Самы час расказаць пра тое, як можна цікава правесці студзень на выставе «Лідзія Русланава. Лёс калекцыі» ў Мастацкім.
«Патэфонныя вечарынкі». Кожную пятніцу, суботу, нядзелю студзеня. Старыя пласцінкі, шум павароту ручкі і аўтэнтычны гукавы антураж.
У апошнюю гадзіну работы музея мы будзем заводзіць самы сапраўдны патэфон пачатку 1950-х гадоў, які ўжо паспеў прыжыцца ў экспазіцыі трэцяй залы. Чатыры пласцінкі Ленінградскага і Рыжскага заводаў грамафонных пласцінак, якія мы паставім – сапраўдная рэдкасць. У 1930-я гады яны разыходзіліся мільённымі тыражамі, а пасля арышту спявачкі ў 1948 годзе былі забаронены і зняты з абарачэння. З 18:00 да 18:30 слых будуць грэць 7 кампазіцый «эталоннай» выканаўцы народных песень.
Зборныя куратарскія экскурсіі – па серадах (16 і 23 студзеня) а 17-й гадзіне. Лёс калекцыі рускага жывапісу заслужанай артысткі РСФСР Лідзіі Русланавай – гэта сапраўды захапляльная гісторыя, цесна звязаная з лёсам спявачкі. Вядучы навуковы супрацоўнік музея, куратар выставы Надзея Усава прыадкрые заслону таямніцы і падзеліцца вострасюжэтнымі гісторыямі пра шлях “арыштаванай” калекцыі ў сцены Нацыянальнага мастацкага музея. Экскурсіі пачынаюцца ў вестыбюлі музея, папярэдняя рэгістрацыя не патрабуецца.
Уваход на мерапрыемствы па білеце ў музей.
Паводле арганізатараў