Як на беларускіх землях прыватныя грошы і асабістая воля стваралі школы, друкарні, музэі і нават саму ідэю Беларусі. Тысяча гадоў руплівага клопату пра Бацькаўшчыну.
Эўфрасіньня Полацкая
У беларускай гісторыі мецэнацтва было перадусім спосабам нешта ўратаваць, заснаваць або запусьціць — насуперак абставінам.
На нашых землях занадта часта не было стабільнай нацыянальнай дзяржавы, якая сыстэмна фінансавала б адукацыю, друк, культуру ці гістарычную памяць. Таму тое, што ў іншых краінах рабілі каралі і міністэрствы, тут часта бралі на сябе манахі, магнаты, археолягі — і нават асобныя арыстакраткі, якія падтрымлівалі «непэрспэктыўную» мову, піша «Новы Час».
Звычайна, калі мы ўяўляем сабе мецэната, дык бачым багатага сьвецкага чалавека, які фундаваў касьцёл, друкарню ці мастацкі праект. Але адна з самых раньніх і наймагутных гісторый беларускага фундатэрства выглядае крыху інакш. Эўфрасіньня Полацкая, князёўна Прадслава, у XII стагодзьдзі зрабіла тое, што сёньня мы назвалі б стварэньнем культурнай і адукацыйнай інфраструктуры.
Дасьледчыкі апісваюць яе як асьветніцу і апякунку мастацтваў і рамёстваў, і яе дзейнасьць не зводзілася да асабістай пабожнасьці.
Паводле жыцьця сьвятой і пазьнейшай традыцыі, Эўфрасіньня арганізавала ў манастыры бібліятэку, займалася перапісваньнем кнігаў, а каля 1128 году заснавала жаночы манастыр каля Полацку, пры якім адчыніла школу для дзяўчатаў. Там вучылі чытаньню і пісьму, сьпевам, перапісваньню кнігаў, шыцьцю, іншым рамёствам. На беларускіх землях XII стагодзьдзя гэта стала інвэстыцыяй у веды.
Яшчэ больш паказальна, што Эўфрасіньня думала катэгорыямі працяглага часу. Яна фундавала храмы, у тым ліку Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку, якая захавалася да нашых дзён і лічыцца адным з найбольш каштоўных помнікаў раньняй архітэктуры на беларускіх землях.
Яна таксама замовіла знакаміты крыж майстру Лазару Богшу, твор, які ўрэшце стаў адным з галоўных сымбаляў беларускай культуры.
Мікалай Радзівіл Чорны
Род Радзівілаў спрычыніўся да мецэнацтва вялікага маштабу, якое стварае цэлыя сыстэмы. Найперш тут вядзецца, вядома, пра сыстэму друку. У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў друкарню ў Берасьці — першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Менавіта там у 1563 годзе выйшла Берасьцейская Біблія, на якую, паводле афіцыйных апісаньняў, былі выдаткаваныя фантастычныя 10 тысячаў дукатаў. Гэта стала дэманстрацыяй таго, што друкаванае слова вартае гіганцкіх інвэстыцыяў.
У Нясьвіжы гэта атрымала яшчэ большы размах. ЮНЭСКА наўпрост называе Радзівілаў дынастыяй, дзякуючы якой Нясьвіж зрабіўся месцам вялікага ўплыву на навуку, мастацтва, рамёствы і архітэктуру ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.
Там, пад патранатам Радзівілаў, існавала друкарня, зьвязаная з дзейнасьцю Сымона Буднага. У XVI стагодзьдзі ў Нясьвіжы друкаваліся кнігі, якія былі часткай рэфарматарскай, інтэлектуальнай і моўнай рэвалюцыі на землях Вялікага Княства Літоўскага.
У Нясьвіж Радзівілы запрашалі архітэктараў, мастакоў, рамесьнікаў з розных краінаў і фактычна стварылі новы культурны вузел, дзе заходнія ідэі перакладаліся на мясцовую беларускую глебу.
Галоўны вынік радзівілаўскага мецэнацтва стаўся ў тым, што яны маштабавалі культуру. Таму Радзівілаў з чыстым сумленьнем трэба разглядаць ня толькі як багатых фундатараў, але як людзей, якія ператварылі прыватны капітал у машыну культурнага ўплыву.
І тут варта зрабіць істотную заўвагу. Мецэнацтва Радзівілаў не было бескарысьлівым у сучасным сэнсе. Яно служыла і прэстыжу роду, і канфэсійнай палітыцы, і самапрэзэнтацыі. Але менавіта так і працавала вялікае мецэнацтва ў Эўропе раньняга Новага часу.

