Гэтым нахабным жэстам пачалася Грунвальдская бітва

Прызнаем, гэта было пякельна прыгожа і сімвалічна. Здзеклівы падарунак-выклік, стылёвая, але абразлівая прамова пасланцаў вялікага магістра, словы як цвікі-соткі, грэблівая інтанацыя.

І, на дзіва, стрыманая, але годная рэакцыя беларусаў, хаця ў іх сэрцах напэўна віравала: «Перамагчы або загінуць!»

Размова ідзе пра жэст, які выканаў раніцай у дзень Грунвальдскай бітвы вялікі магістр Ордэна Ульрых фон Юнгінген, піша karonavitauta.org.

Jan Matejka. «Hrunvaĺdskaja bitva», 1878 h.
Ян Матэйка. «Грунвальдская бітва», 1878 г. Крыніца: wikipedia.org

15 ліпеня 1410 года ягоныя пасланцы прынеслі Ягайлу з Вітаўтам падарунак — два рыцарскія мячы, якія меліся стаць эфектоўнай дэманстрацыяй вышэйшасці і сілы крыжакоў. А сталі на стагоддзі сімвалам магутнасці аб’яднанага беларуска-польска-літоўскага войска, а таксама абавязковым атрыбутам каранацыі ўладароў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

Жэст крыжакоў не быў casus belli

Бо беларусы з літоўцамі і палякамі ўжо даўно запланавалі закрыць тэўтонскае пытанне. Вітаўту трэба было вяртаць Жамойць, якую ён тактычна адступіў Ордэну ў 1398 годзе ўзамен за падтрымку ў паходзе на татараў.

Да таго ж тэўтоны працягвалі маніпуляваць у Еўропе іміджам ВКЛ. Раскручвалі вобраз «д’ябальскага каралеўства», дзікай «нявернай» дзяржавы тых, хто пакланяецца пушчам і вагню.

Скрозь еўрапейскае Вялікае Княства Літоўскае ў версіі крыжакоў выглядала ніяк не самастойнай паспяховай еўрапейскай дзяржавай, а падавалася выключна як смачны кавалак у калекцыю, як аб’ект абавязковай крыжацкай экспансіі, хай сабе і пад прыгожай шыльдай хрысціянізацыі.

А быў жа час, калі крыжакі дарылі Вітаўту падарункі :)

І нават пасля таго, як гістарычная Літва афіцыйна прыняла хрысціянства ў 1386 годзе, прапаганда крыжацкая робіць усё, каб у Еўропе нас бралі за ненадзейных партнераў, якія нясуць шкоду хрысціянству.

Тэўтонаў трэба было ставіць на месца

І вялікая вайна беларусаў, палякаў і літоўцаў з Ордэнам трывала фактычна ад траўня 1409 года, з перапынкамі на замірэнні. План Вітаўта і Ягайлы на 1410 год быў максімальна просты — ідзем на Мальбарк, пры неабходнасці — устапаем у бітву на крыжацкай тэрыторыі ў чыстым, як той казаў, полі...

... Раніца аўторка 15 ліпеня 1410 года, пачынае парыць, уночы была залева. Ягайла яшчэ на досвітку планаваў узяць удзел у набажэнстве, але праз моцны вецер імправізаваную каплічку-намёт вырашылі не расцягваць.

Каралеўскі трубач падаў трайны сігнал, што гэтым разам азначала — харугвам у поўным рыштунку пачаць марш на вёску Грунвальд, палі і пагоркі блізу якой і стануць у выніку месцам вырашальнай бітвы.

За некалькі дзён перад гэтым, як толькі аб’яднаныя беларуска-польска-літоўскія войскі перайшлі мяжу ордэна крыжакоў, Ягайла выслаў пасланца ў лагер ворага. Афіцыйна — прапанаваць узнавіць перамовы аб міры, а ў рэальнасці — ацаніць сілу і намеры войска Ордэна.

Хутка стала зразумела, што вялікі магістр тэўтонаў Ульрых фон Юнгінген з дарадцамі настолькі ўпэўненыя ў сваім войску, што наадрэз адмовіліся ад ідэі чарговага замірэння.

На месцы ўжо чакае данясенне: два крыжацкія пасланцы просяць сустрэчу. Ягайла тэрмінова пасылае за Вітаўтам, які ўвесь час праводзіць з беларуска-літоўскімі харугвамі.

