Ва ўрочышчы Борык, што ля мястэчка Гарадок на Падляшшы, з 12-га па 14-га ліпеня адбыўся чацвёрты Фестываль абуджаных TUTAKA. Колькасць наведнікаў сёлета была яшчэ большай, чым летась. Людзі прыязджалі на фэст не толькі з усёй Польшчы, але і з Літвы, Эстоніі, Чэхіі, Бельгіі, Грузіі і нават з Мексікі і ЗША. Чым адметны быў сёлетні фестываль, расказваем і паказваем у нашым фотарэпартажы.
Пачаўшыся ў 2021 годзе ў фармаце нешматлюднага турзлёту, Тутака паспела перарасці ў паўнавартасны фэст з трыма сцэнамі і некалькімі дзясяткамі актыўнасцяў у выглядзе майстар-класаў, лекцый, дыскусій, дзе кожны можа знайсці для сябе штосьці цікавае. Вялікая ўвага была надзена актыўнасцям для дзяцей: аквагрым, тэатр лялек «Батлейка +», казкі ад Маляваныча, спектаклі і інш.
МК па маляванні беларускіх нячысцікаў з Таццянай Калач
Батлейка
Грыль-зона, гамакі, лежакі і нават мабільная лазня з масажам у асобным намёце — арганізатары прадугледзелі самыя розныя магчымасці для адпачынку гасцей фестывалю. Надвор’е было гарачым з перапынкамі на дождж і не шкадавала нават тэхнікі. Так, напрыклад, у нашай карэспандэнткі на другі дзень праз спёку адмовіўся працаваць фотаапарат, а падчас выступу гурта B:N адключылася апаратура. Аднак фронтмэн гурта Алесь Лютыч не разгубіўся і хутка арганізаваў натоўп на харавыя спевы песень, якія ведае кожны.
Выступ гурта B:N
Прыемная неспадзяванка
Сапраўдным прыемным сюрпрызам і вішанькай на торце стаў выступ культавага гурта «Крама» ў скарочаным складзе. Пасля віленскага канцэрта па дарозе ў Варшаву хлопцы вырашылі завітаць на Тутаку. Непрацяглы канцэрт на маленькай сцэне ад Беластоцкага музычнага клуба суправаджаўся цёпла-лямпавай атмасферай пад неўміручыя хіты «Бяжы хлопец», «Падае дождж», «Хавайся ў бульбу». Натоўп не адпускаў музыкаў, якія былі вымушаны неаднаразова выходзіць «на біс».
Выступ гурта Крама
Аншлаг на адукацыйных мерапрыемствах
Адметнасцю фестывалю стала багатая адукацыйная праграма. Многія лекцыі і майстар-класы збіралі аншлаг, так што месца ў намёце на ўсіх не хапала, і людзі стаялі побач.
Напрыклад, Аляксандар Ждановіч, якога мы ведаем з дзяцінства як Маляваныча, правёў фанетычны майстар-клас для дарослай аўдыторыі і шмат распавядаў пра важнасць правільнага вымаўлення як адметнай рысы кожнага народа.
Аляксандр Ждановіч
Тэатральныя гульні з Маляванычам
Журналіст, галоўны музычны міністр з «Міністэрства Сепультуры» Аляксандар Чарнуха не толькі распавядаў пра вядомых ва ўсім свеце беларускіх музыкаў у стылях фонк і метал, але і даваў магчымасць паслухаць іх і ацаніць слухачам лекцыі на свой густ.
Аляксандар Чарнуха
Аляксандр паразважаў таксама, чаму цяпер у Беларусі ўсё кепска з рокам і металам:
«Экстрэмальная музыка заўсёды — выклік грамадству. Прыкладам з’яўляецца беларускі рок як адказ на тое, што адбывалася напачатку 90-х. На жаль, у выніку многіх з музыкаў забаранілі. І калі ты не маеш выхаду на слухача, то ты знікаеш. Але добра, што дагэтуль існуюць такія гурты, як «Крама» і мы маем магчымасць перадачы музычнага досведу».
Кожны дзень адбываўся майстар-клас па пляценні саламяных павукоў, дзе паралельна людзі маглі падпісаць паштоўкі палітзняволеным і стварыць сабе свайго ўласнага павука.
Пляценне павукоў
«Прымерка гісторыі» ад Кацярыны Ваданосавай
Спявачка і тэлевядоўца, заснавальніца школы «Традыцыйнага строю» Кацярына Ваданосава правяла прыгожы і вельмі змястоўны майстар-клас «Прымерым гісторыю».
Кацярына Ваданосава
На прыкладзе жывых мадэляў Кацярына паказвала ўсе элементы строяў за розныя часы, распавяла пра асаблівасці тканінаў, розныя элементы, характэрныя для таго ці іншага перыяду. Так удзельнікі майстар-класа змаглі пабачыць прыкладны строй, у якім мог уцякаць са свайго затачэння Вітаўт, а таксама даведаліся, як праз адзенне і аксесуары ў выглядзе жалезных ланцугоў замест бранзалетаў самавыражаліся жанчыны часоў паўстання 1863 года.
Галоўная сцэна Тутакі
Адкрыццё галоўнай сцэны фестывалю
Увечары другога дня адбылося ўрачыстае адкрыццё галоўнай сцэны фестывалю, дзе спачатку была невялікая афіцыйная частка, якую распачаў галоўны арганізатар Павел Станкевіч, а пасля з прамовамі выступалі Святлана Ціханоўская, сакратарка Рады БНР Паліна Прысмакова, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і вялікая колькасць прадстаўнікоў мясцовай улады, якія казалі пра важнасць яднання і прасоўвання беларускай культуры.
Святлана Ціханоўская
Пэўна, самым чаканым гуртом сёлетняга фэсту, які сабраў найбольш гледачоў, быў гурт «РСП».
Выступ «РСП»
На завяршэнне суботняга канцэрту выступілі два цікавыя праекты на сумесі электроннай музыкі і беларускіх спеваў. Першы праект — эксперыментальны дуэт KOOB & Sw@da — нарадзіўся адмыслова да фестывалю і ўпершыню выступіў на сцэне. Размова пра беларускую спявачку Валерыю Дэле (KOOB), якая цяпер жыве ў Нямеччыне, і польскага музычнага прадзюсара з калумбійскімі каранямі Sw@da. Другі праект — усё той жа Sw@da і беларуска Ніка Юрчук, якая выступае пад псеўданімам Nichos і спявае на падляскім дыялекце. Імаверна, ужо вядомы многім беларусам Польшчы праект Sw@da & Nichos стаў прыемным адкрыццём для многіх наведвальнікаў фестывалю.
Выступ Sw@da & KOOB
Выступ Sw@da & Nichos
У гэтыя дні таксама парадавалі якаснай музыкай гурты Luty Sakavik, Syndrom Samazvanca, Karlen & Co, SOŽ і іншыя.
Luty Sakavik
Аляксандр Памідораў
Сіндром Самазванца
На развітанне
Трэці дзень фестывалю — дзень, калі тыя, хто прыехаў здалёк пачынаюць збірацца. Намётавае мястэчка ТАМАКА імкліва пусцее. Але ўдзельнікаў на фестывальных актыўнасцях па-ранейшаму шмат.
Поўны намёт сабраў Уладзімір Арлоў, чытаючы сваё эсэ «Незалежнасць — гэта...».
Уладзімір Арлоў
Зусім побач Маляваныч гуляе з дзецьмі, а вось Марыя Грыц раскрывае беларусам традыцыйны рэцэпт прыгатавання крупніку.
Марыя Грыц
Становіцца крыху сумна, бо трэба з’язджаць, а хочацца, каб гэтае свята яднання са сваімі працягвалася і надалей. Але ж мы самі чыннікі таго, што беларуская культура жыве і развіваецца. То працягнем яе несці свету і пабачымся на наступным фестывалі праз год.
Фота: Дар’я Роскач, Budzma.org
Тэкст: Глеб Сандрас, Дар’я Роскач