«Мне падабаецца тэндэнцыя сярод нашых музыкаў, якія ўсё больш і больш уключаюць у свой рэпэртуар песень на сваёй мове. Беларуская мова пакрысе вяртаецца. І мяне гэта чапляе», — заявіў экс-лідэр гурта «Новы Ерусалім» у інтэрвію «Тузіну Гітоў» з нагоды мр3-прэзэнтацыі сваёй першай беларускамоўнай песьні «Як я безь цябе», якая ўвойдзе ў перавыданьне яго другога сольнага альбома «Читай мои мысли».
Са словаў Аляксандра Патліса, жаданьне запісаць песьню па-беларуску ў яго прысутнічала даўно. «Праблема была ў тым, што сам я тэкстаў па-беларуску не пішу. Прызнаюся, што ня надта дасканала валодаю літаратурнай мовай. А міксаваць беларускія і расейскія словы лічу справай нявартай». Тым ня менш, пасьля запісу свайго другога сольнага альбома «Читай мои мысли», у яго прыйшла думка перазапісаць адну з сваіх песень.
Аляксандар абраў для беларускамоўнага дэбюту трэк «Як я без тебе». У арыгінале ён гучыць па-украінску. На беларускую тэкст пераклаў Алесь Камоцкі.
«Алесь зрабіў вельмі клясны пераклад, захаваўшы як належыць сэнс і пасланьне гэтага твору. У беларускім варыянце яна гучыць надзвычай прыгожа, у ёй спалучыліся народнасьць і лірыка. Выйшла вельмі кранальная баляда, якую мне вельмі прыемна выконваць», — кажа Аляксандар Патліс.
«Мне падабаецца тэндэнцыя сярод нашых музыкаў, якія ўсё больш і больш уключаюць у свой рэпэртуар песень на сваёй мове. Беларуская мова пакрысе вяртаецца. І мяне гэта чапляе. Ёсьць людзі, для якіх сьпяваць па-беларуску — гэта мэнтальнасьць, філязофія жыцьця, як, напрыклад, у Лявона Вольскага. Не магу сказаць, што ў мяне такое ж сьветаадчуваньне, але скажу дакладна, што беларускіх песень у мяне будзе больш», — зазначае выканаўца.
Свае беларускамоўныя экспэрымэнты выканаўца зьбіраецца працягнуць у самы бліжэйшы час. На сваім сольным канцэрце ў клюбе Re:Public 6 сакавіка ён мае намер выканаць адзін з сваіх апошніх гітоў «Мэгаполіс» у беларускамоўным перакладзе, які зрабіў Vinsent. Зь беларускім рэпэрам Патліс працягне супрацу. Яны зьбіраюцца запісаць песьню дуэтам для новага альбома Аляксандра. Гэтым разам трэк будзе першапачаткова напісаны па-беларуску.
Першымі беларускамоўны дэбют Аляксандра Патліса пачуюць наведнікі парталу Tuzin.FM. Трэк «Як я безь цябе» ўвойдзе ў перавыданьне альбома «Читай мои мысли».
| Аляксандар Патліс — Як я безь цябе
(музыка — Канстанцін Сахацкі, словы — Ганна Касенка, беларускі тэкст — Алесь Камоцкі) |
Канцэрт Аляксандра Патліса:
6 сакавіка ў клюбе Re:Public. Пачатак ў 19.00
Квіты: 60 – 90 000. Продаж: у касах, а таксама на ticketpro.by
Даведкі: (033) 604 59 36, (029) 257 75 95
Крыніца – музычны партал Тузін Гітоў