«Witold idzie po ulicy, za nim niosą dwie szablicy»

Эмісары вялікага магістра, адзін у колерах Казіміра V, шчэцінскага князя — на белым плашчы чырвоны грыф, другі з чорным арлом на белым полі — колеры нямецкага імператара. Юнгінген нібы паказваў Вітаўта і Ягайлу — кідаеце выклік толькі майму ордэну, але справу будзеце мець з усёй нашай імперыяй.

Пасланцы пацвердзілі гатоўнасць Ордэна да бітвы, і як доказ гэтага працягнулі Ягайлу два аголеныя крыжацкія мячы:

— Ульрых перадае табе, найяснейшы каролю, і твайму брату Вітаўту гэтыя два мячы. На дапамогу. Каб вы са сваім войскам перасталі марудзіць. І сталі больш адважнымі, каб урэшце рэшт пачаць бітву. Хопіць хавацца па гаях ды кустах, не цягніце час, выходзьце на поле біцца.

Гэта не было звычайнае для такіх момантаў запрашэнне да бою «digna dignis» — «дастойныя дастойных» — гэта быў здзек, праява крыжацкай пыхі, правакацыя.

Цікава якой рэакцыі «вернікаў пушчы і вагню» спадзяваўся вялікі магістр? Можа разлічваў на пачуццё гумару? Ці ведаў ён тады, што аб’яднанае войска ўжо вырашыла не браць крыжакоў у палон? Шансы на літасць мелі толькі саюзнікі Ордэна.

З гэтымі пушчамі ды вагнямі яны троху мелі рацыю. Вось так мог зрабіць Кейстут

Ягайла з Вітаўтам ад мячоў не адмовіліся:

— Зброі ў нашага войска не бракуе. Таму ад непрыяцеляў нам такія падарункі не патрэбныя. Але мы прымем гэтыя два мячы ад нашага ворага, які папапіў крыві народа нашага. І Бога будзем маліць, каб на непрыяцеляў нашых, ганарыстых і бязбожных, гнеў свой скіраваў.

Падобна, што гэтыя словы ў адказ прывезлі пасланцы свайму вялікаму магістру.

Vitaŭt z Jahajlam na Hrunvaĺdzie. Mastak Jan Matejka
Вітаўт з Ягайлам на Грунвальдзе. Мастак Ян Матэйка. Публічная дамена

Ваяры ледзь паспелі адспяваць Багародзіцу, калі раз’юшаны Вітаўт першы кінуў свой правы, беларуска-літоўскі фланг, у бой. Абсалютна без аховы ён няспынна насіўся паміж беларуска-польска-літоўскімі харугвамі, кіруючы бітвай, толькі змяняючы раз по раз коней.

Вітаўту ідэальна ўдаўся мангольскі манеўр, якому яго ў свой час навучыў прыяцель хан Тахтамыш. Манеўр стаў вырашальным у бітве.

У першую гадзіну бітвы, беларуска-літоўскія войскі адкінулі рыцараў недзе на 800-1000 метраў. А пасля рэзка пачалі адступаць самі, удаючы ўцёкі, тым самым зацягваючы рыцараў глыбока ў сваю абарону, дзе і працягнулі зачыстку.

Чатыры гадзіны і было па крыжаках.

А што з мячамі, якія ўвайшлі ў гісторыю як грунвальдскія?

Пасля пераможнай бітвы Ягайла ўрачыста прывез мячы, нахабны крыжацкі прэзент, у Кракаў. Яны доўгія стагоддзі захоўваліся на Вавэлі ў скарбніцы Кароны Польскай, а пасля і Рэчы Паспалітай. У 1655, у часе, так званага, «шведскага патопу», мячы разам з усім каралеўскім скарбам былі эвакуяваныя, але ўжо ў 1660 годзе вярнуліся ў Кракаў.

Гэта былі самыя звычайныя на той час, нічым не адметныя аднаручныя мячы. Толькі пасля Люблінскай уніі ў 1569 годзе на адным з іх выбілі герб Кароны — арла, на другім герб ВКЛ — Пагоню.

Пагрызеныя іржой мячы набылі вагу дзяржаўных атрыбутаў, зрабіліся цырыманіяльнымі мячамі Кароны і ВКЛ. Беларускі і польскі мечнікі неслі іх у часе прысягі кожнага новага караля як сімвал моцы Рэчы Паспалітай абодвух народаў.

