
— Усведамленне ў мяне прыйшло на пачатку 1980-х, калі я вучыўся ў чацьвертым ці пятым класе. У нас былі два вучні — дзеці вайскоўцаў. Дагэтуль мы неяк на гэта не звярталі ўвагі. Але калі прыйшла пара вывучаць родную мову, іх нечакана для нас вызвалілі ад вывучэння беларускай мовы: пачалі адпускаць з урока. І пакуль мы вучыліся дзекаць і цекаць, гэтыя халяўшчыкі лёталі на магазін па “калеўскую” жуйку і пілі малочныя кактэйлі. За гэта іх пачаў ненавідзець увесь клас. Вось так мы і ўсвядомілі, што ёсць беларусы, а ёсць дзеці вайскоўцаў.
Быць беларусам вельмі важна. Гэтак жа сама важна як быць індзейцам або неграм. Адпаведна быць беларусам — гэта дзекаць, цекаць, вымаўляць цвёрда “р” і “ч”, і пры гэтым адчуваць сябе абсалютна камфортна.
Я вучыўся ў старэйшых класах у 1989-91 г.г., калі ўсё ў краіне (СССР) віравала. Я быў ужо зацятым незалежнікам-антысаветчыкам. Памятаю як у 10-м класе за падобную прапаганду мне пастаянна ставілі “неуд” за паводзіны, а ў 11-м класе — “выдатна”, і нават даручылі весці палітінфармацыю. Вось так я зразумеў, што навакольны свет можа прагінацца пад нас, не гледзячы на выразнае аканне і яканне.
Паўлюк Канавальчык, відэа-эксперыментатар.