэ вельмі малады, але ўжо разумны і хітры (прынамсі, яму так падаецца)...

Паляванне на сабачнікаў ці даносы: як будзе весьціся ўлік хатніх гадаванцаў?

Да чаго гэтыя сабачыя гісторыі? — падумаеце вы. А да таго, што ў РБ вырашылі правесьці ўлік хатніх гадаванцаў. За іх і раней трэба было плаціць (мы за сваю таксу плацілі), але хтосьці, безумоўна, ухіляўся ад гэтага пачэснага абавязку, і вось цяпер адпаведныя ворганы правядуць улік, і кожны ўладальнік сабакі будзе абавязаны ўнесьці грошы за свайго сябра.

Maliunak Liavona Voĺskaha 

Паляваньне на сабачнікаў. Малюнак Лявона Вольскага

Цікава, як будзе ажыцьцяўляцца гэты ўлік? Адпаведныя атрады будуць ладзіць паляваньне ў час, калі сабачнікі звычайна выходзяць на шпацыр — ранкам ды ўвечары, і правяраць кожнага на наяўнасьць дакумэнтаў? Няма? Вось, трымай позву, заплаціш штраф за тое, што ня стаў на ўлік і асобна — падатак на сабаку. 

Ці то будуць заходзіць у кожны дом (часам дастаткова проста пазваніць у дзьверы, і калі пачуеш брэх — кідай позву ў паштовую скрыню!) і вынюхваць — ці ёсьць тут «друг чалавека»?

Ці «кінуць кліч» — «Прасыгналізуй пра суседзкага сабаку!». Каб неабыякавыя жыхары беларускіх гарадоў (а такіх нямала!) кінуліся пісаць даносы на суседзяў і знаёмых, якія маюць сабакаў. І папанапісваюць, будзьце пэўныя!

Абавязкова нешта такое крэатыўнае прыдумаюць. На гэтыя справы ў іх фантазіі не бракуе. 

І некаторыя менскія ўладальнікі хатніх гадаванцаў, прадчуваючы гэтыя непрыемныя працэсы і — галоўнае! — фінансавыя страты, ужо цяпер пацягнулі сваіх «чацьвераногіх сяброў» у вядомы сабачы прымальнік на Гурскага. 

Адмаўляюцца ад сяброўства. Ужо ў гэтым прымальніку не хапае мейсца. Сядзяць у цесных клетках учорашнія абаронцы, чальцы сям’і, памочнікі і стваральнікі добрага настрою...

А чаго вы хацелі? У дзяржаве, дзе чалавечае жыцьцё нічога не каштуе, колькі будзе каштаваць сабачае? Ну, так, меней за нуль.

Sabaka
 Фота: фэйсбук-старонка «Гурскага — не прытулак»

І ў гэтай пабудаванай па ўсходніх узорах дзяржаве ёсьць толькі адна асоба — хан, эмір, султан — цэнтр гэтай сыстэмы — жыцьцё якога каштоўнейшае за жыцьці ўсіх насельнікаў краю. 

Толькі адна асоба.

І адзін сабака. На стале.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org