Як, прыкладам, у 1764 годзе, падчас каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Такая была прыгожая традыцыя.

У 1794 годзе пасля задушэння паўстання Тадэвуша Касцюшкі, прускія войскі ўвайшлі ў Кракаў і разрабавалі Дзяржаўны скарб. Але на непрыкметныя грунвальдскія мячы немцы ўвагу не звярнулі, у скарбе да падзелу было значна больш цікавага і вартага.

Мячы здолеў вывезці з Кракава гісторык Тадэвуш Чацкі, прадстаўнік дзяржаўнага скарбу, ураджэнец украінска-беларуска-польскага памежжа. Перахоўваў іх у сваім радавым маёнтку Паўліўка на Валыні, дзе марыў заснаваць музей у гонар Рэчы Паспалітай.

У 1810 годзе, з нагоды чарговага юбілею Грунвальдскай бітвы, Чацкі раздзяліў мячы: «польскі» перадаў у Пулавы пад Люблін, у калекцыю памятных экспанатаў Рэчы Паспалітай. Калекцыю збіраў знакаміты польскі род Чартарыйскіх, які паходзіў з Вялікага Княства Літоўскага. Пасля смерці Тадэвуша Чацкага ў гэтую калекцыю трапіў і «беларуска-літоўскі» меч.

Маёнткі Чартарыйскіх былі кафіскаваныя расейскімі акупацыйнымі ўладамі пасля паўстання 1830-1831 года. Грунвальдскія мячы змог вынесці і схаваць святар з паблізкай каталіцкай парафіі. Пасля даносу на яго ў 1848 годзе расейскія жандары ператрэслі касцёл, але мячы і тым разам атрымалася ўратаваць.

І ўсё ж пасля смерці ксяндза ў 1853 годзе, расейцы забралі мячы і разам з іншымі экспанатамі перавезлі ў Замосць, польскі горад, заснаваны пры падтрымцы Стэфана Баторыя, які расейцы на доўгі час зрабілі сваёй крэпасцю і вайсковым гарнізонам.

Pomnik Jahajlu ŭ Ńju-Jorku
Помнік Ягайлу ў Нью-Ёрку. Фота NAC

Расейскі і беларускі сляды грунвальдскіх мячоў

Пасля падаўлення паўстання 1830-1831 года Польскім Каралеўствам стаў кіраваць прадстаўнік расейскага цара Іван Паскевіч, той самы які гэтае ж паўстанне душыў у Беларусі. Час ягонага кіравання палякі яшчэ доўга будуць называць «паскевічавы ночы» — за масавыя рэпрэсіі і палітычны пераслед.

Дык вось, камендантам крэпасці ў Замосці, куды расейскія жандары даставілі грунвальдскія мячы, быў вельмі блізкі да Паскевіча генерал.

Устаноўлена, што Іван Паскевіч ведаў пра існаванне грунвальдскіх мячоў, разумеў іх сімвалізм і значэнне для беларусаў і палякаў. І, што вельмі істотна, ніяк не рэагаваў на петыцыі з просьбай вярнуць мячы нашчадкам Чартарыйскіх.

Ад 1834 года Паскевіч стаў уладальнікам вядомага палацавага комплексу ў Гомелі, які і сёння з’яўляецца архітэктурнай пярлінай горада на Сожы.

Генерал Паскевіч у Гомелі сабраў багатую арт-калекцыю з «трафеяў». Вядома, што ў 1842 годзе ён вывез з Варшавы ў Гомель конную статую Юзафа Панятоўскага, культавай асобы для палякаў, узора для змагароў за незалежнасць, асабліва ў 1830 годзе. Выглядае на тое, што Паскевіч быў кідкі на такія сімвалічныя «скальпы» ворага. Памёр ён у 1856 годзе, палац перайшоў у спадчыну сыну, а там і жонцы.

Пасля прыходу бальшавікоў, калекцыя Паскевіча была канфіскавана і, нібыта, перададзена ў краязнаўчы музей, які якраз ствараўся.

На сённяшні момант няма дакладных сведчанняў, што грунвальдскія мячы апынуліся, менавіта, у Гомелі, альбо трапілі ў Расею, альбо былі проста знішчаныя.

Факт у тым, што сляды грунвальдскіх артэфактаў губляюцца ў крэпасці, якая знаходзілася ў руках расейскіх войск.

Mieč