Заходзіш у адзін з пакояў Дома рамёстваў “Стары млын” — і нібы трапляеш у вясковую хату з інтэр’ерам сярэдзіны мінулага стагоддзя: на сценах яркія маляваныя дываны з выявамі птушак, звяроў, помнікамі архітэктуры горада. Прыгажосць — вачэй не адвесці. Усе работы выкананы майстрам Вольгай Гукавай. Яе маляванкі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Вольга Гукава
Маляваць Оля любіла з ранняга дзяцінства. І калі выдалася магчымасць, пайшла ў дзіцячую мастацкую школу. Вызначалася дапытлівасцю, неардынарным светабачаннем. Настаўніца Ніна Віктараўна Бардзеева параіла дзяўчыне прадоўжыць вучобу з улікам схільнасцей. Так яна стала навучэнкай Віцебскага вучылішча мастацтваў. У 2000 годзе прыйшла на работу ў Дом рамёстваў “Стары млын”. Захапілася керамікай і маляванкай. А пасля праходжання спецыяльных курсаў актыўна занялася народным роспісам.
— Маляваныя дываны — гэта ўнікальны народны твор дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, — гаварыла майстар. — Ён аб’ядноўвае ў сабе ўсю прыгажосць прыроды і фантазію мастака. У аздабленні — простыя кветкі, якія растуць каля кожнага дома, — астры, хрызантэмы, рамонкі, васількі, а таксама лісты клёна, бярозы, гронкі рабіны. Росквіт мастацтва маляваных дываноў у даваенны і першы пасляваенны час тлумачыцца тым, што інтэнсіўная перабудова вёскі і паляпшэнне інтэр’ера сялянскага жылля патрабавалі новых відаў яго дэкаратыўнага ўпрыгажэння. Пасля вайны набіўныя і маляваныя дываны былі амаль у кожнай сялянскай хаце. Іх малявалі на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным, часцей за ўсё, у чорны колер. Выконваліся яны клеявымі ці алейнымі фарбамі.
Цяпер маляванка перажывае другое нараджэнне. Вольга Гукава самастойна вывучала творчасць многіх вядомых майстроў. Шмат карыснага пачэрпнула падчас сустрэч з Янінай Баляславаўнай Ліманоўскай — майстрыхай з Варапаева. Кожны Олін дыван — шэдэўр, непадобны на іншыя. Асноўны матыў раслінна-арнаментальных дываноў — букеты кветак ці вазы з садавіной, акаймаваныя яркімі гірляндамі пераплеценых галінак, кветак, лісця. Часта ў раслінны ўзор уводзіцца геаметрычны арнамент — кругі, ромбы, шматканцовыя зоркі. На многіх дыванах можна бачыць выявы горада, лебядзіныя, бусліныя пары і многае іншае.
Цяпер па матывах маляваных дываноў Оля стварае дэкаратыўныя пано з відамі Пастаў, аздабляе іх фрагментамі керамікі. Большасць такіх работ у якасці падарунка атрымаюць госці Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”.
Задум у таленавітага і самабытнага майстра шмат. Сваё майстэрства Вольга з задавальненнем перадае маладым. Заўсёды рада вучням, якія цікавяцца адметнымі мастацкімі асаблівасцямі маляваных дываноў, спрабуюць ствараць уласныя кампазіцыі.
Тэкст і фота Ганны Анішкевіч, postawy.by
Тэгі: Паставы