Апавяданне «Дзіўная заява» Міхася Чарота з’явіліся на канале праекта «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка».
«А вось жа даўно вы не чулі сапраўднай беларускай лаянкі і смачнага беларускага праклёну! А каб наведаць сапраўдны вясковы суд і пачытаць сапраўдную дасудовую прэтэнзію ўзора стогадовай даўніны — дык і ўвогуле, мабыць, ніколі. А ўжо надарваць жываты са смеху над беларускай кніжкай — такога выпадку прапусціць ніяк нельга. Ай да Міхась Чарот — не пашкадаваў для чытача сапраўднай солі жыцця!», — адзначае каманда праекта.
Ініцыятыва «Непаслухмяныя дзеці кастрычніка» паўстала на пачатку гэтага года, аўтары абяцаюць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў.
Сёння гэтыя творы фактычна пад негалоснай забаронай у школе. «Гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная», — кажуць стваральнікі праекта.