Яўстафі Тышкевіч
У XIX стагодзьдзі мецэнацтва на беларускіх землях зьмяняе форму. Пасьля акупацыі нашай зямлі расейцамі мецэнацтва выглядала, бадай што, як спроба сабраць мінулае, пакуль яго не раскралі, не разьнесьлі па прыватных кабінэтах і не перапісалі пад патрэбы імпэрыі.
У гэтым сэнсе Яўстафі Тышкевіч зьяўляецца асобай прынцыповага значэньня. Менавіта ён у 1855 годзе заснаваў у Вільні Музэй старажытнасьцяў, які дасьледчыкі Віленскага ўнівэрсытэту называюць першым публічным музэем на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Асабліва ўражвае, што Тышкевіч ператварыў прыватнае зьбіральніцтва ў грамадзкі інстытут. Ён перадаў музэю каля 3 тысячаў кнігаў, каля 2 тысячаў археалягічных прадметаў, і ўжо за два гады калекцыя вырасла да 10 тысячаў экспанатаў.
Музэй папаўняўся матэрыяламі з розных гарадоў і мястэчак, у тым ліку зь Менску, Магілёву, Віцебску, Воршы, Наваградку, Крэва, Ліды, Пінску, Браслава, Паставаў. Інакш кажучы, гэта была спроба сабраць у адным месцы раскіданыя фрагмэнты супольнай гісторыі.
Тышкевіч істотны ня толькі як калекцыянэр, але як чалавек, які зразумеў і палітычны сэнс музэю. Музэй стаўся месцам, дзе грамадзтва вучыцца бачыць сябе супольнасьцю з уласнай мінуўшчынай, і ўжо ніяк не выпадковым насельніцтвам правінцыі.
Таму пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863 году музэй так лёгка і так жорстка трапіў пад удар русіфікацыйнай палітыкі. Частку калекцыяў вывезьлі ў Маскву, а саму інстытуцыю перафарматавалі. Той факт, што расейская імпэрская ўлада палічыла неабходным разьбіраць гэты праект, сам па сабе сьведчыць, наколькі моцным ён быў.
Магдалена Радзівіл
На пачатку XX стагодзьдзя беларускае мецэнацтва зноў зьмяняе сваю функцыю. Калі раней яно ўмацоўвала веру, веды, друк і памяць, дык цяпер мусіла дапамагчы нараджэньню самой сучаснай беларускай нацыі. І тут адной з цэнтральных фігураў зьяўляецца Магдалена Радзівіл.
Яна падтрымлівала беларускіх каталіцкіх актывістаў і фінансавала выданьне газэтаў. Тут трэба асобна зразумець маштаб. Паводле працы Аляксандра Быстрыка, паміж 1863 і 1900 гадамі ў Расейскай імпэрыі выйшла толькі 9 невялікіх кнігаў па-беларуску, у 1906–1915 гадах было ўжо каля 80 выданьняў агульным накладам прыкладна 220 тысячаў асобнікаў.
Гэты скачок адбыўся не сам сабою. Ён адбываўся там, дзе зьяўляліся выдавецкія колы, газэты, літаратурныя асяродкі і людзі, гатовыя плаціць за беларускую мову. Магдалена Радзівіл якраз і была такой фігурай.
Дасьледчыкі зьвязваюць зь яе падтрымкай шэраг газэтаў, выдавецкія ініцыятывы, беларускія школкі і знакаміты «Вянок» Максіма Багдановіча. Для гісторыі гэта азначала, што старая арыстакратыя ў асобе Магдалены Радзівіл у нейкі момант зрабіла стаўку не на імпэрскую ляяльнасьць і не на чыста саслоўны прэстыж, а на беларускую мову і беларускі праэкт. Менавіта такія выбары і становяцца гістарычнымі.
У гісторыі Магдалены Радзівіл асабліва хвалявальным момантам паўстае тое, што яна фінансавала не «бясьпечную» культуру, ужо прызнаную і легітымную, а культуру, якая яшчэ толькі намацвала сабе права на існаваньне. Яна падтрымлівала мову, якую шмат хто ў эліце ўсё яшчэ ўспрымаў як мову сялянаў, друк, які лёгка было палічыць маргінальным, і кола людзей, што толькі пачыналі фармуляваць беларускую нацыянальную ідэю.
Мецэнацтва стала ўрэшце адным з мэханізмаў гістарычнага выжываньня. Праз стагодзьдзі яно дапамагала беларусам навучацца, чытаць, памятаць, друкавацца і, урэшце, называць сябе саміх.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.