Паўстанне 1863 г. Юбілей ужо не за гарамі!

Калі ўжо рабіць прапановы на наданне статусу  гісторыка-культурнай каштоўнасці, то рабіць. Тым больш, што пад аховай дзяржавы толькі невялічкая частка ўсіх аб’ектаў, якія з гонарам могуць юрыдычна быць помнікамі гісторыі і культуры. І сярод пакінутых увагай і юрыдычнай  абаронай помнікаў аб’екты,  звязаныя з гераічнымі і адначасна трагічнымі падзеямі паўстання 1863 – 1864 гг.

Наступны год юбілейны. Паўтары стагоддзя будзе, як прагучалі першыя стрэлы змагання за Вашу і нашу свабоду. І, як ні дзіўна, у нас на Беларусі не ўшанаваны практычна аніводзін аб’ект, звязаны з мінулай гераічнай старонкай нашай гісторыі. Нават мемарыял на месцы Мілавідскай бітвы не мае статуса помніка.

Памылкі трэба выпраўляць. Таму Таварыства аховы помнікаў пачынае распрацоўку і падачу ў Міністэрства культуры прапаноў на наданне статуса памятным месцам паўстання 1863 г. І першыя прапановы – па мемарыялу на месцы бітвы пад Мілавідамі, па магілах паўстанцаў у Косаве і Плябані.

Гэта пачатак. Далей таксама праца будзе ісці. І працу мы гэту выконваем і будзем выконваць у межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Ну а зараз самі прапановы.

 

Магіла паўстанцаў 1863 г.
Горад Косава Івацэвіцкага  р-на Брэсцкай вобл. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на тэрыторыі рыма-каталіцкіх могілак, побач з аўтадарогай Р44.Уласнік (уладальнік):  на тэрыторыі Косаўскага сельскага савета.

Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі (1863—1864) — паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай (якую разумелі як Польшча) у межах  1772 г.

Паўстанне падрыхтавана польскімі і беларуска-літоўскімі канспірацыйнымі арганізацыямі. Пачалося абвяшчэннем Маніфесту    Польскага нацыянальнага ўраду  10(22 студзеня) 1863 г., умоўнай датай канца лічыцца 1864 г.

Паўстанне 1863—1864 гг. выклікала вялікі грамадскі рэзананс у тагачаснай Расіі і, між іншым, прыцягнула ўвагу грамадства да Беларусі як да з’явы з гістарычнымі каранямі, адкрыла «беларускае пытанне» і зрабіла яго адной з найважнейшых тэм даследаванняў і публікацый у 1860—1870-я гг., стала вызначальным фактарам развіцця беларускай гістарыяграфіі гэтага перыяду.

Актыўныя баявыя дзеяенні вяліся на тэрыторыі Слонімскага павету Гродзенскай губерні, у тым ліку і ў ваколіцах Косава.  Парафіянамі мясцовага Свята-Троіцкага касцёла на рыма-каталіцкіх могілках пахаваны тры ўдзельніка паўстання, загінулыя ў сутычцы з расійскімі карнікамі – Лукашэвіч, Красінскі і невядомы інсургент.

У 1928 г. у гонар 10-годдзя адраджэння Польшчы на магіе ўсталяваны гранітны крыж на гранітным чатырохвугольным у плане двух’ярусным абеліску. Крыж па перыметры абнесены бетоннымі гранёнымі слупкамі з агароджай паміж імі ў выглядзе паралельна замацаваных папарна металічных трубаў.

 

Мемарыял на месцы Мілавідскай бітвы 1863 г. (Крыж, памятная капліца)
На 5 км. на захад ад цэтру в. Мілавіды, побач з в. Калпакі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на ўбочынах аўтадарогі  Р43.Уласнік (уладальнік) на тэрыторыі Мілавідскага с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай  вобл.

Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 – 1864 гг. пад Мілавідамі 22 мая (3 чэрвеня) 1863 г. аб’яднаныя сілы інсурґентаў, блізу 800 ваяроў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградскага і Гарадзенскага паветаў,  на чале з Францішкам Юндзілам, Ісідарам Лукашэвічам, Аляксандрам Лянкевічам, за агульным началам Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву расійскім карнікам і войскам імперыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу. Паводле афіцыйных зьвестак, расійцы згубілі 50 чалавек забітымі і параненымі. У гэтае бітве ў аддзеле А. Лянкевіча (Лягдара) змагаліся рэшткі Лідзкага аддзелу Людвіка Нарбута, і сярод іх — Францішак Багушэвіч і Міхал Андрыёлі.

У 1913 годзе расійскія ўлады ўсталявалі наўзбоч дарогі, што падзяляе поле бітвы, праваслаўны крыж загінуўшым царскім жаўнерам.

Крыж чыгуннага ліцця, шасціканцовы,  упрыгожаны стылізаваным раслінным арнаментам і промнямі. У верхнім перакрыжаванні надпіс кірыліцай “ІНЦІ”. Крыж усталяваны на мураваным абеліксу, які ў сваю чаргу стаіць на двухпрыступкавым пірамідальным аснаванні.  Тэрыторыя вакол мемарыяльнага крыжа абмежавана агароджай са зварных металаканструкцый.

У 1930 – 33 гг. да 70-гадавога юбілею паўстання польскі ўрад збудаваў насупраць крыжу мемарыяльную каплічку.

Вытрымана ў архітэктурных формах нэакласіцызму. На квадратным у плане цокалі ўсталяваны 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента. Завяршае капліцу паўсферычны купал з ажурным крыжам. У дэкоры выкарыстаны архітэктурныя заломы. Унутранная прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. У філёнках цокаля – памятныя надпісы. Тэрыторыя вакол капліцы  абмежавана гранёнымі нізкімі слупкамі і ланцугамі з чорнага металу паміж імі.

Магіла паўстанцаў 1863 г.
 Вёска Плябань Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. За 300 м. на паўднёвы захад ад вёскі на старых рыма-каталіцкіх могілках.Уласнік (уладальнік) на тэрыторыі Красненскага с/с Маладзечанскага  р-на Мінскай вобл.

Магіла размешчана у цэнтры старых рыма-каталіцкіх могілак, у канцы галоўнай могілкавай алеі.  Уяўляе сабой абмураваную камянём магільны перыметр з усталяваным Вялікім камянём-валуном. На валуне сляды табіцы, на якой быў памятны тэкст. За камянём усталяваны драўляны чатырохканцовы лвцінскі крыж.

У магіле пахаваныя кіраўнік паўстання 1863 г.  на Маладзечаншчыне й Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, а таксама – ягоныя аднадумцы й памочнікі – Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі й пятнаццацігадовы гімназіст Сулістроўскі. Свой апошні бой яны прынялі каля тутэйшае вёскі Свечкі супраць карнага аддзелу расійскіх войскаў 4 сакавіка 1863 году.

Бакшанскі Юльян нарадзіўся ў 1824 г. у маёнтку Тупальшчына пад Смаргонню ў сям’і шляхціца. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, удзельнічаў у тайных гуртках. За хаванне забароненай літаратуры ў 1841 г. арыштаваны і сасланы ў Разанскую губерню. У пачатку 1846 г. вярнуўся на радзіму. У 1847 г. зрабіў спробу ўзняць паўстаньне сялян, звярнуўся з адозвай «Да смаргонскіх сялян»!», у якой заклікаў аб’яднацца з гарадской беднатой і салдатамі, выступіць супраць паноў, чыноўнікаў і афіцэраў. План паўстання не ўдаўся. Ю. Бакшанскага арыштавалі і прыгаварылі да 12 гадоў катаргі, якую ён адбываў у Нерчынску да 1858 г. У 1863 г. арганізаваў у Вілейскім павеце паўстанцкі атрад (25 чалавек). 4.4.1863 г. атрад у сутычцы з урадавымі войскамі быў разбіты.

На магіле паўстанцаў у 1921 г. быў пастаўлены помнік. У кан. 80 – пач. 90-х гг. 20 ст. стары помнік быў заменены вялікім палявым валуном.

Антон Астаповіч, Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры