Іван Хруцкі з’яўляецца адным з самых вядомых беларускіх майстраў, лічыцца пачынальнікам нацюрморту ў Беларусі і Расіі, а ў свой час ён здолеў стаць бадай самым папулярным мастаком ва ўсёй Расійскай імперыі. З нагоды гадавіны яго нараджэння «Будзьма!» вырашыла ўспомніць жыццё і дзейнасць славутага творцы.
Малады, паспяховы і з імператарскім гадзіннікам
Бацькам Івана Хруцкага быў шляхціц (паходзіў са старажытнага роду, прадстаўнік якога Яўстах Хруцкі ўпершыню згадваецца ў 1522 годзе) і святар грэка-каталіцкай царквы. Таму малады чалавек пачаў навучанне ў Полацку ў ліцэі манаскага ордэна піяраў. А ўжо ў 17 гадоў ён вырашае з’ехаць у сталіцу Расійскай імперыі.
У Санкт-Пецярбургу Хруцкі паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе, як лічыцца, вучыўся ў такіх знакамітых расійскіх майстроў, як Карл Брулоў і Фёдар Бруні. У гэты ж перыяд па рэкамендацыі вядомага беларускага мастака Юзафа Аляшкевіча ён атрымаў дазвол займацца капіяваннем у Эрмітажы (які тады яшчэ не быў музеем) і браў урокі ў Джорджа Лоў — англійскага жывапісца, які прыехаў у Расію напісаць некалькі сотняў партрэтаў удзельнікаў вайны з Напалеонам і пазней быў прызначаны першым мастаком імператарскага двара.
Даволі хутка Іван Хруцкі стаў заўважнай фігурай, а ягоныя працы здабылі шырокае прызнанне. Так, у 26 гадоў ён атрымаў малы срэбны медаль Акадэміі мастацтваў, у 28 — ужо малы залаты медаль, а ў 29 стаў акадэмікам мастацтваў. Акрамя таго, у 1837 годзе Мікалай І узнагародзіў яго залатым гадзіннікам.
Зменлівы лёс
Можна казаць, што Іван Хруцкі стаў не толькі вельмі паспяховым, але і адным з найбольш вядомых мастакоў свайго часу. Ён зрабіў нацюрморты надзвычай папулярнымі і запатрабаванымі (даводзілася нават рабіць па некалькі копій уласных карцін), а сярод ягоных кліентаў былі вельмі багатыя асобы. Для адных з іх ён пэўны перыяд рабіў дызайн памяшканняў, для другіх ствараў свае нацюрморты, а для трэціх (сярод якіх былі міністры, сенатары і іншыя вядомыя і ўплывовыя асобы імперыі) пісаў партрэты.
Медалі давалі Хруцкаму магчымасць па адмысловай дзяржаўнай праграме для мастакоў ездзіць у Італію, званне акадэміка давала яго ўладальніку дваранства (але ён і так быў шляхціц), а ўплывовыя кліенты былі бадай найлепшымі сувязямі, на якія можна было б абапірацца ў далейшай кар’еры, але мастака напаткаў зменлівы лёс, які прымусіў адмовіцца ад планаў і вярнуцца на радзіму.
У перыяд, калі расійскія ўлады намагаліся знішчыць уніяцкую царкву, а саміх уніятаў перавесці ў праваслаўную, акурат Томаш Хруцкі, бацька Івана, быў адным з тых, хто асабліва актыўна выступаў супраць гэтага працэсу. За супраціў у Томаша фактычна ўсё забралі, у тым ліку прыход, і выслалі ў манастыр. Дзякуючы намаганням сына яго вызвалілі, але неўзабаве ён памёр, а адказнасць за ўсю сям’ю (маці і пяць братоў і сясцёр) легла на плечы Івана.
Так Хруцкі мусіў змяніць усе планы на самым піку папулярнасці і маладосці і вярнуўся на радзіму, дзе ў вёсцы Захарнічы (на Полаччыне) набыў зямлю і пабудаваў шыкоўную сядзібу па ўласным праекце. У хуткім часе, ва ўзросце трыццаці пяці гадоў, Іван Хруцкі ажаніўся з суседкай Ганнай Бямбноўскай, бацька якой, што цікава, быў жаўнерам у войску Касцюшкі.
Другую частку жыцця Іван Хруцкі жыў пераважна на радзіме, пісаў партрэты мясцовых уплывовых асоб (як рэлігійных, так і свецкіх), каля дзесяці гадоў жыў і працаваў па замове архіепіскапа ў Вільні і актыўна займаўся гаспадаркай сваёй сядзібы.
Забыццё
Апошнія дзесяцігоддзі Іван Хруцкі не меў вялікай колькасці замоваў на свае працы і яшчэ пры жыцці фактычна быў забыты. Пасля смерці мастака яго нашчадкі жылі ў Захарнічах да 20-х гадоў ХХ стагоддзя і паспелі ўратавацца ад савецкіх уладаў у Польшчы пасля рэвалюцыі. Саму сядзібу разрабавалі, нацыяналізавалі і знішчылі. Могілкі, дзе быў пахаваны Хруцкі, таксама знішчылі.
Сёння Іван Хруцкі з’яўляецца адным з самых вядомых мастакоў, ягоныя творы можна ўбачыць на марках, манетах, адзін з ягоных нацюрмортаў мы яшчэ нядаўна бачылі штодня на банкнотах у тысячу рублёў, ягонае імя носіць вуліца. Але пасля смерці мастака ягоныя творы забылі на доўгія дзесяцігоддзі. Толькі пасля Другой сусветнай вайны дзякуючы дырэктарцы Нацыянальнага мастацкага музея ў Беларусь пачалі паступова выкупаць і вяртаць творы Хруцкага, якіх не засталося ў краіне.
Кірыл Стаселька, budzma.by